28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму ЗША не патрэбны Контртэрарыстычны альянс з Расеяй

5
Чаму ЗША не патрэбны Контртэрарыстычны альянс з Расеяй

Кладучыся спаць з сабакамі, рыхтуйцеся прачнуцца не толькі з блохамі, але і з шаленствам.

Да здзіўлення назіральнікаў з розных краінаў свету, некаторыя амерыканцы станоўча адгукаюцца на перспектыву антытэрарыстычнага альянсу з Расеяй, піша сайт 7days.us.

Як можна заключыць Контртэрарыстычны альянс з тэрарыстамі? Урад Уладзіміра Пуціна, можа, і не ісламісцкі, але ён здзяйсняе тэрарыстычныя акты, маштабы якіх роўныя злачынствам ІДІШ, наўмысна скідае бомбы на лякарні, клінікі, школы і калоны бежанцаў у Сірыі, здзяйсняе зверствы ў сваіх межах на Каўказе і ў суседніх дзяржавах, у тым ліку Грузіі і Украіне. Расейская жорсткасць стварыла значна больш новых тэрарыстаў, чым забіла старых. І служба бяспекі Пуціна знішчае дысідэнтаў і журналістаў у краіне і за мяжой – а гэта старамодны тэрарызм узору КДБ.

Нават адкінуўшы спробы Пуціна падарваць вызначальны інструмент амерыканскага самакіравання, свабодныя выбары, давайце падумаем: ці сапраўды ЗША хоча, каб амерыканскія вайскоўцы служылі плячом да пляча з расейскімі ваеннымі злачынцамі?

Любы, хто скажа: «Так», павінен адказаць на асноўнае пытанне: «Што канкрэтна расейцы прыўнеслі б у антытэрарыстычную барацьбу, што перавешвала б негатыўныя наступствы?»

Лёгкі адказ, напрыклад «бомбы», не падыдзе. Якія тэхнічныя або ваенныя магчымасці можа прапанаваць Расея, якіх няма ў вялікай колькасці ў ЗША? У Пуціна ёсць маламагутная армія, але ёй і так хапае клопатаў ва Украіне і Сірыі. Астатняя частка расейскіх ваенных сілаў – гэта звалка дэталяў і няўмелыя прызыўнікі. Што тычыцца «бомбаў», то ў Сірыі расейцы хутка патрацілі свае мізэрныя запасы дарагіх «разумных бомбаў», і цяпер скідаюць звычайныя.

Акрамя таго, расейская зброя не вельмі добра працуе. Маскоўскія службы бяспекі, заклапочаныя падрывам заходніх урадаў, не валодаюць добрымі звесткамі пра глабальны тэрарызм. Тым не менш яны хацелі б, каб мы дзяліліся нашымі крыніцамі.

Антытэрарыстычны альянс з Расеяй прынясе ЗША толькі ганьбу. Але ён пайшоў бы на карысць Пуціну, які прагне прызнання ў якасці сусветнага лідара. Насамрэч мы будзем пазычаць яму сваіх вайскоўцаў на тое, што не пад сілу ягонаму войску. Ці трэба гэта амерыканскім войскам або падаткаплацельнікам?

Між тым расейскія спецслужбы дапамагаюць талібам і іншым тэрарыстычным групоўкам забіваць салдатаў ЗША ў Афганістане. Ці павінны амерыканцы за гэта ўзнагароджваць Маскву?

Амерыканскія апалагеты Ірана сцвярджаюць, што хаўруснікі Масквы ў Тэгеране ў рэчаіснасці не так ужо дрэнныя. Яны нагадваюць нам, што Іран не чапаў ЗША, у адрозненне ад фінансаваных Саудаўскай Аравіяй Аль-Каіды або ІДІШ.

Гэта праўда. Іран не выпраўляў тэрарыстаў на амерыканскія берагі. Але іранская выбухоўка і іншыя віды зброі забілі або знявечылі тысячы амерыканскіх салдатаў у Іраку. Любы, хто сцвярджае, што ЗША павінны супрацоўнічаць з іранцамі, абражае загінулых і здзекуецца з параненых ветэранаў.

Кладучыся спаць з сабакамі, рыхтуйцеся прачнуцца не толькі з блохамі, але і з шаленствам. ЗША, застаючыся ідэалам і надзеяй для мільярдаў прыгнечаных ва ўсім свеце, павінны ўмацоўваць хаўрусы з вольнымі нацыямі, якія падзяляюць нашыя каштоўнасці, ад самых далёкіх межаў NATO да Аўстраліі. Найлепшы спосаб перамагчы тэрарыстаў – не даваць зброю масавым забойцам, якія нас ненавідзяць, а сябраваць з даўнімі хаўруснікамі, якія разам з намі імкнуцца да свабоды, вяршэнства закона і грамадзянскіх правоў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках