19 красавiка 2024, Пятніца, 4:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як жыхарка Мазыра трапіла ў «пенсійную пастку»

8
Як жыхарка Мазыра трапіла ў «пенсійную пастку»
ФОТА: TUT.BY

Пра тое, што 56-гадовая Галіна Фомчанка з Мазыра не атрымлівае працоўную пенсію, ведаюць толькі яе блізкія.

Нават ад суседзяў з дому Галіна Фомчанка гэтую інфармацыю хавае. «Сорамна каму сказаць», - прызнаецца жанчына. Галіна - адная з тых, хто трапіў у так званую пастку страхавога стажу. Указ №233 «Аб пенсійным забеспячэнні асобных катэгорый грамадзян», прыняты 29 чэрвеня, ніяк не паўплываў на яе сітуацыю: да яго Галіне бракавала страхавога стажу, а цяпер не стае працоўнага, піша tut.by.

«І не дармаедка, і не жлукта, а як атрымалася»

Галіна Фомчанка пра тое, што застаецца без працоўнай пенсіі, даведалася ў 2014 годзе, калі ўказ №570 павялічыў патрэбны страхавы стаж з 10 да 15 гадоў ужо з 1 студзеня 2015 года. Страхавы стаж Галіны на той момант складаў 13 гадоў, агульны - блізу 20.

- Пасля школы я вучылася ў будаўнічай вучэльні, на плітачніка-абліцоўшчыка. Два гады прапрацавала, выйшла замуж, - успамінае Галіна. - У 1979 году нарадзіла дзіця, год правяла ў дэкрэце. Потым муж не дазволіў на будоўлю вяртацца: шмат выпраў, а каму дзіця глядзець? Муж сам дапазна працаваў, а бацькі жылі за 200 км ад мяне. Калі сына ўзялі ў садок, пайшла на мэблевую фабрыку. Прапрацавала там амаль 4 гады. У 1985 годзе пайшла ў другі дэкрэт. Тады ў адпачынку для догляду дзіцяці можна было правесці 1,5 года. Але садка ад фабрыкі таксама не давалі, так што пасля заканчэння дэкрэта давялося звольніцца. Калі сыну споўнілася 2,5 года, каб яго ўзялі ў сад, я ўладкавалася туды нянечкай.

У дзіцячым садку Галіна прапрацавала 5 гадоў. Гэта былі 90-я, пачаліся скарачэнні, і жанчына перавялася прыбіральшчыцай у басейн. Звольнілася праз 4 гады.

- Тады муж стаў зарабляць, сказаў: сядзі, дзяцей глядзі. Вось і сядзела: гатаванне, прыбіранне. На ўтрыманні мужа, як той казаў. Стажу для пенсіі ставала, а хто ж ведаў, што такі ўказ прымуць?

З 2012 да 2015 год Галіна даглядала сваяка-інваліда. Цяпер працу не можа знайсці праз стан здароўя: перанесла некалькі аперацый.

- Фізічна працаваць не магу ніяк. Пайшла б вахцёркай, але хіба ўладкуешся?

Праз паўтара года на пенсію павінен выйсці і муж Галіны, кіроўца маршруткі. Але фактычна застацца без працы, ён можа ўжо гэтай восенню. Аўтамабіль у яго стары, на новы няма сродкаў. Сям'я спадзяецца: «Можа, яшчэ зіму дадуць папрацаваць». За што будуць жыць, калі пазбавяцца заробку мужа, жонка пакуль не ведае.

З дзяцей, хіба, грошы браць? Ім самім дапамагаць трэба, - перажывае Галіна. - Дзеці працаўладкаваныя, але ў іх свае сем'і, дзеці. У старэйшага, напрыклад, заробак блізу 450 рублёў, а жонка атрымлівае дапамогу, не працуе. Ведаеце, у мяне яшчэ свякроў жывая, 82 гады. Так што, я ў яе буду пенсію браць? У савецкі час нам казалі: «Нараджайце дзяцей, потым з іх заробкаў страхавыя ўнёскі будуць вам на пенсіі!» А цяпер бачыце як: быццам і не дармаедка, і не жлукта, а як атрымалася.

«Змянілі становішча тых, хто разлічваў на іншае пенсійнае заканадаўства»

У Мінпрацы тлумачылі, што ўказам №233 ад 29 чэрвеня 2017 года прадугледжана зніжэнне да 10 гадоў страхавога стажу тым, хто не адпрацаваў патрабаванага страхавога стажу, «бо доўга займаліся іншай дзейнасцю, што не улічваецца ў пенсійных дачыненнях: напрыклад, даглядалі малых дзяцей, вучыліся на дзённым аддзяленні, праходзілі вайсковую службу, даглядалі непрацаздольных». Калі з гэтай прычыны не сфармаваны патрэбны страхавы стаж, пенсія адпаведна ўзросту можа прызначацца пры агульным стажы не менш за 35 гадоў у жанчыны, 40 гадоў - у мужчыны, з якіх толькі 10 гадоў прыпадае на працу з выплатай унёскаў.

- Іншая дзейнасць грамадзян для мэт пенсійнага забеспячэння не ўлічваецца. Так, напрыклад, права на працоўную пенсію ніколі не давалася і не можа давацца за вядзенне ўласнай хатняй гаспадаркі, - удакладнялі ў Мінпрацы.

Каардынатар прававых праграм Беларускага Хельсінскага камітэта Зміцер Чарных звяртаў увагу на тое, што тры гады таму беларусы «жылі паводле іншых правіл гульні»: паводле стану на 1 студзеня 2014 года, для пенсіі патрабавалася мець 5 гадоў страхавога стажу і 20 гадоў агульнага стажу.

- З таго часу страхавы стаж падвысілі да 10 гадоў, а потым і да 15 гадоў з паэтапным павелічэннем. У праве гэта называецца рэтраспектыўнай сітуацыяй: новыя правілы змянілі становішча тых, хто разлічваў на іншае пенсійнае заканадаўства.

У БХК мяркуюць, што развязаннем сітуацыі магла б стаць адрасная сацыяльная дапамога для асоб, якія дасягнулі пенсіённага ўзросту, але не паспелі напрацаваць страхавы стаж.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках