20 красавiка 2024, Субота, 3:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чыноўнікі – тыя самыя рабы

9
Чыноўнікі – тыя самыя рабы
МІХАІЛ МЯСНІКОВІЧ

Ці хапае паўнамоцтваў і самастойнасці «шрубкам вертыкалі»?

Мясцовыя органы ўлады павінны працаваць больш актыўна і адказна, заявіў у час працоўнай паездкі ў Берасцейскую вобласць кіраўнік «савета рэспублікі» Міхаіл Мясніковіч. На прыём грамадзянаў у Ляхавічах да яго прыйшлі пяць чалавек, хоць практычна ўсе гэтыя пытанні, на думку Мясніковіча, можна развязаць на мясцовым узроўні.

«Некаторыя кіраўнікі не прымаюць пастановаў, баяцца браць на сябе адказнасць. Праз гэта людзі ходзяць па коле або змушаныя звяртацца ў вышэйшыя органы. Усё ж такі кадры на месцах павінны працаваць больш актыўна, адказна», – заявіў Міхаіл Мясніковіч.

Карбалевіч: Праблема не ў дэфіцыце паўнамоцтваў

Палітолаг Валерый Карбалевіч мяркуе, што праблема пасіўнасці мясцовых уладаў не ў недахопе паўнамоцтваў у іх.

– Тут шмат прычынаў. Па-першае, мясцовыя ўлады не абіраюцца мясцовым насельніцтвам і нясуць адказ не перад грамадзянамі, а толькі перад вышэйшай уладай. Раённыя выканкамы падсправаздачныя абласным, а тыя – агульнанацыянальным, – кажа палітолаг у інтэрв'ю «Заўтра тваёй краіны».

На ягоную думку, галоўнае для прадстаўнікоў мясцовай улады – спадабацца кіраўніцтву, а не дагадзіць людзям, якімі яны кіруюць.

Па-другое, падкрэслівае суразмоўца, галоўнымі прычынамі зваротаў і скаргаў грамадзянаў, адрасаваных уладам, з'яўляюцца, як правіла, побытавыя праблемы. І для развязання гэтых праблемаў патрэбныя грошы, якіх і ў мясцовым, і ў нацыянальным бюджэце ў варунках крызісу становіцца ўсё менш.

– Трэцяя прычына: беларусы звыкліся скардзіцца самому галоўнаму кіраўніку. Існуе меркаванне, што ліст Лукашэнку дае куды большую гарантыю развязання пытання, чым непасрэдны зварот да кіраўніка сельсавета. Гэта даўняя традыцыя, яшчэ з савецкіх часоў. І гэта працуе на самай справе.

Палітолаг мяркуе, што шараговыя беларусы не маюць магчымасці ўплываць на прыняцце палітычных пастановаў. І ім застаюцца толькі скаргі наверх, паводле якіх можна ацаніць узровень грамадзянскай актыўнасці.

Рабава: Патрабуючы самастойнасці, Мясніковіч дыктуе мясцовым уладам, што ім рабіць.

– Каб мясцовыя ўлады працавалі больш адказна і ініцыятыўна, яны павінны быць уладамі, а не шрубкамі вертыкалі, – мяркуе дырэктар SYMPA Наталля Рабава.

Яна нагадвае, што прыкладна той самы пасыл – патрабаванне быць больш актыўнымі – Мясніковіч агучваў зусім нядаўна на адкрыцці вясенняй сесіі Савета Рэспублікі. Толькі тады гаворка ішла пра мясцовыя саветы.

– Пры адсутнасці мясцовага самакіравання гэта адно і тое ж, дзве мясцовыя галінкі прэзідэнцкай вертыкалі. Адначасова з патрабаваннем ініцыятыўнасці і самастойнасці Мясніковіч дыктуе мясцовым уладам і саветам, што менавіта ім трэба рабіць. І супярэчнасцяў у гэтым не бачыць, – адзначае эксперт. – Толькі і застаецца выклікнуць: «А хто ж гэта зрабіў?» Чыя ж віна ў тым, што мясцовыя дэпутаты і чыноўнікі не хочуць праяўляць актыўнасць і ініцыятыву?

Эксперт таксама мяркуе, што праблема заключаецца не ў паўнамоцтвах мясцовых уладаў, а ў той устаноўцы, якую юны дзяржслужбоўца атрымлівае, прыходзячы на службу:

– Для падстрахоўкі усё трэба ўзгадняць з цэнтрам. А тое потым наступстваў не абярэшся. Пастановаў найлепш увогуле не прымаць і свой подпіс нідзе не ставіць, каб не апынуцца крайнім. Ведаючы гэтую рэальнасць, заклікі да самастойнасці і ініцыятыўнасці непазбежна будуць успрымацца як страсенне паветра для вонкавага спажывання.

Цэнтральная ўлада, падобна, дае мясцовай больш паўнамоцтваў толькі ў тым, як выконваць патрабаванні з цэнтра, за якія растаюць на вачах грошы. Ну, і заклікае да дарослага жыцця – на жаль, толькі на словах, – рэзюмуе Наталля Рабава.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках