20 красавiка 2024, Субота, 4:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары Гомельшчыны адстаялі сваё права на бясплатную рыбалку

4
Жыхары Гомельшчыны адстаялі сваё права на бясплатную рыбалку

Кіраўніцтва Гомельскай вобласці рэкамендавала арандатарам рэк адмяніць платную аматарскую рыбалку.

Неўзабаве на рэках Беларусі больш не будзе платнай рыбалкі для аматараў-рыбаловаў. Змены ў вядзенне рыбалоўнай гаспадаркі краіны ўносіць указ Лукашэнкі № 247, падпісаны 13 ліпеня, піша gomel.today.

Пра якія змены ідзе гаворка, што будуць рабіць арандатары рэк, з якімі ўжо падпісаныя дамовы, і ці на ўсіх вадаёмах рыбалка стане бясплатнай – абмеркавалі ў Гомельскім аблвыканкаме.

Змены, пра якія ідзе гаворка ва ўказе, Гомельскую вобласць закрануць больш за ўсе астатнія. Бо з 32 дамоваў арэнды, заключаных у Беларусі, 28 – падпісаныя ў гэтым рэгіёне. Такую актыўнасць арандатараў спецыялісты тлумачаць асаблівасцямі акваторыі Гомельшчыны, дзе працякаюць рэкі, найбольш цікавыя для рыбалкі, размешчаныя нізоўі Прыпяці, Дняпра, асноўнае рэчышча Сожа. Як бы там ні было, з уступленнем у сілу ўказа ўся дзейнасць, звязаная з рыбалоўствам, адпаведным чынам павінна быць упарадкаваная.

Указ № 247 прадугледжвае некалькі зменаў, звязаных галоўным чынам з адменай арэнды рэк, ён удакладняе, якім чынам – праз аўкцыёны або конкурсы – асобныя вадаёмы ўсё ж будуць прапаноўвацца ў арэнду, у чыю кампетэнцыю ўвойдуць усе арганізацыйныя моманты. Дакумент дае разуменне, што раней заключаныя на некалькі гадоў дамовы арэнды прадоўжаць дзейнічаць, але іх неабходна будзе прывесці ў адпаведнасць з указам.

Ёсць і навіна, якое закране непасрэдна рыбакоў, – гэта выключэнне з месцаў, дзе арганізоўваецца платнае рыбалоўства, адрэзкаў вадацёкаў. Іншымі словамі, са студзеня 2018 года на рэках, каналах і ручаях аматарская рыбалка будзе бясплатнай. Да гэтага часу, пакуль дзейнічае старая рэдакцыя ўказа, арандатар можа запатрабаваць рыбалку аплаціць. Зрэшты, у Гомельскім аблвыканкаме арандатарам раяць гэтага не рабіць.

– Права падаўжаць платныя квіткі на аматарскую рыбалку паўгода яшчэ захоўваецца, – патлумачыла кіраўніца справаў аблвыканкама Алена Клічкоўская, – але, што тычыцца рэк, асабліва з вялікім доступам людзей, магчыма, арандатарам варта вывучыць пытанне і пайсці шляхам інтарэсаў грамадзянаў.

Яшчэ да падпісання ўказа № 247 у аблвыканкаме ўзялі да ўвагі пажаданні людзей і ў пытанні арэнды адрэзку ракі Прыпяць, у якога арандатар так і не з'явіўся. Нягледзячы на тое, што былі атрыманыя ўсе неабходныя ўзгадненні, даручэннем губернатара вобласці Уладзіміра Дворніка была прынятая пастанова раку ў арэнду не здаваць.

Між тым паняцце платнай аматарскай рыбалкі з уступленнем у сілу ўказа ў Беларусі не знікне. Яе арганізацыя будзе магчымай на азёрах і сажалках, якія ўвайшлі ў рэспубліканскі комплексны план, які будзе распрацаваны неўзабаве.

Здаваць рэкі ў арэнду перастануць ужо праз паўгода. Спецыялісты кажуць пра плюсы і мінусы гэтай практыкі. Паводле словаў кіраўніка аператыўна-аналітычнага аддзела Гомельскай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Андрэя Петрусевіча, стаўленне арандатараў рэк да арганізацыі прамысловай лоўлі рыбы, да выканання ўсіх дамоўных абавязальніцтваў не заўсёды было добрасумленным:

– За 2016 год інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету Гомельскай вобласці пакарана 40 службовых асобаў арандатараў рыбалоўных угоддзяў за дапушчаныя парушэнні правілаў рыбалоўства. За перыяд 2017 года складзена 37 пратаколаў пра адміністрацыйныя правапарушэнні, 7 з якіх у адносінах да юрыдычных асобаў.

Невыкананне арандатарамі квотаў у лоўлі рыбы адзначыла намесніца кіраўніка Гомельскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Таццяна Швачко. Пры гэтым яна патлумачыла, што галоўным чынам гэтаму не спрыялі ўмовы надвор'я – узровень вады быў нізкім, цягам трох гадоў не было паводкі. З уступленнем у сілу ўказа, калі ў вадаёмаў не будзе арандатараў, на думку Таццяны Швачко, стане адкрытым пытанне стану прыбярэжных палосаў. Зрэшты, пакідаць за сабой чысты бераг – абавязак кожнага адпачывальніка, заключыла намесніца кіраўніка камітэта.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках