20 красавiка 2024, Субота, 5:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як берасцейцы ўсёй сям'ёй адпачылі на моры ў Гішпаніі за 800 еўраў

36
Як берасцейцы ўсёй сям'ёй адпачылі на моры ў Гішпаніі за 800 еўраў
ФОТА: LOUIS JACQUE

Беларусы здолелі спалучыць пляжны адпачынак і насычаную экскурсійную праграму.

Андрэй і Кацярына Мясько з Берасця з вялікай кампаніяй выправіліся на адпачынак у Гішпанію ў верасні летась.

Кажуць, што паездка пакінула пазітыўныя ўражанні: атрымалася спалучыць пляжны адпачынак і насычаную экскурсійную праграму, піша tut.by.

«І ўсё гэта за адносна невялікую суму 800 еўраў на сям'ю за 10 дзён. Камусьці яна можа здацца не эталонам беражлівасці, аднак калі звярнуцца да дапамогі турфірмы ў арганізацыі падобнага адпачынку, будзьце гатовыя памнажаць на два», – упэўненыя Андрэй і Кацярына.

Дарога да Гішпаніі

– Да варшаўскага аэрапорта «Модлін» з Берасця мы дабіраліся на аўтамабілі. Падказваю: калі ёсць магчымасць перасячы мяжу ў нядзелю, скарыстайцеся ёй, таму што чэргі ў гэты дзень мінімальныя. У нас на перасячэнне мяжы сышло менш за гадзіну. Да 22 еўраў за дваіх за страхоўку і паліва неабходна дадаць кошт паркоўкі – 7 еўраў за дваіх за 10 дзён. Раім выбіраць самы танны паркінг: умовы ва ўсіх прыкладна аднолькавыя, падаюць бясплатны трансфер да аэрапорта і назад.

Дзень мы правялі ў Варшаве: наладзілі сабе пешаходную экскурсію да асноўных славутасцяў, наведалі цэнтр навукі «Капернік»: 5 еўраў з чалавека. Вельмі рэкамендуем, будзе цікава і дзецям, і дарослым. На наведванне лепш вылучыць не менш за 4 гадзіны. Начаванне ў Варшаве абышлося 10 еўраў за дваіх.

Пералёт Ryanair з Варшавы ў Жырону і назад з перасадкай у парыжскім аэрапорце «Бавэ» каштаваў 80 еўраў на чалавека. Цікава, што кошт квіткоў далёка не заўсёды прама прапарцыйны аддаленасці даты вылету. Часам квіток, набыты за 2-3 месяцы, можа стацца таннейшым, чым набыты за 10 месяцаў. Калі леціце з дзіцем, загадзя пазнаёмцеся з правіламі канкрэтнай авіякампаніі на гэты конт. Напрыклад, у Ryanair дзіцячы тарыф – 20 еўраў за кожны пералёт, плюс бясплатна можна правезці аўтакрэсла і неразборны вазок. У Wizzair умовы зусім іншыя.

Пры планаванні пералёту мы аддаем перавагу варыянтам перасадкі ў еўрапейскіх аэрапортах, такіх як Шарлеруа, Бавэ, Бергамо, Эйндховен. Кошт можа адрознівацца ў разы, плюс значна пашыраецца геаграфія палётаў. Калі перасадка займае шмат часу, можна даведацца, ці няма чаго цікавага паблізу. Мы наведалі Бавэ: на агляд горада цалкам дастаткова некалькіх гадзінаў, дамінанта – велічны сабор. З аэрапорта ходзіць аўтобус за 1 еўра.

Дзе жыць і як перамяшчацца па Гішпаніі

– Жыллё мы шукалі на booking.com. Спыніліся на ўзбярэжжы Коста-Брава, гарадок Лорэт-дэ-Мар. Апартаменты з дзвюма спальнямі ў апарт-гатэлі Els Llorrers 3 * на 10 начэй абышліся 135 еўраў за дваіх. Але блізу 80 еўраў мы зэканомілі толькі таму, што забраніравалі нумар не на сайце-агрэгатары, а на ўласным рэсурсе гатэля, дзе кошт стаўся ніжэйшым. У нашым распараджэнні ў гатэлі апынулася прасторная гасцёўня з цалкам абсталяванай кухняй, два басейны, бар і нават бясплатны трансфер да пляжу (які знаходзіўся за 15 хвілінаў хады).

Для перасоўванняў па Гішпаніі мы забранявалі аўтамабіль Skoda Fabia 2015 года выпуску ў пракатнай канторы. Кошт пытання – 60 еўраў з пары за 10 дзён. У кошт уваходзіць бак паліва. Эканомія відавочная, бо толькі таксі з аэрапорта да гатэля абышлося б у 50 еўраў на кампанію. Бака бензіну нам хапіла практычна ўпрытык, дазапраўляцца не давялося. Для арэнды неабходна мець крэдытную (а ні ў якім разе не дэбетавую) карту на імя асноўнага кіроўцы, а таксама даволі буйную суму грошай (парадку 1000 еўраў), якія блакуюцца на карце як заклад захаванасці аўто. Праверыць тып вашай карты можна ў інтэрнэце пры дапамозе так званага bin-чэкера. Канторы таксама імі карыстаюцца.

Адпачынак наш атрымаўся вельмі пазнавальным і даволі актыўным. Наездзілі амаль 1000 кіламетраў. Дзякуй навігатару, без яго было б даволі цяжка разабрацца ў хітраспляценнях гішпанскіх дарог. Але калі б пракладалі маршрут аўтамагістралямі, выдаткі на аўто ў нашым выпадку выраслі бы ў паўтара-два разы. Ды і шмат усяго цікавага па дарозе не ўбачылі б. Майце на ўвазе, што ў буйных гарадах Гішпаніі ў дэфіцыце бясплатныя паркоўкі. Калі загадзя ўдакладніце іхняе месцазнаходжанне, зэканоміце некалькі дзесяткаў еўраў за дзень. У Барселоне, куды мы ездзілі двойчы, напрыклад, вялікі бясплатны паркінг размешчаны каля пляжу.

Што глядзець у Гішпаніі

У Барселоне ў першы раз пешшу абышлі асноўныя славутасці. Дарэчы, нахваленыя стварэнні Гаўдзі не выклікалі асаблівага захаплення. Значна больш уразіў шпацыр па парку Сьютадэлля. Падчас другога візіту ў Барселону наведалі акварыум (20 еўраў на чалавека), дагледзелі астатнюю частку гістарычнага цэнтра, а таксама заняліся шопінгам. Запомніце сетку крамаў вопраткі Primark: кошты на некаторыя рэчы – неадэкватна нізкія.

Пабывалі ў Жыроне, горадзе з вузкімі вулачкамі, габрэйскім кварталам, сярэднявечным замкам і саборамі. У Фігерасе мы наведалі тэатр-музей Сальвадора Далі (14 еўраў з чалавека), а таксама пабывалі ў некалькіх маленькіх, але вельмі каларытных мястэчках. Двойчы ездзілі ў суседні курортны горад Тос-дэ-Мар, які адрозніваецца ад Лорэта значна меншай колькасцю расейскамоўных турыстаў, наяўнасцю ўтульных кавярняў, сувенірных крамаў і ў цэлым больш душэўнай атмасферай. Экскурсіі з Лорэта абыдуцца ў даволі прыстойную суму. Напрыклад, паездка ў Барселону – 49 еўраў, аглядная па ўзбярэжжы Коста-Брава – 25 еўраў, у музей Далі і Жырона – 49 еўраў.

Сілкаваліся ў асноўным дома. На ежы асабліва не эканомілі: увесь час набывалі свежыя морапрадукты, хамон, гародніну, садавіну, сыры. Кошты цалкам прымальныя. На ежу патрацілі блізу 150 еўраў з пары за 10 дзён. Для параўнання: у кавярні сярэдні кошт за абед на дваіх быў блізу 20 еўраў.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках