19 красавiка 2024, Пятніца, 7:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Джарэд Кушнер дасць у Кангрэсе паказанні ў «расейскай справе»

Джарэд Кушнер дасць у Кангрэсе паказанні ў «расейскай справе»
ДЖАРЭД КУШНЕР
ФОТА: GETTY IMAGES

У ЗША прадаўжаецца расследаванне расейскага ўмяшання ў прэзідэнцкія выбары.

Камітэты Сената і Палаты прадстаўнікоў хочуць распытаць дарадцу і зяця прэзідэнта Трампа пра ягоныя кантакты з шэрагам асобаў з РФ

Расследаванне расейскага ўмяшання ў выбары ў ЗША ўступіла на новую тэрыторыю пасля таго, як камітэты Кангрэса пастанавілі атрымаць інфармацыю ад двух чальцоў сям'і прэзідэнта Трампа. Адным з іх з'яўляецца зяць прэзідэнта Джарэд Кушнер, які, як чакаецца, з'явіцца ў Кангрэсе ўжо ў панядзелак, паведамляе «Голас Амерыкі».

Кушнера можна назваць чалавекам, якога часта бачаць, але рэдка чуюць. Гэта адзін з найбліжэйшых дарадцаў Трампа, якому даручаная задача дасягнення мірнага пагаднення на Блізкім Усходзе і каардынавання намаганняў адміністрацыі ў мадэрнізацыі федэральнага ўрада.

Кушнер возьме ўдзел у закрытых слуханнях камітэтаў Сената і Палаты прадстаўнікоў у выведцы. Абодва камітэты хочуць атрымаць інфармацыю пра ягоныя кантакты з прадстаўнікамі Расеі, уключаючы снежаньскую сустрэчу з расейскім амбасадарам, а таксама сустрэчу з расейскім адвакатам і іншымі людзьмі, звязанымі з Масквой, у чэрвені летась.

Апошняя сустрэча звярнула вялікую ўвагу пасля таго, як сын прэзідэнта – Дональд Трамп-малодшы – апублікаваў перапіску, што сведчыць пра актыўную цікавасць, якую ён выказаў да выкрывальніцкіх матэрыялаў аб апанентцы Трампа на выбарах дэмакратцы Хілары Клінтан, якія, як ён чакаў, мог даць расейскі адвакат.

У сустрэчы (акрамя Кушнера) таксама ўдзельнічалі Трамп-малодшы і тагачасны кіраўнік перадвыбарчага штаба Трампа Пол Манафорт. Першапачаткова планавалася, што яны выступяць у найбліжэйшыя дні ў камітэце Сената ў пытаннях судовай улады, але слуханні з іхнім удзелам былі адкладзеныя з улікам таго, што яны прапануюць камітэту дакументальныя звесткі і інфармацыю.

У сітуацыі, калі расследаванне закранула людзей з найбліжэйшага атачэння кіраўніка дзяржавы, паўсталі пытанні пра магчымае выкарыстанне Трампам ягонага права на памілаванне. Юрысты Трампа адзначаюць, што Канстытуцыя надзяляе прэзідэнта шырокімі паўнамоцтвамі ў памілаванні, але настойваюць, што такая магчымасць не разглядаецца.

«Мы не вывучаем гэтае пытанне, паколькі праблема памілавання – не ў парадку дня, – заявіў адвакат прэзідэнта Джэй Секулоу, выступаючы ў праграме "На гэтым тыдні" на тэлеканале АВС. – Няма падставы для памілавання».

У той самы час Белы Дом настойвае, што ўвага СМІ на «расейскім расследаванні» нічым не абгрунтаваная.

«Тры галоўныя тэмы, якія хвалююць амерыканцаў, – гэта іміграцыя, ахова здароўя і працоўныя месцы, – заявіла прадстаўніца Белага Дому Сара Хакабі Сандэрс, якая выступала ў той самай праграме. – А тры галоўныя тэмы, якія хвалююць СМІ, гэта Расея, Расея і яшчэ раз Расея».

Сваё меркаванне пра сітуацыю выказваюць заканадаўцы ад абедзвюх партыяў. Кіраўнік камітэта Сената ў пытаннях судовай улады рэспубліканец Чак Граслі ў «Твітары» заклікаў цалкам апублікаваць данясенні расейскага амбасадара ў Маскву пра яго меркаваныя гутаркі з сенатарам Джэфам Сэшнсам, якія нібыта былі перахопленыя выведкай і інфармацыя пра якія прасачылася ў прэсу. Сэшнс падтрымліваў Трампа на выбарах, а цяпер займае пасаду генеральнага пракурора.

Тым часам старэйшы дэмакрат у Камітэце Сената ў выведцы Марк Уорнер асудзіў любыя папераджальныя прэзідэнцкія памілаванні людзей, якія апынуліся фігурантамі «расейскага расследавання».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках