24 красавiка 2024, Серада, 10:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украіна прыдумала замену візаваму рэжыму з Расеяй

1
Украіна прыдумала замену візаваму рэжыму з Расеяй
ФОТА: UNIAN

Увод біямэтрычнага кантролю на мяжы значна ўзмоцніць магчымасці для барацьбы з тэрарызмам.

Ва Ўкраіне адклалі ідэю візавага рэжыму з Расеяй і наважылі па-іншаму кантраляваць уезд грамадзян РФ на тэрыторыю дзяржавы - з дапамогай біямэтрычных звестак і спецыяльнага рэестра расейцаў. Ці будзе гэтая пастанова мець палітычныя наступствы і як можа адказаць Масква, разбіраўся "Апостроф".

Рэестр яшчэ не гатовы

Рада нацыянальнай бяспекі і абароны пад старшынствам прэзідэнта Пятра Парашэнкі пастанавіла ўзмацніць кантроль над перасячэннем дзяржаўнай мяжы і знаходжаннем грамадзян іншых дзяржаў на тэрыторыі Украіны. "Мы ўводзім біямэтрычны кантроль для ўсіх грамадзян, якія перасякаюць украінскую мяжу. Гэта значна ўзмоцніць магчымасці для барацьбы з тэрарызмам", - заявіў прэзідэнт.

Згодна з новымі правіламі ўкраінскія памежнікі будуць здымаць з іншаземцаў, якія прыязджаюць у краіну, біямэтрычныя звесткі, у тым ліку адбіткі пальцаў. Асобныя ўмовы ўезду плануецца ўвесці для грамадзян РФ. Са слоў сакратара РНБА Аляксандра Турчынава, будзе створаны адмысловы рэестр, куды будуць уносіцца звесткі аб усіх расейцах, хто ўязджае на тэрыторыю Украіны. "Грамадзянін РФ, які жадае прыбыць на тэрыторыю Украіны, маен зарання зарэгістравацца і падаць Міністэрству замежных спраў патрэбныя звесткі", - растлумачыў Турчынаў.

Усіх грамадзян Расейскай Федэрацыі, якія ўжо знаходзяцца на тэрыторыі Украіны, абавязваюць зарэгістравацца на месцы iх часовага знаходжання, а таксама падаваць інфармацыю аб перасоўванні па Украіне. Новыя правілы перасячэння дзяржаўнай мяжы маюць увайсці ў дзеянне ўжо з 1 студзеня 2018 года. На іх рэалізацыю паабяцалі выдаць 600 млн грыўняў - 300 млн грн на тэхнічнае забеспячэнне працэсу і яшчэ столькі ж на ўладкаванне мяжы.

У Дзяржаўнай памежнай службы паведамілі, што пастановы аб выдаткаванні ім 300 млн грн ужо прынятыя. "Пастанова РНБА, адназначна, будзе выкананая. Мы ўжо маем пэўны досвед працы з біямэтрычнымі звесткамі, гэта рыхтавалася ў рамках «бязвізу», мы нашы пункты транзіту ўжо забяспечылі абсталяваннем для працы, у тым ліку, з біямэтрычнымі звесткамі. Але цяпер гаворка ідзе пра іншы ўзровень гэтага абсталявання. Мы працавалі з пашпартамі і з магчымасцю зняцця адбіткаў пальцаў, але гэта мінімальны аб'ём інфармацыі. Цяпер нам патрэбная больш сур'ёзная апаратура, якая дазваляе здымаць інфармацыю на іншым узроўні, акрамя таго, мы кажам яшчэ і пра збор гэтай інфармацыі, аналіз, апрацоўку ды інтэграцыю нашай сістэмы з сістэмамі іншых праваахоўных органаў, якім гэтая інфармацыя таксама спатрэбіцца", - распавёў прэс-сакратар установы Алег Слабадзян.

Паводле яго слоў, памежнікі павінны абнавіць 157 кантрольных пунктаў, у ліку якіх чыгуначныя, авіяцыйныя і марскія.

У той жа час ва ўстанове пакуль не ведаюць, як будзе выглядаць электронны рэестр расейцаў ва Украіне. "Калі казаць пра сістэму папярэдняй рэгістрацыі для расейцаў, то Дзяржаўная памежная служба выступае карыстальнікам інфармацыі, бо мы, мабыць, будзем атрымліваць ужо постфактум тую інфармацыю, якую грамадзяне РФ унеслі на рэсурс, які будзе для гэтага створаны. Дзе ён будзе створаны, і якім чынам будзе адбывацца працэс, яшчэ трэба вызначыць. Гэтая сістэма з'яўляецца элементам сістэмы кантролю знаходжання іншаземцаў на тэрыторыі Украіны, гэта маштабная сістэма, да якой далучаныя рэсурсы Нацыянальнай паліцыі, Дзяржаўнай міграцыйнай службы і нават МЗС. Гэта ўсё яшчэ абмяркоўваецца", - пракаментаваў Слабадзян.

Чаго чакаць у адказ

На думку намесніка кіраўніка фракцыі "Народны фронт", народнага дэпутата Юрыя Бярозы, пастанова ўкараніць кантроль на мяжы - своечасовая. "На сёння Украіна ў той жа сітуацыі, у якой, напрыклад, знаходзіцца Ізраіль. І Ізраіль робіць пэўныя крокі для таго, каб выратаваць сваіх грамадзян, і Украіна мае рабіць тое ж самае для таго, каб засцерагчы жыцці ўкраінскіх грамадзян. Я б ад Расеі адгарадзіўся вялікім кітайскім мурам, гэты мур можа быць бетонны, можа быць дыпламатычны, можа быць філасофскі, але ён мае падзяляць нас ідэалагічна. Тут толькі пытанне, што, магчыма, на тэрыторыі Белгародскай і Растоўскай абласцей досыць рана будаваць паркан. Вось калі мы іх забярэм, выйдзем на мяжу з Чачэніяй і Грузіяй, тады там будаваць будзем", - заявіў дэпутат.

Аналітык Украінскага інстытута будучыні Ігар Тышкевіч упэўнены, што ў цяперашніх варунках улік грамадзян Расейскай Федэрацыі, якія перасякаюць мяжу Украіны, проста патрэбны. "Гэтая пастанова наспела даўно, і, адрознае ад увядзення візавага рэжыму, такія рэчы, як рэестр, рэжым транзіту з біямэтрычнымі пашпартамі або збор біямэтрычных звестак, рэгулююцца падзаконнымі актамі, то бок, гэта не патрабуе змены ў заканадаўстве. Тут пытанне інфраструктуры, каб было каму збіраць і як захоўваць гэтыя звесткі", - мяркуе экспэрт.

У Расеі ўжо абяцалі захады ў адказ на ўзмацненне кантролю на ўкраінскай мяжы, якое ў Маскве ўспрынялі як увядзенне візавага рэжыму. "Гэта, фактычна, устанаўленне візавага рэжыму паміж нашымі краінамі, і яго"абгортка" прынцыповага значэння не мае", - заявіў першы намеснік кіраўніка камітэта абароны і бяспекі Рады Федэрацыі Франц Клінцэвіч.

Тышкевіч прагназуе, што захады ў адказ будуць не вельмі строгія. "Дастатковая колькасць зарабітчан працуе ў Расеі, і я не думаю, што для гэтых людзей будуць праблемы. Бо тая ж самая Расея зацікаўленая ў наяўнасці гэтых людзей на сваёй тэрыторыі, бо яны з'яўляюцца носьбітамі ідэй "расейскага свету", яны там падпадаюць пад інфармацыйны ўплыў і, вяртаючыся на радзіму, проста транслююць тыя ж тэзісы, якія ім уклала ў галаву расейская прапаганда", - мяркуе ён.

Больш за тое, на ягоную думку, у выпадку сіметрычных захадаў у адказ з боку РФ Украіна рукамі Крамля зможа развязаць пэўныя праблемы. "Напрыклад, маючы біямэтрычны пашпарт, частка людзей, магчыма, пераарыентуецца на менш праблемныя кірункі - Польшча, Чэхія, Славаччына, а не будуць ехаць у РФ", - растлумачыў аналітык.

Палітолаг Андрэй Залатароў упэўнены, што Расея зробіць аналагічныя захады ў адносінах да ўкраінцаў ужо ў 2018 годзе.

"З пункту гледжання бяспекі, процідзеяння тэрарызму, гэта цалкам правамерныя захады, у кантэксце з астатнімі крокамі застаецца цалкам пэўны палітычны прысмак. Праз некаторы час, я думаю, гэта будзе, пэўна, ужо ў 2018 годзе, Расея зробіць аналагічныя захады ў дачыненні да ўкраінскіх грамадзян. Там і без таго досыць жорстка дзейная федэральная міграцыйная служба, але прававы рэжым для ўкраінскіх грамадзян, магчыма, будзе яшчэ больш жорсткім", - распавёў Залатароў.

На думку экспэрта, улада пайшла на такі крок, бо ўкраінскае грамадства не падтрымлівае ўвядзенне візавага рэжыму з Расеяй. "Адштурхоўваюцца, усё ж такі, ад таго, што ідэю ўвядзення візавага рэжыму не падтрымлівае большасць украінскіх грамадзян, дакладней 51% негатыўна выказваюцца, наважылі проста зрабіць нешта падобнае, але толькі трохі змяніўшы", - падрахаваў палітолаг.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках