29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На беларускі аўтарынак зноў вяртаюцца «перакупы»

18
На беларускі аўтарынак зноў вяртаюцца «перакупы»

Беларусы не здольныя набываць аўтамабілі ў афіцыйных дылераў.

У студзені – траўні 2017-га агульны рынак першасных продажаў аўто ў колькасці ўгодаў упаў да таго ж перыяду 2016-га на 35%, у грашовым выражэнні – на 22%.

Пра гэта Myfin.by распавёў Сяргей Варывода, кіраўнік рады дырэктараў ГК «Інтэлект».

Галоўныя прычыны такога прасядання, паводле словаў эксперта, – рост коштаў у дылераў пры стагнацыі рэальных прыбыткаў насельніцтва. Паводле звестак Белстата, сярэднеўзважаны кошт увознага легкавога аўто ў студзені – траўні 2017-га апынуўся на 20% вышэйшым, чым на год раней, і склаў блізу 13,5 тысячаў даляраў у эквіваленце.

Гэта аб'ектыўны працэс, звязаны з прадаўжэннем аднаўлення рэнтабельнай эканомікі аўтамабільнага рынку пасля найцяжэйшага фінансавага крызісу 2014–2015 гадоў. Большасць вытворцаў, якія прысутнічаюць на рынку ЕАЭС, па-ранейшаму церпяць страты праз нізкія кошты рэалізацыі машынаў.

– Паводле звестак экс-прэзідэнта асацыяцыі «Расейскія аўтамабільныя дылеры» Уладзіміра Мажэнкава, кошт новых машынаў у нашых усходніх суседзяў з пачатку крызісу вырас на 43–47% пры падзенні курсу рубля да даляра на 80–85%. Такім чынам, узровень коштаў не акупляе выдаткаў на вытворчасць і рэалізацыю. А паколькі амаль 90% новых «легкавікоў» цяпер увозіцца з Расеі, любыя тэндэнцыі расейскага аўтарынку адбіваюцца і на рынку Беларусі, – кажа Сяргей Варывода.

Негатыўны ўплыў узрослых коштаў на попыт у першым паўгоддзі істотна згладжваецца зніжэннем ставак у аўтакрэдытах. У выніку мінус на плюс даюць прыкладна леташні вынік. Паводле словаў эксперта, чаканы аб'ём беларускага рынку «легкавікоў» у 2017-м – блізу 35–37 тысячаў, што стане антырэкордам за апошнія 10 гадоў.

Яшчэ адзін важны трэнд: з ростам коштаў у аўтадылераў актывізуюцца так званыя «перакупы» – фізічныя асобы, якія ўвозяць легкавушкі з-за межаў Мытнага звяза.

– Пакуль у колькасным выражэнні гэта не шмат, 300–400 аўтамабіляў за месяц, але тэмп уражвае: у цяперашнім годзе такіх аўто завезлі ў 5 разоў больш, чым за аналагічны перыяд мінулага, – прадаўжае эксперт.

Сам жа сегмент новых аўто прадаўжае сціскацца, хоць тэмпы ягонага падзення моцна запаволіліся. За паўгоддзе 2017-га – мінус 11% да 2016-га. Новыя машыны ўвозяцца не толькі аўтадылерамі, але і канчатковымі спажыўцамі, якія набылі іх у аўтасалонах іншых краінаў, у асноўным – Расеі.

– Дзель вось гэтага «неарганізаванага ўвозу» істотна скарацілася, разоў у пяць у параўнанні з 2014 і 2015 гадамі, прыкладна да 10% агульнага рынку новых легкавых аўто, што і дазваляе афіцыйным аўтадылерам на спадальным рынку падтрымліваць прыкладна ўзровень леташніх продажаў, – тлумачыць Варывода.

Аднак нягледзячы на аптымізм у афіцыйнай статыстыцы апошніх месяцаў, гэта пакуль не адбілася на плацежаздольным попыце ўсіх вышэйпералічаных сегментаў рынку.

– Бюджэт краіны не ў найлепшай форме, ён усё больш будзе арыентаваны на выкананне сацыяльных абавязальніцтваў, а не на інвестыцыйныя мэты, – мяркуе эксперт.

Паводле ягоных словаў, арганізацыі дзяржсектару, якіх у нашай краіне большасць, пакутуюць ад скарачэння дырэктыўнага крэдытавання, бізнэс відавочна не матываваны на інвестыцыі праз сцісканне попыту на рынку і ціск з боку кантрольна-наглядных органаў.

А пералом у адмоўнай дынаміцы рэальных грашовых прыбыткаў насельніцтва пакуль не дасягнуты, ды і структура выдаткаў насельніцтва моцна ссоўваецца ў бок даражэння «камуналкі», транспарту, новых платных паслуг.

– Аўтамабільны рынак заўсёды першым адчувае дыханне крызісу ў эканоміцы і апошнім аднаўляецца. Любое карэктаванне курсу нацыянальнай валюты прынамсі адсоткаў на дзесяць ажыўляе яго, – адзначае Варывода.

А калі глыбіня дэвальвацыі істотна большая, гэта дае імклівы рост. Менавіта чыннік імгненнай выгоды ад зніжэння коштаў у далярах выштурхнуў наш аўтарынак у топ-25 еўрапейскіх рынкаў паводле вынікаў 2015 года. Аднак такое ажыўленне кароткатэрміновае і правакуе наступную стагнацыю.

– Рынку патрэбны не проста рост, але і ягоная высокую якасць. Збалансаваны макраасяродак у краіне стварае ўмовы для аднаўлення росту без надзімання бурбалак і правакавання наступных узрушэнняў, – падкрэслівае эксперт.

Высокая якасць росту азначае, на жаль, на найбліжэйшую перспектыву ягоныя невысокія тэмпы. І з гэтым трэба змірыцца.

– На мой погляд, цяпер важна замацаваць у свядомасці беларусаў пазначаныя антыдэвальвацыйныя настроі, павысіць узровень спажывецкага аптымізму. Тады нават без істотнага росту рэальных прыбыткаў насельніцтва можна спадзявацца на павелічэнне продажаў з крэдытнай падтрымкай, – рэзюмуе Варывода.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках