25 красавiка 2024, Чацвер, 3:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Браслаў стаў сталіцай пляжных вечарын

3
Як Браслаў стаў сталіцай пляжных вечарын
ФОТА: СЯРГЕЙ ГАПОН

У Браславе прайшоў самы маштабны пляжны оўпэн-эйр у Беларусі.

Беларусы нарэшце дачакаліся спёкі, і на выходных пасунуліся на прыроду і да вады. Цэнтрам прыцягнення стаў Браслаў - сюды прыехала народу больш, чым жыве ў самым мястэчку. Усё праз фэст «Viva Браслаў» - самы маштабны пляжны оўпэн-эйр у Беларусі, піша kp.by.

- А давай усім скажам, што мы адпачывалі на Ібіцы! - экспэрыментуюць з фотаздымкамі на фоне возера і дзве сяброўкі-адпачывальніцы.

На цэнтральным пляжы Браслава курортная атмасфера. Нехта ў позе зоркі грэецца пад сонцам на пясочку, хтосьці боўтаецца ў вадзе. Пячэ сонца, дзьме лёгкі ветрык, недалёка гучыць энэргічная музыка - прыгажосць!

- Вада не вельмі цёплая, як у Балтыйскім моры, але раптам больш не будзе магчымасці пакупацца! - угаворвае сябровак асвяжыцца ў возеры дзяўчына ў блакітным купальніку.

- Хадзем туды, там сімпатычныя дзяўчаты, - прапануе сябрам загарэлы брунэт.

- О! Тут у футбол гуляюць - давайце мы таксама далучымся! - пераводзяць тэму хлопцы.

Пакуль адны шукалі магчымасць пазнаёміцца, іншыя ... бегалі з жонкамі на шыі. Сем'ям далі магчымасць праявіць сябе на першым беларускім чэмпіянаце ў пераносе жонак. Арыгінальны спосаб адпачыць прапанавала Беларуская федэрацыя гонак з перашкодамі.

- Тым, у каго не стае вагі, трэба абавязкова ўзяць з сабой заплечнік з грузам. Ідэальная жанчына павінна важыць 90 кілаграмаў, але для нашага конкурсу дастаткова 49 кіло, - распавядае Алена Машковіч, стартавая суддзя спаборніцтваў.

Умовы простыя: трэба з жонкай на плячах прабегчы паласу перашкод. Прыз - столькі літраў піва, колькі важыць жонка.

- Напэўна, у наступным годзе трэба павялічыць вагу. Весялей, калі нясуць пампушак! Ну што гэтыя худзечы? А так - мяккія, амартызацыя на спіне... - жартуе суддзя.

Бліжэй да вечара ў Браславе пачуліся матывы знаёмых песень. Выступіць на оўпэн-эйры запрасілі гурты «Без Білета» і IOWA, расейскага рэпера L'One і куміра моладзі з Украіны Макса Барскіх.

Галоўную фестывальную сцэну ў гэтым годзе ўсталявалі так, што з галоўнага пляжу яе не было відаць. Пляцоўку перад сцэнай адгарадзілі ад вады - відавочна, з меркаванняў бяспекі.

- А мы хацелі скакаць проста на пляжы! – хмурыць бровы моладзь.

Праўда, гэтай магчымасцю можна было скарыстацца ўночы, калі грала электронная музыка - бо на дыджэяў можна не глядзець, галоўнае - музыка. Дзякуючы ім Браслаў стаяў на вушах да 5-й раніцы.

- Высвятляецца, не абавязкова ехаць кудысьці далёка, каб хораша пагуляць, - пішуць пра фэст у сацсетках. - Вось бы ў наступным годзе таксама так з надвор'ем пашанцавала!

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках