29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Саліст «Песняроў» распавёў падрабязнасці сутычкі з хуліганам у аўтобусе

10
Саліст «Песняроў» распавёў падрабязнасці сутычкі з хуліганам у аўтобусе

Супрацьстаяць хулігану Артур Міхайлаў змог дзякуючы спартоваму целаскладу.

Уначы з 10 на 11 ліпеня вакаліст дзяржансамбля «Песняры» Артур Міхайлаў вяртаўся з Масквы ў Менск. У аўтобусе хапала свабодных месцаў, і многія сядзелі асобна.

Але нецвярозы пасажыр праваруч ад мяне ўсе паўтары гадзіны язды з Масквы шукаў нагоды для канфлікту, спрабаваў уступіць у размову з кожным, – распавядае kp.by Артур. – Перад гэтым мужчынам сядзелі жанчыны з дзецьмі, і ён штурхаў іхняе крэсла, скардзіўся, што яму не хапае месца. На пасажыра, які размаўляў праз тэлефон, накрычаў за гучныя гутаркі. Не спадабалася заклапочанаму таварышу і тое, што адчынілі люк. Да мяне прычапіўся, калі я дастаў ссабойку.

Спявак зрабіў нецвярозаму суседу заўвагу, але больш з ім размаўляць не стаў. Потым да мужчыны падышоў сусед Артура спераду. Здавалася, што нецвярозага пасажыра атрымалася супакоіць.

– Ужо сцямнела, і я падумаў, што ён напэўна засне. Паспеў надзець навушнікі і ўключыць фільм на тэлефоне, – распавядае Міхайлаў. – Але праз нейкі час справа атрымаў удар нажом. Паколькі ў тэлефон я глядзеў нахіліўшы галаву, мой крыўдзільнік трапіў у падбароддзе. Хоць мяркуючы з замаху цэліў ён відавочна ў горла.

Далей падзеі развіваліся вокамгненна. Пасля першага шоку Артур зразумеў: ад чалавека з нажом у замкнёнай прасторы трэба абараняцца. Дапамогі чакаць не было ад каго. Наперадзе сядзелі жанчыны з дзецьмі, а мужчыны на месцах за дэбашырам бачылі напад, але схаваліся ад чалавека з нажом за спінкі сядзенняў. Дапамог салісту «Песняроў», які не першы год «пампуе жалеза», ягоны моцны целасклад. Ды і буйнагабарытны хуліган быў ладна п'яны.

– Ён замахваецца другі раз, а я ў гэты момант ныраю пад яго і штурхаю да шкла, каб вывесці з раўнавагі, – успамінае непрыемную сітуацыю Артур. – Мужчына ўдараецца аб шкло, і я паспяваю прыціснуць яго ўсім корпусам. Падчас замаху схапіў яго за пясце рукі з нажом і моцна трымаў, нягледзячы на моцны супраціў.

Калі пачалася бойка, жанчыны запанікавалі. Артур папрасіў пра дапамогу. Два хлопцы гадоў дваццаці падскочылі да Міхайлава і паспрабавалі расціснуць пальцы заблакаванага хулігана. Але нож так і не атрымалася адабраць.

Тым часам кіроўцу папрасілі спыніцца, побач апынуўся пост ДПС. Два супрацоўнікі паліцыі ўляцелі ў салон і з цяжкасцю змаглі прымусіць узброенага мужчыну кінуць нож.

Калі хулігана затрымалі, Артур дастаў свае рэчы, каб спыніць кроў з раны, потым у аўтобусе спеваку далі бінт. Хвілінаў праз сорак прыехала хуткая дапамога з найбліжэйшага горада Рузы. Там спеваку наклалі 8 швоў, а потым паліцыянты адвезлі яго назад да аўтобуса.

Са сказанага п'яным дэбашырам пры затрыманні супрацоўнікамі паліцыі стала ясна: напаў на яго расеец, які ехаў у Менск да брата. Хуліган апынуўся ветэранам-афганцам.

– Цяпер швы ўжо знятыя, – кажа Артур. – Мне пашанцавала, што рана датыкальная і не вельмі глыбокая, хутчэй, ірваная. Дый зашылі ўсё вельмі акуратна. Думаю, хутка слядоў нападу відаць не будзе, а пакуль буду хаваць рубец пад лёгкай няголенасцю – гэта якраз мой стыль. У выпадку чаго звярнуся да лазернай аперацыі.

Праз здарэнне Артур Міхайлаў прапусціў выступ ансамбля на «Славянскім базары ў Віцебску» і некалькі сольных канцэртаў. А ўпершыню пасля здарэння ён выйдзе на сцэну ў канцы тыдня ў Гародні, а потым у Берасці. Спявак кажа, што быў удзячны падтрымцы калег і прыхільнікаў, якія кожны дзень яму пісалі.

– Нават таварышы ў няшчасці з таго самага аўтобуса цікавіліся маім станам! – кажа Артур.

Міхайлаў пастаянна кантактуе з расейскімі паліцыянтамі. Яны кажуць, што хуліган з нажом можа апынуцца ў турме на тэрмін да пяці гадоў. На гэты момант дэбашыр знаходзіцца дома пад падпіскай аб нявыездзе.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках