28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Facebook патаемна распрацоўвае модульны смартфон

1
Facebook патаемна распрацоўвае модульны смартфон

Адзін з патэнтаў ЗША часткова выдаў існасць засакрэчанага праекта Facebook для стварэння ўласнага смартфона.

Кубікі Цукербэрга

Паводле апісання патэнта US2017/0208700 A1, зарэгістраванага на сайце Ўстановы патэнтаў і таварных знакаў ЗША (United States Patent and Trademark Office, USPTO), у Facebook у строгай таямніцы вядуцца распрацоўкі ўніверсальнага модульнага смартфона з падтрымкай штучнага інтэлекту, піша sostav.ua.

Патэнт, выдадзены на прыладу Modular Electromechanical Device, апісвае «ўніверсальную прыладу», якое аб'ядноўвае функцыянальнасць смартфона, галасавога памочніка і мноства іншых актуальных прылад, апаратная і праграмная замена якіх будзе магчымая «похапкам» паводле модульнага прынцыпу.

Афіцыйныя прадстаўнікі Facebook адмаўляюцца каментаваць існаванне праекта.

Канструктар з мільёнам абліччаў

Патэнтавая заяўка выдае некаторыя цікавыя падрабязнасці таемнага праекта Facebook. Так, модульнасць сістэмы ў заяўцы апісваецца як «шасі, надрукаванае на 3D-друкарцы» з правадной інфраструктурай, да якога прылучаюцца другасныя вылічальныя і дапаможныя модулі. Спіс модуляў уключае дынамік, мікрафон, сэнсарны дысплей, GPS-модуль, тэрмометр, «функцыянальнасць тэлефона» і г.д.

Модульнасць прылады распрацоўшчыкі пазіцыянуюць як магчымасць падоўжыць жыццёвы цыкл прылады, зрабіць яе менш залежнай ад жорсткай апаратнай архітэктуры.

«Зазвычай апаратныя кампаненты, якія ўваходзяць у склад бытавой электронікі і ўважаюцца за састарэлыя, па-ранейшаму прыдатныя для далейшага выкарыстання», - гаворыцца ў апісальнай частцы патэнта. - У той жа час, гэтыя апаратныя кампаненты не выкарыстоўваюцца паўторна ў сувязі з тым, што спажывецкія электронныя прылады праектуюцца як закрытыя сістэмы. З спажывецкага пункта гледжання, кароткі жыццёвы цыкл бытавой электронікі дарагі і марнатраўны».

Паводле апісання, апаратныя заменныя модулі сабранай пад уласны густ карыстальніка канфігурацыі прылучаюцца да базавага вылічальнага модуля "похапкам" (plug-and-play). Затым вылічальны модуль прылучаецца да сэрвэра, сцягвае ўсё праграмнае забеспячэнне, патрэбнае для функцыянавання прылучаных модуляў.

Мяркуючы з апісання патэнта, адным з ключавых кампанентаў будучага модульнага смартфона Facebook стане інтэлектуальны галасавы памочнік - на вобраз і падабенства Amazon Alexa, Google Assistant або Samsung Bixby.

Кадры вызначаюць усё

Паводле звестак уласных крыніц выдання The Business Insider, над праектам модульнага смартфона Facebook працуе філія «Building 8». Суполка, паводле звестак крыніцы, цяпер «сур'ёзна сфакусаваная на распрацоўцы новай камеры і тэхналогіі машыннага навучання».

Аб лабараторыі Facebook Building 8 вядома тое, што ў яе сценах займаюцца рознымі неймавернымі і футурыстычнымі праектамі, як, напрыклад, вывадам тэксту на друк непасрэдна з мозгу або распазнаннем замежнай мовы праз скуру.

У свой час у суполку ўвайшлі распрацоўшчыкі, якія працавалі раней над праектам модульнага смартфона Project Ara у кампаніі Google. У Building 8 таксама працуе шэраг інжынераў - былых супрацоўнікаў Apple і Motorola, з досведам распрацоўкі тэлефонаў і таблетаў. Спіс супрацоўнікаў Building 8, сярод іншага, уключае Бэрнарда Рычардсана (Bernard Richardson), які, паводле запісу на асабовай старонцы ў LinkedIn, раней займаўся распрацоўкай інтэлектуальнага галасавога асістэнта Alexa ў кампаніі Amazon.

Мяркуючы з тытульных звестак на сайце UPSTO, патэнт зарэгістраваны на чатырох прадстаўнікоў Facebook Building 8 - былых супрацоўнікаў набытага Facebook стартапа Nascent Objects, які спецыялізаваўся на аператыўным стварэнні прататыпаў модульных прылад з дапамогай 3D-друку.

У верасні 2016 года Google афіцыйна прыпыніла «на няпэўны тэрмін» дзейнасць над уласным модульным смартфонам Project Ara. Паводле звестак Reuters, Google замарозіла праект дзеля навядзення парадку ў сваіх непадобных адзін да аднаго прыладах. Каб пракантраляваць гэты працэс, у кампанію вярнуўся Рык Астэрло (Rick Osterloh), былы прэзідэнт Motorola.

Свой першы смартфон кампанія Facebook спрабавала зрабіць разам з HTC яшчэ ў 2013 года, аднак тады праект скончыўся поўным крахам.

Марк Цукербэрг, заснавальнік і CEO Facebook, яшчэ ў 2010 годзе выказаўся пра тое, што «Facebook мае стаць мабільнай платформай, на якую змогуць абапірацца іншыя, а не проста сэрвісам або дадаткам».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках