23 красавiка 2024, aўторак, 15:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Джон Маккейн: Беларусы заслугоўваюць большага

5
Джон Маккейн: Беларусы заслугоўваюць большага

Cамыя вядомыя выказванні амерыканскага сенатара пра Беларусь.

Як паведамляюць амерыканскія СМІ, вядомы сенатар Джон Маккейн перанёс складаную аперацыю для выдалення 5-сантыметровай пухліны мозгу. Раней у яго выявілі гліябластому – адзін з самых агрэсіўных відаў раку.

«Салідарнасць» узгадвае моманты, якія звязваюць амерыканскага палітыка з Беларуссю, а таксама выказванні, у якіх ён падтрымліваў беларусаў і крытыкаваў палітыку Аляксандра Лукашэнкі.

Неўязны ў Беларусь

Маккейн, пачынаючы з канца 90-х, з'яўляўся актыўным праціўнікам кіраўніка Беларусі – палітык заўсёды быў памежна шчыры і называў рэчы сваімі імёнамі. За гэта ён неўзабаве трапіў у чорны спіс беларускіх уладаў. Але не спыніў крытыкаваць беларускага кіраўніка.

– Я планаваў прыехаць у Беларусь, мы спадзяваліся правесці некалькі сустрэчаў, уключаючы сустрэчу з прэзідэнтам. Праз боязь, што мы будзем крытыкаваць ягоную таталітарную ўладу, спадар Лукашэнка адмовіў нам у візах... Дыктатар адчувае сябе настолькі няўпэўнена, што просты візіт выбарных асобаў уяўляецца яму пагрозай, – заявіў тады Маккейн.

Выступіў супраць разгону акцыі 25 сакавіка

Амерыканскі сенатар да апошняга часу актыўна сачыў за падзеямі, якія адбываюцца ў Беларусі. Сярод іншага, ён раскрытыкаваў сілавы разгон акцыі пратэсту, якая павінна была адбыцца ў Менску 25 сакавіка.

– Масавыя дэманстрацыі, якія праходзяць сёння ў Менску, з'яўляюцца яскравай праявай дэмакратычных памкненняў беларускага народа. Цягам апошніх тыдняў тысячы беларусаў, нягледзячы на рэпрэсіі і гвалт, выходзілі на дэманстрацыі ў абарону сваёй чалавечай годнасці з патрабаваннем справаздачнасці ад уладаў. Іхняя самаадданасць натхняе, – заявіў Маккейн.

Адказ з боку Лукашэнкі

Кіраўнік Беларусі таксама не прамінуў адказаць на крытыку амерыканскага сенатара. Напрыклад, так Лукашэнка адрэагаваў на выказванні Маккейна пра сілавы разгон вясновай акцыі:

– Сёння мне прыйшоў ліст ад групы кангрэсмэнаў Злучаных Штатаў, у тым ліку там і вядомы персанаж Маккейн, які дэмакратыю ў Беларусі шукае, што мы тут некага затрымалі, і гэтак далей, і таму падобнае, – заявіў у красавіку кіраўнік Беларусі. – Я яму пішу адказ: няхай яны паглядзяць на дэмакратыю ў заходніх краінах – зусім нядаўна і бамбілі, і труцілі, і слезацечны газ, і вадамёты, і дубіны – і ў Брусэлі, і ў Лондане, і ў Парыжы, і ў Нямеччыне.

Зычыў лепшай будучыні беларусам

Сенатар Джон Маккейн часта выказваў павагу да беларускага народа. І нават заяўляў пра тое, што Беларусь, у выпадку дэмакратызацыі, мае добрыя перспектывы сяброўства ў ЕЗ і NATO:

– Мы чуем, што паміж Пуціным і Лукашэнкам разлад, што яны не любяць адзін аднаго і не супрацоўнічаюць у тым памеры, як гэта было раней. Я, вядома, тут не самы кампетэнтны, але думаю, што беларусы заслугоўваюць большага, чым тое, што маюць сёння...

Беларускі народ варты свабоды, якая дасць магчымасць вызначыць сваю будучыню.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках