18 красавiка 2024, Чацвер, 23:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Асмалоўку ператвораць у квартал мастакоў?

13
Асмалоўку ператвораць у квартал мастакоў?

Архітэктар прапануе аддаць мастакам першыя паверхі некаторых дамоў Асмалоўкі.

Раён пасляваеннай двухпавярховай забудовы ў Менску, каля Опернага тэатра, Асмалоўку, пакуль не руйнуюць. Так пастанавілі гарадскія ўлады, адхіліўшы праект дэталёвага планавання, які такое руйнаванне прапаноўваў. Але, што далей? Павел Лучановіч, галоўны архітэктар Менска, анансуе, што новы праект Асмалоўкі будзе. Але яго зробяць з «улікам прапаноў грамадскасці». Новы праект улады яшчэ нават не пачалі рабіць. Гэта «Еўрарадыё» пацвярджаюць у Камітэце архітэктуры Менгарвыканкама і ў Міскграда. Але свае прапановы ёсць у архітэктараў і гісторыкаў.

1. Музей менскага панадворка

Зрабіць з квартала музей прапануе аб'яднанне «Гісторыка», якое ўжо некалькі гадоў займаецца праблематыкай Асмалоўкі. Перадпраектную прапанову спецыялісты аб'яднання збіраюцца скончыць неўзабаве.

«Агульны канцэпт - гэта музей пад адкрытым небам, музей менскага панадворка. Самі домікі там ужо будуць адкрытымі экспанатамі. А жыхары там як жылі, так і будуць жыць. Гэты праект прадугледжвае перагляд тэрыторый дзіцячых садкоў. Калі гораду вельмі трэба ўшчыльненне, то можна нешта пабудаваць на тэрыторыі садкоў», - апісвае старшыня «Гісторыкі» Таццяна Пятрова.

Такі музей прадугледжвае адраджэнне гарадскіх гульняў, якія былі ў 40-я 50-я гады. Для турыстаў Асмалоўка стане адначасова і музеем, і івэнт-прасторай з магчымасцю бавіць час.

2. Квартал мастакоў з пешаходнай зонай

Архітэктар Ілля Яцэвіч прапануе аддаць мастакам пад выставачныя прасторы першыя паверхі некаторых дамоў Асмалоўкі. Таксама там варта зрабіць больш кавярняў і пешаходную зону вуліцай Чычэрына.

«Паводле адной з эскізных прапаноў там хацелі зрабіць «мастацкую вуліцу» з кавярнямі і выставамі. Гэта таму, што на мансардных паверхах дамоў там шмат мастакоў арандуюць студыі. Першыя паверхі маглі б стаць нежылымі, іх можна выкарыстоўваць пад выставы. Можа, хто-небудзь з жыхароў пагадзіўся б пераехаць. Дамы трэба адрамантаваць і адрэстаўраваць у адпаведнасці з праектам. Таксама трэба зрабіць добраўпарадкаванне раёна».

3. Аб'ект для інвестыцый

Экс-начальнік управы аховы гістарычна-культурнай спадчыны Мінкульта Ігар Чарняўскі найперш прапануе шукаць магчымасць зарабіць на Асмалоўцы. Тады і пытанне яе руйнавання знікне.

«У тым выглядзе, у якім Асмалоўка ёсць, яна будзе датацыйнай стратнай. Гэта будзе выклікаць спакусу нешта там зрабіць. Трэба сур'ёзна распрацаваць характар выкарыстання квартала. Банальныя кавярні тут не дапамогуць. Павінны быць нейкія паслугі, якія на нейкі адсотка фінансуюць квартал. Горад хай займаецца інжынернымі камунікацыямі. А што да сцен будынкаў, каб яны неяк зараблялі. Тады ўсе размовы пра руйнаванне спыняцца. Таму што кропка там пакуль не пастаўленая, праект хочуць дапрацоўваць».

Супраць руйнавання Асмалоўкі выказаліся дзесяць тысяч чалавек, пасля гэтага ад планаў руйнаваць квартал адмовіліся. Але праект будуць дапрацоўваць, таму пакуль гэта толькі часовая перамога.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках