28 сакавiка 2024, Чацвер, 22:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

IТ-адмыслоўцы: Не ўпэўненыя, што ў Лукашэнкі хопіць мазгоў

41
IТ-адмыслоўцы: Не ўпэўненыя, што ў Лукашэнкі хопіць мазгоў

Да дэкрэта пра «айцішнiкаў» эксперты паставіліся скептычна.

Учора СМІ паведамілі, што рыхтуецца ўказ прэзыдэнта Беларусі аб спрашчэнні працы Парку высокіх тэхналогіяў. Паведамлялася, што дэкрэт павінен ператварыць Беларусь у «айцішны Ганконг для славянскага свету».

Новаўвядзенні сайту Charter97.org на ўмовах ананімнасці пракаментаваў кіраўнік адной з менскіх кампаній-чальцоў ПВТ:

– Трыццаць з лішнім гадоў таму Дэн Сяапін прапанаваў знакамітую формулу "адна краіна – дзве сістэмы": у адной дзяржаве могуць суіснаваць капіталізм Тайваня і Ганконга і сацыялізм мацерыковага Кітая. Лукашэнка пастанавіў паспрабаваць сябе ў аналагічнай ролі, выбраўшы сваім Ганконгам Парк высокіх тэхналогіяў – што вынікае з навінаў пра праект дэкрэта аб ПВТ, які цяпер праходзіць узгадненні ў дзяржорганах.

Афіцыйны тэкст праекту пакуль не апублікаваны, але некалькі сур'ёзных сайтаў і знакавых персонаў беларускага IT апублікавалі дайджэсты з зместам ягоных прапановаў, з якіх відаць, што падрыхтоўкай займаліся цалкам кампетэнтныя людзі з IT-галіны (асабіста я думаю, што ўдзельнічаў як мінімум Віктар Пракапеня, цалкам імаверна, што і браты Гурскія) і што патрапілі ў яго сапраўды сур'ёзныя рэчы.

Разгледзім асноўныя прапановы ў пунктах:

1. Значнае пашырэнне дапушчальных у ПВТ відаў дзейнасці і, адпаведна, колькасці патэнцыйных рэзідэнтаў. Гэта значыць, што ўвайсці змогуць не толькі практычна любыя IT-кампаніі (раней былі нюансы), але і кампаніі неайцішнага хай-тэку (што дазволіць патрапіць на "востраў" сотням, а пасля можа быць і тысячам інжынераў непраграмісцкіх спецыяльнасцяў і навукоўцаў), а таксама, што вельмі важна, інвестфонды – ёсць шанцы, што гэта дапаможа захаваць у краіне прынамсі некаторыя з стартапаў, якія растуць, як грыбы пасля дажджу, у многіх з якіх цяпер асноўны шлях развіцця – пошук інвестараў або інкубатараў і пераезд усёй камандай за мяжу.

2. Адмена для чальцоў ПВТ субсідыярнай адказнасці пры банкруцтве. Адна з самых вар'яцкіх беларускіх нормаў, праз якую любы бізнэс тут можна весці, толькі рызыкуючы ўсёй сваёй маёмасцю, нават калі ты не мэнэджар, а ўсяго толькі мінарытарны ўласнік. Выдатна, калі скасуюць для ПВТ, але жудасна, што не скасоўваюць зусім.

3. Спрашчэнне або адмена валютнага кантролю. Гаворка ідзе пра зніжэнне для кампаній рызыкаў, звязаных з нацыянальнай беларускай забавай – дэвальвацыя і множныя курсы.

4. Спрашчэнне атрымання віду на жыхарства IT-імігрантамі, а таксама стартап-візаў. У прынцыпе, спецыялісты з Украіны і Расеі і цяпер пераязджаюць сюды без асаблівых праблемаў, тым не менш, любое спрашчэнне бюракратычных працэдураў можна толькі вітаць – гэта сігнал суседзям аб тым, што нашы дзверы адчыненыя.

5. Асобныя інстытуты ангельскага права – напрыклад, датычныя акцыяў і апцыёнаў. Цяпер кампаніі, якія хочуць прапанаваць сваім супрацоўнікам апцыёны, вымушаныя адкрываць фронт-офісы ў іншых краінах (Вялікая Брытанія, ЗША).

6. Магчымасць заключаць дамовы пра неканкурэнцыю з супрацоўнікамі. Пад неканкурэнцыяй часцей за ўсё разумеюць забарону на працу з прамымі канкурэнтамі працадаўцы цягам некаторага часу – у выпадках, калі супрацоўнік можа "забраць з сабой" каштоўныя ідэі і веды. Сярод саміх айцішнікаў стаўленне да такіх пагадненняў часцей негатыўнае (а ў розных краінах і нават штатах ЗША рэгулюецца па-рознаму – у Каліфорніі, скажам, гэта забаронена), але для некаторых кампаніяў магчымасць падобных пагадненняў – дадатковы аргумент за.

7. Змякчэнне патрабаванняў да бухгалтарскай дакументацыі. Асабліва карысна для дробных прадпрыемстваў, пачаткоўцаў – знізіць парог уваходу.

8. Легалізацыя дзейнасці, звязанай з блокчэйнам і крыптавалютамі. Блокчэйн-тэхналогіі моцна зменяць свет у найбліжэйшыя 5–10 гадоў, сумненняў у гэтым ужо няма. Унікальнасць сітуацыі з імі (у адрозненне, скажам, ад тэхналогіяў, звязаных са штучным інтэлектам) у тым, што асноўны бар'ер на шляху іхняга ўкаранення – заканадаўчае рэгуляванне ў розных краінах, якія баяцца выпусціць кантроль і выпусціць джына з бутэлькі. На гэты момант выхад з шэрай зоны і легалізацыя па ўсім свеце толькі пачынаецца (наперадзе – Японія, Швэйцарыя, Паўднёвая Карэя), ускочыць у цягнік і атрымаць свой кавалак пірага зусім не позна. А пірог – вялікі і вельмі смачны.

9. Заканадаўчая база для распрацоўкі тэхналогіяў, звязаных з беспілотнымі аўтамабілямі. Гэта ліст для канкрэтных адрасатаў – Gett і Uber. Абедзве кампаніі намякалі на магчымасць адкрыцця ў Беларусі цэнтраў распрацовак (у Gett пасля нядаўняга набыцця Juno база ў Менску ўжо прысутнічае).

Што ў сухім астатку?

У сухім астатку паводле праекту мы атрымліваем выспу здаровага сэнсу і законнасці, якая будзе весела плаваць у смуродным балоце рынкавага сацыялізму. Лукашэнку патрэбныя грошы і хоць нейкія поспехі, Янчэўскаму трэба прадэманстраваць Лукашэнку, што ён нашмат круцейшы за нядаўна звольненага Цапкалу, айцішнікам трэба ўсё, што названа вышэй. Супала ўдала і сапраўды можа прынесці добрыя вынікі – больш кампаніяў, больш людзей, задзейнічаных у ледзь не адзінай у Беларусі сферы, якая дае магчымасць годнага існавання, адпаведна і прыток хоць нейкіх дадатковых грошай у спадарожныя галіны – адукацыю, медыцыну, сферу паслуг.

Ці будзе гэта працаваць?

Калі ва ўладаў хопіць мазгоў і сілы волі не выкапаць і не злопаць з галадухі пасаджаную бульбу.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках