19 красавiка 2024, Пятніца, 21:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што пішуць замежнікі пра Менск

40
Што пішуць замежнікі пра Менск
Фото: steemit.com

На папулярным сэрвісе абмену ведамі Quora ёсць галінка з уражаннямі тых, хто пабываў у Менску.

Quora – гэта анлайн-рынак пытанняў і адказаў. Рэсурс існуе з 2009 года, заснаваў яго адзін са стваральнікаў Facebook Чарлі Чывер. Адказы і меркаванні карыстальнікаў маюць рэйтынг у залежнасці ад таго, як ацанілі іншыя карыстальнікі іх мінулыя адказы.

У чэрвені на Quora з'явілася галінка абмеркавання ад тых, хто пабываў у Беларусі. Тэму завёў нейкі Ёнас Ошкініс, які шчыра прызнаецца, што быў у Беларусі 3 гады таму. Але неўзабаве да яго падцягнуліся тыя, каму ёсць што напісаць пра падарожжа ў Менск, піша kyky.org.

«Ідэальны Савецкі Саюз»

Ёнас Ошкініс (Каўнас): «Сталіца Беларусі – ідэальны Савецкі Саюз з 2000-х: усё дзяржаўнае з украпінамі прыватнага. Тут ёсць шырокія сталінскія вуліцы, дзе ў той самы час можна знайсці кавярню з назвай "Лондан бар".

Але на вуліцах амаль няма заходніх брэндаў (прынамсі, у тым маштабе, да якога мы прывыклі). Іх замяняюць мясцовыя брэнды, якія прапануюць падобныя прадукты. Усе вуліцы і станцыі метро названыя на беларускай мове, але ўсе гавораць толькі па-расейску.

Стары горад вельмі маленькі. Галоўная царква ў горадзе праваслаўная, але пераробленая з каталіцкай. Вы можаце нават убачыць царкву, заціснутую паміж дзвюма савецкімі пабудовамі, і ратушу, нібыта адноўленую і пабудаваную з нуля. З-за мінулых абставінаў у Менску няма ніякага гістарычнага значэння.

Асноўнай рэлігіяй у Беларусі з'яўляецца перамога ў Вялікай Айчыннай вайне. Здаецца, большасць білбордаў прысвечаныя гэтаму: да 70-годдзя або 75-годдзя з Дня Перамогі. Піянеры ўсё гэтак сама стаяць на плошчы Перамогі каля помніка, прынамсі на святы.

І сучасныя войны тут не забытыя. Ёсць месца "пакланення" Афганскай вайне – невялікі востраў з часткамі аэрапорта ў Кабуле. Галоўная фігура – анёл-хлопчык, вельмі сумны. Але ёсць мясцовая легенда: калі жанчына пакратае чэлес гэтага анёла-хлопчыка, яна народзіць менавіта хлопчыка (а не дзяўчынку). І, відавочна, чэлес сапраўды часта кранаюць – ён ззяе, як золата».

«НОВЫЯ ЖЫЛЫЯ РАЁНЫ ВЫГЛЯДАЮЦЬ ЗВЫРОДЛІВЫМІ»

Ёнас Ошкініс (Каўнас): «Горад вельмі бяспечны. Пасля інцыдэнту ў метро было пастаноўлена, што такое больш не паўторыцца. Часта можна ўбачыць патруль з 4-5 чалавек з сілавых структураў і, магчыма, добраахвотнікаў (дружыннікаў). Яны клапоцяцца пра тое, каб усё было спакойна, а піва не было выпітае на вуліцы.

З сучасных будынкаў вылучаюцца футурыстычная бібліятэка і хакейная арэна. І хоць Палац Рэспублікі дабудавалі ўсяго некалькі гадоў таму, для мяне ён усё роўна сталінскі. Новыя жылыя раёны выглядаюць, прабачце, невыносна, вы не хацелі б у іх жыць.

І я быў здзіўлены. Брат самай вядомай спартоўкі Беларусі Дар'і Домрачавай спраектаваў ёй вельмі добры мадэрнісцкі дом каля Менскага мора. І многія людзі лаялі яго, называючы залай аэрапорта або супермаркетам. Эстэтычныя густы ў Беларусі / Менску могуць быць рознымі».

«ВЫ НЕ ЎБАЧЫЦЕ, ШТО ПАРЫ ЦАЛУЮЦЦА ПУБЛІЧНА»

Томас Фарнсворс: «Савецкія помнікі, як сацыяльныя, так і фізічныя, паўсюль: ляпніна з сярпом і молатам у Оперным тэатры, статуі Леніна, савецкі барэльеф у метро. Гэта і было гістарычнай цікавінкай для мяне. Да таго ж у ЗША і ЕЗ высокія кошты.

Я ніколі не сустракаў некага нядобрага, але вы не ўбачыце, што пары цалуюцца публічна (гэта незаконна), людзі смяюцца (гэта груба), дзеці шчасліва крычаць (таксама груба). Людзі ходзяць на свае справы, пазбягаюць вочнага кантакту.

Мне падабаецца шпацыраваць у Беларусі. У Менску ёсць помнікі і паркі, шмат зялёных зонаў, калі ведаць, куды ісці. Я правёў амаль увесь час са сваёй дзяўчынай, якая родам з Беларусі. Не ведаючы расейскай, я быў бы бездапаможны без яе. Таму, калі збіраецеся ў Беларусь, абавязкова дамоўцеся з расейскамоўным кампаньёнам. Гэта ператворыць ваш досвед з цяжкага ў выдатны».

«НАЙГОРШЫ ГАТЭЛЬ У МЕНСКУ»

Гары Фінельштайн (Узбекістан): «Я не спыняўся ў кожным менскім гатэлі, але з упэўненасцю скажу, што гатэль "А..." – найгоршы. І гэта думка ад чалавека, які большую частку жыцця правёў ва Узбекістане. Там мы не прывыклі да раскошы. І мы нічым не сапсаваныя.

Але гэты гатэль – іншы. Ён ліпкі, смярдзючы, а ўсё, што павінна быць белым, стала бэжавым. Перайду да сутнасці. Я ўвайшоў у свой нумар, зняў прасціны – гіганцкая падазроная пляма, падобная на пляму ад кавы, якая ўсё яшчэ была вільготнай. Напэўна, гэта была не кава, таму што ад паху мне зблажэла. Я выразна памятаю, як калега сказаў мне, што гэта адзін з найлепшых гатэляў Менска. Гэта быў жарт.

Калі я пайшоў на рэсэпшн (таму што тэлефон не працаваў), спатрэбілася паўгадзіны, каб хтосьці нарэшце ўзяў на сябе адказнасць і пайшоў са мной у нумар. Убачыўшы падазроную пляма, супрацоўнік падышоў да шафы, дастаў яшчэ адну прасціну і проста паслаў па-над запэцканай. І падказаў мне, каб я падклаў пад ніз ручнік, калі ўсё яшчэ адчуваю вільгаць. Я пайшоў з гатэля, мне не вярнулі ні капейкі, я начаваў на лаўцы ў парку».

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках