18 красавiка 2024, Чацвер, 15:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады прыдумалі яшчэ адзін метад уварваць грошай з беларусаў

89
Улады прыдумалі яшчэ адзін метад уварваць грошай з беларусаў
Калаж: EKRAN

Ці хопіць у беларусаў грошай на догляд за пажылымі бацькамі?

Спаганяць аліменты на ўтрыманне паджылых бацькоў або стварыць канкурэнцыю інтэрнатам і лякарням сястрынскага догляду - якія захады трэба зрабіць дзяржаве?

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны рыхтуе змены ў заканадаўства, якія датычацца клопату дзяцей аб паджылых бацьках. Пра гэта 21 ліпеня ў часе працоўнай паездкі ў Гарадзенскую вобласць паведаміла міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.

Яна нагадала, што, паводле Кодэкса аб шлюбе і сям'і, дзеці павінны клапаціцца аб паджылых бацьках.

Якія механізмы могуць задзейнічаць улады, каб зняць з сябе адказнасць за паджылых беларусаў - піша «Заўтра тваёй краіны».

«З прыватнымі ініцыятывамі нічога не выйдзе. Дзеці не пацягнуць утрыманне бацькоў»

Галоўны лекар лякарні сястрынскага догляду ў вёсцы Ісерне Слуцкага раёна Ігар Шахлевіч выступае супраць таго, каб дзеці даглядалі паджылых бацькоў.

- У мяне такія пацыенты, якіх дома не пакінеш, а дзецям працаваць трэба, жыць на нешта. Такім пацыентам, як у нашай лякарні, нагляд патрэбен. Вось чаму я супраць гэтых законаў, каб дзеці глядзелі бацькоў, - тлумачыць лекар. - У старых развіваецца энцэфалапатыя, што прычыняецца да склерозу, няпамятлівасці, хваробы Альцгаймэра і поўнага парушэння псіхікі. Працэс гэты незваротны. Такім старым патрэбны нагляд 24 гадзіны.

Са слоў Ігара Шахлевіча, утрыманне ў лякарні сястрынскага догляду аднаго пацыента каштуе звыш 600 рублёў на месяц.

- 80% пенсіі адымаецца на аплату паслуг лякарніы. 20% выдаецца пацыентам - гэтыя грошы зазвычай ідуць на пампэрсы.

Галоўны лекар мяркуе, што варта захаваць дзейную сістэму, калі дзяржаўныя ўстановы даглядаюць паджылых людзей. Ігар Шахлевіч не сумняваецца: з развіццём прыватных ініцыятыў у гэтай сфэры нічога не выйдзе.

- Трэба будзе велізарныя сумы плаціць. Не пацягнуць дзеці. Нават 20% - вырваныя грошы з сямейнага бюджэту. Пагатоў з нашымі заробкамі, - кажа лекар.

Ён згадвае, як некалькі гадоў таму дзяржава спрабавала перавесці частку аплаты за знаходжанне ў лякарнях сястрынскага догляду на сваякоў пацыентаў.

- У нашай лякарні тады засталося сем чалавек, - падае прыклад Ігар Шахлевіч. - Для параўнання: цяпер у нас 22 чалавекі - збольшага ўсе ляжачыя. Узімку жывуць 30 чалавек. Некаторых старых на лета забіраюць дзеці.

«У сфэры, дзе даглядаюць паджылых людзей, патрабуецца канкурэнтнае асяроддзе»

Аналітык BISS Алена Арцёменка звяртае ўвагу на тое, што ў Беларусі існуе не толькі праблема, калі дзеці не клапоцяцца пра паджылых бацькоў.

- Людзі, якія даглядаюць паджылых бацькоў, вымушаныя звальняцца з працы. Такія сем'і часта апынаюцца за рысай беднасці. Гэтую праблему трэба развязаць найперш, - мяркуе экспэртка.

Каб матываваць людзей клапаціцца аб паджылых бацьках, улады могуць абавязаць іх пералічваць грошы на ўтрыманне, як гэта, напрыклад, робіцца ў дачыненні да непаўналетніх дзяцей, мяркуе Алена Арцёменка.

- Нейкія сродкі можна спагнаць. Інстытуцыйных змен недастаткова для таго, каб гэтая сістэма працавала, - падкрэслівае экспэртка.

Яна прапануе іншыя варыянты. На ейную думку, дзейснай развязкай можа стаць аптымізацыя выдаткаў, якія дзяржава выдае на ўтрыманне паджылых людзей у медыцынскіх установах. У якасці прыкладу Алена Арцёменка падае адну з устаноў, у якой утрыманне паджылага пацыента складала блізу 800 рублёў на месяц - гэта больш, чым сярэднія заробак у краіне.

Аналітык BISS упэўненая: у сфэры, дзе даглядаюць паджылых людзей, патрабуецца канкурэнтнае асяроддзе.

- Трэба павялічыць магчымасці для трэцяга сэктара, які зможа арганізаваць установы або дамы супольнага бытавання, - прапаноўвае Алена Арцёменка.

Экспэртка закранула яшчэ адзін важны аспект у развязанні праблемы - выхаванне дзяцей і падлеткаў.

- Вартасці, якія тычацца сям'і, сёння мала закранаюцца сістэмай адукацыі, - мяркуе Алена Арцёменка.

Напісаць каментар 89

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках