29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Усё, што зарабляю – аддаю ўнукам»

13
«Усё, што зарабляю – аддаю ўнукам»

Жыхарка Баранавічаў распавяла, як выжывае на чарніцах.

63-гадовая Тамара Хвайніцкая, якая штодня ездзіць у лес у ягады, а потым прадае іх на рынку, – пра тое, колькі часу ў яе сыходзіць, каб сабраць літр чарніцаў, чаму ў лесе не размаўляе з іншымі зборшчыкамі ягадаў, каму можа знізіць кошт і на што выдаткоўвае заробленыя грошы, піша intex-press.by.

Пра збор ягадаў

Ягады я збіраю з дзяцінства: у лес мяне з сабой брала мама. Ужо тады збор ягадаў для мяне быў спосабам зарабіць сабе на школьныя падручнікі: у мой час кнігі не выдавалі, іх трэба было набываць.

Калі працавала, таксама ездзіла ў лес ягады збіраць, каб потым прадаць. Сын універсітэт скончыў, і я на ягадах старалася яму на вучобу зарабіць. Таму і адпачынак заўсёды імкнулася летам узяць. Прадаваць ніколі не саромелася: я ж ягады прадаю, а не краду.

Зрэшты, збор ягадаў прыносіць мне задавальненне. Ды і ад гарадской мітусні ў лесе адпачываеш. Я кожны год чакаю лета, каб у ягады паехаць. Спачатку езджу ў суніцы, потым у чарніцы. Люблю збіраць ягады, але і грошы не перашкодзяць. Хоць у лес езджу не ад вялікай патрэбы. Пенсія ў мяне 250 рублёў – пражыць можна.

Шмат чарніцаў не збіраю – 5-6 літраў. На тое, каб сабраць літр, ідзе прыкладна гадзіна. Хоць гэта залежыць ад таго, як на ягады нарвешся. Бывае, бегаеш па лесе і ягадаў няма, а часам выйдзеш на паляну – і адразу паўвядзерца збярэш.

Чарніцы збіраць не складана. Але сёлета іх менш, чым летась. Калі ягаднік цвіў, трапіў пад мароз, таму ягады цяпер ёсць месцамі. А вось летась чарніцаў у лесе было багата і збіраліся яны лёгка.

Некаторыя збіраюць чарніцы камбайнамі, збіваюць іх, пасля гэтага ягады мятыя. Я ўсё жыццё збіраю рукамі, не ўмею камбайнам. Да таго ж ён з лісцем грабе, а я люблю, каб ягады чыстыя былі.

Пра паездкі ў лес

У лес я ніколі не езджу адна: ці мала што можа здарыцца. Бяру з сабой суседку або сяброўку. Сядаем на ровары і едзем. Лес, дзе збіраем, заўсёды адзін і той жа – за вёскай Волахва. У народзе яго называюць Клінаў.

Я ўжо добра вывучыла гэты лес, ведаю, дзе чарнічныя ягаднікі, дзе сунічныя паляны.

Бывае, едзем з раніцы – а 5-й. Калі хутка назбіраю ягадаў вядзерца, дык у той самы дзень вязу іх прадаваць на рынак, у будні гандаль там пазней пачынаецца. Бывае, еду ў лес пасля абеду – калі вярнуся з рынку, дзе прадаю ягады, сабраныя напярэдадні.

Збіраючыся ў лес, заўсёды з сабой бяру таблеткі, ваду, вядро і невялікі слоічак, куды збіраю ягады. А вось ежу ніколі не бяру – не да перакусаў, я ж справай прыехала займацца. З гэтай жа прычыны падчас збору ягадаў мы з спадарожнікамі не размаўляем.

Пра гандаль і кошт

Сабраныя ягады проста на рынку правяраюць супрацоўнікі санстанцыі – неправераныя ягады прадаваць нельга. Даведка, што ягады праверылі і яны "чыстыя", каштуе 1 рубель. За месца на рынку таксама трэба заплаціць: мне, як пенсіянерцы, – 70 капеек. Месцы за намі не замацоўваюць: прыходзіш і займаеш вольнае. Але прыйсці трэба з раніцы крыху раней, потым месцаў можа і не быць. А гандляваць з зямлі ягадамі не дазваляюць.

Выстаўляючы кошт, я і іншыя гандляры ягадамі арыентуемся на леташні кошт. Бо заробкі і пенсіі за гэты час амаль не змяніліся. Летась я паўлітровы слоічак за 20 тысячаў «старымі» прадавала, сёння – за 2 рублі.

Пакупнікі, асабліва моладзь, на кошт асабліва не скардзяцца, нават спачуваюць, што ягады збіраць складана. А некаторыя наракаюць, што дорага. Я такім кажу: «Так, дарагавата, але ў лесе ягады бясплатныя. Паедзем са мной у лес і колькі заўгодна назбіраць зможаце». Бывае, што саступаю кошт – звычайна цяжарным жанчынам або пажылым.

На рынку ягадаў не валам, але канкурэнцыя ёсць. Мы з іншымі прадаўцамі ніколі не лаемся. Наадварот, дамаўляемся, за колькі прадаваць будзем.

Ідуць ягады не заўсёды добра. Калі гандляроў ягадаў на рынку шмат, то давядзецца пастаяць. Бывала, што з 8-й да 13-й стаяла. Але з ягадамі ніколі з рынку не сыходзіла. А бываюць дні, калі ягадаў менш – тады і прадаць іх лягчэй.

Лепш за ўсё гандаль ідзе ў выходныя дні – людзей шмат па рынку ходзіць. Яшчэ я заўважыла, што добра ідзе гандаль, калі пенсію выдаюць. Тады адразу пажылыя людзі прыходзяць: хто слоічак, хто два набудзе.

Галоўная прыкмета на рынку: калі мужчына першы набудзе, то гандаль будзе ўдалым. У гэтую прыкмету я веру. Але бывае, што і жанчына з «лёгкай» рукой набывае, і ягады таксама хутка распрадаюцца.

Чарніцы нарыхтоўшчыкам я ніколі не здаю. І справа не ў кошце. Збіраю ж няшмат – столькі, колькі змагу прадаць.

Пра заробленыя грошы

Чарніцаў я збіраю не так шмат, каб на іх разбагацець. У мяне чатыры ўнукі. І амаль усе грошы, што я зарабляю на зборы ягадаў, адкладаю, каб ім на дні нараджэння набыць добрыя падарункі ці проста грошыкі даць.

Частку «ягадных» грошай, вядома ж, выдаткоўваю і на сябе: прадукты набываю, пешчу сябе чым-небудзь смачненькім – цукеркамі, печывам.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках