19 красавiка 2024, Пятніца, 8:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Галоўны архітэктар Менска: Асмалоўка не можа быць захаваная ў такім выглядзе

11
Галоўны архітэктар Менска: Асмалоўка не можа быць захаваная ў такім выглядзе

Раён у цэнтры сталіцы мусіць быць зменены.

21 ліпеня архітэктурна-горадабудаўнічая рада не зацвердзіла праект, які прадугледжвае знос Асмалоўкі. Праект адправілі на дапрацоўку. Пасля пасяджэння мы пагутарылі з галоўным архітэктарам Менска Паўлам Лучыновічам і даведаліся, якая будучыня чакае гэты раён у цэнтры горада, піша tut.by.

Павел Лучыновіч адзначыў, што сённяшняе пасяджэнне прайшло ў прыязнай абстаноўцы. Бакі ўважліва выслухалі адзін аднаго і прыйшлі да пастановы дапрацаваць праект. На пастанову рады паўплывала грамадская думка.

– Па-мойму, вельмі годна выступала Алена Калантаева. Нам было важнае меркаванне ініцыятыўных групаў. Архітэктары пацвердзілі: трэба зразумець спачатку, што павінна адбыцца з Асмалоўкай. Шэраг аргументаў сёння на радзе мы выслухалі, успрынялі і мяркуем, што рэалізацыя праектных пастановаў дэталёвага плана заўчасная.

Лучыновіч адзначыў, што цяпер будзе праводзіцца міжнародны архітэктурны конкурс, каб пастанавіць, як Асмалоўка будзе развівацца далей.

– Яна ў такім выглядзе не можа быць закансерваваная, – дадаў галоўны архітэктар Менска. Паводле ягоных словаў, канцэпцыя-пераможца ляжа ў аснову будучага архітэктурнага дэталёвага плана.

– Спачатку важна вызначыць мэты і задачы гэтага конкурсу, то-бок сацыяльную мадэль развіцця Асмалоўкі. Ужо пасля таго, як гэтая сацыяльная ідэалогія будзе прапісаная, мы зможам выйсці на ўмовы конкурсу.

Лучыновіч пацвердзіў, што цяпер гаворка пра знос нават не ідзе. Галоўны архітэктар заявіў, што ўлада, архітэктары і жыхары Асмалоўкі павінны абмеркаваць і пастанавіць, як раён будзе развівацца далей.

Пра канкрэтныя тэрміны Лучыновіч пакуль сказаць не можа. Ён адзначыў, што гэты праект і правядзенне конкурсу, магчыма, зоймуць некалькі гадоў. Акрамя таго, побач з раёнам знаходзіцца шмат помнікаў архітэктуры – ахоўныя зоны, статус якіх неабходна высветліць.

– Побач знаходзіцца шмат будынкаў гісторыка-культурнай каштоўнасці – Сувораўская вучэльня, Оперны тэатр, сталінская забудова ў раёне вуліцаў Кісялёва, Камуністычнай, каля плошчы Перамогі. Усё гэта фармуе вобраз горада і будзе непасрэдна ўплываць на яго. Асмалоўка – гэта ж не толькі два кварталы, яна ўнутры горада знаходзіцца.

Паралельна з конкурсам у найбліжэйшы час правядуць экспертызу стану будынкаў. Цяпер Лучыновіч не можа даць ацэнку зношанасці дамоў.

– Неабходная дадатковая ацэнка – у якім стане знаходзяцца дах, перакрыцці. Усё гэта было збудаванае пасля вайны. На ўсім эканомілася. Таму трэба зразумець, колькі неабходна сродкаў, каб дамы прынамсі адрамантаваць. Ці ёсць у гэтым сэнс.

Пытанне, ці нададуць якім-небудзь дамам у раёне Асмалоўкі статус гістарычна-культурнай каштоўнасці, яшчэ будзе абмяркоўвацца.

– Без гэтага немагчымая прапрацоўка дэталёвага плана. Яго да канца нельга засцвярджаць, пакуль гэты статус не вызначаны. І ёсць шмат праціўнікаў таго, каб надаваць статус гістарычна-культурнай каштоўнасці гэтым будынкам. Я кажу пра прафесіяналаў-архітэктараў.

За захаванне Асмалоўкі сабралі 9 тысячаў подпісаў. Лучыновіч кажа, што сярод тых, хто падпісаўся, былі не толькі менчукі.

Калі з'явіцца адкарэктаваны план – невядома. У выніку павінны быць вызначаныя ахоўныя зоны суседніх помнікаў архітэктуры, удакладненыя жыллёвыя ўмовы, павінна быць распрацаваная сацыяльная канцэпцыя развіцця, праведзены конкурс. Пасля ўхвалення гэтага конкурсу Асмалоўка будзе развівацца паводле новага сцэнару.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках