29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Полацку больш за 100 чалавек застануцца без працы

10
У Полацку больш за 100 чалавек застануцца без працы

Полацкі вінаробны завод ліквідуюць.

Згодна з пастановай эканамічнага суда Віцебскай вобласці, вінзавод пераходзіць з рэжыму конкурснага вядзення да кіраванай ліквідацыі, піша belchas.by.

Амаль 90-гадовая гісторыя Полацкага вінзавода ўключае ў сябе нямала падзеяў, адна з якіх – далучэнне Падсвільскага вінаробнага і Чашніцкага спіртавога заводаў, а таксама КУСГП «Стрынадкі» – сур'ёзна падарвала эканоміку прадпрыемства. Праўда, у 2015 годзе гэтыя структуры былі вылучаныя з складу Полацкага вінзавода, але ў іх на той момант ужо былі ўкладзеныя немалыя сродкі. Акрамя таго, мелі месца гучныя крымінальныя справы, былыя службовыя асобы вінзавода прысуджаныя да розных тэрмінаў зняволення. Іх «дзейнасць» гукнулася прадпрыемству істотнымі запазычанасцямі. Але засталіся людзі, якія яшчэ 3 месяцы таму жылі надзеяй на тое, што эканамічны суд падтрымае план санацыi завода і паступова пачнуць расці аб'ёмы вытворчасці.

У студзені і лютым 2017-га на прадпрыемстве назіралася зніжэнне аб'ёмаў вытворчасці ў параўнанні з аналагічным перыядам летась, але пачынаючы з сакавіка аб'ёмы штомесяц раслі. Прычым вінаробы не толькі выраблялі асартымент у традыцыйнай тары, але і нарошчвалі выпуск прадукцыі ва ўпакоўцы пюр-пак ёмістасцю 1 л і 0,5 л, што значна эканоміла выдаткі; распрацоўвалі таксама новыя віды прадукцыі, шукалі выхад на вонкавы рынак (заключылі кантракт з украінцамі, наладзілі кантакты з адной з расейскіх кампаніяў). Словам, праца не спынялася. Чыстая страта за студзень – травень сёлета скарацілася да -9 тыс. рублёў (за той самы перыяд 2016-га яна складала – 823 руб.). Павялічыліся прадукцыйнасць працы, аб'ёмы рэалізацыі прадукцыі і выручка ад продажаў.

– Мы прыйшлі да высновы, што прадпрыемства выратаваць можна, – кажа антыкрызісны кіраўнік Уладзімір Пашко. – Так, гэта працаёмкі працэс, і будзе доўжыцца ён больш за 18 месяцаў, як таго патрабуе закон. За гэты перыяд выплаціць шкоду на суму, якая перавышае кошт актываў у 1,5 разы, нерэальна. Але агульная сітуацыя палепшылася, ёсць станоўчая дынаміка. Завод працаваў і зарабляў грошы на ўсе належныя выплаты.

Канцэрн «Белдзяржхарчпрам» падтрымаў план санацыi, а ўласнік завода (камітэт сельскай гаспадаркі і харчавання аблвыканкама) узгадніў яго. Крэдыторы большасцю галасоў на агульным сходзе таксама выказалі жаданне правесці санацыю.

Аднак Міністэрства эканомікі і РУП «Белсудэкспертзабеспячэнне» прыйшлі да іншай высновы, прааналізаваўшы вынікі працы прадпрыемства за першы квартал 2017 года (калі аб'ёмы вытворчасці знізіліся ў параўнанні з тым самым перыядам 2016-га). І ў якасці адзіна магчымага выхаду з крытычнай сітуацыі Мінэканомікі прапанавала кіраваную ліквідацыю, пры якой прадаўжэнне вытворчай дзейнасці ўключаецца ў план ліквідацыі. Эксперт, вывучыўшы план санацыi, вынес наступны вердыкт: аднаўленне плацежаздольнасці вінзавода за 18 месяцаў немагчымае. Антыкрызісны кіраўнік думаў гэтак сама, як памятаеце, і прапаноўваў павялічыць тэрмін санацыі да 7 гадоў. Але суд пастанавіў адчыніць у дачыненні да вінаваўцы ліквідацыйную вытворчасць, тэрмін якой не можа перавышаць 1 года.

– Цяпер у нас ёсць план ліквідацыі, сутнасць якога – у продажы прадпрыемства як маёмаснага комплексу, – тлумачыць Уладзімір Пашко. – Атрыманыя грошы пойдуць на выплату крэдыторскіх запазычанасцяў. Сумы, хутчэй за ўсё, не хопіць, таму будзем змушаць да субсідыярнай адказнасці асобаў, якія дапусцілі бядотнае становішча прадпрыемства. А новы ўласнік на ўмовах продажу, згодна з заканадаўствам, павінен захаваць профіль вытворчасці не менш як на 3 гады і працоўныя месцы.

Але што, калі не атрымаецца прадаць завод цягам года? Паводле словаў кіраўніка прафкама Таццяны Філімонавай, калектыў ужо турбуе гэтае пытанне, бо больш за 100 чалавек могуць застацца без працы. І большасць з іх – людзі перадпенсійнага веку, якія маюць спецыфічныя прафесіі, звязаныя з вінаробнай вытворчасцю. Працаўладкуюцца яны ў Полацку?

Першы намеснік кіраўніка райвыканкама Сяргей Лейчанка адказаў пакуль так: «Мы будзем кантраляваць сітуацыю і прымаць адпаведныя захады. Людзі без увагі не застануцца». Застаецца толькі спадзявацца, што гэтыя словы не разыдуцца са справай.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках