23 красавiка 2024, aўторак, 12:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Чарнавус: Восень у Беларусі будзе гарачай

41
Мікалай Чарнавус: Восень у Беларусі будзе гарачай

Індывідуальныя прадпрымальнікі гатовыя далучыцца да акцыяў пратэсту па ўсёй краіне.

Апошнім часам прыходзіць усё больш трывожных сігналаў ад прадпрымальнікаў з рэгіёнаў. Рынкі апанавалі гандляры з Сярэдняй Азіі. Беларускія прадпрымальнікі б'юць трывогу, бо праблема выйшла з-пад кантролю. У Рагачове прыехалым «бізнэсмэнам» аддалі цэлы хол паліклінікі, такая сітуацыя ў іншых маленькіх гарадах. Нядобрасумленныя гандляры акупавалі амаль усе вобласці: бяруць у арэнду ад 100 да 500 квадратных метраў, працуюць з парушэннем усіх заканадаўчых нормаў.

Адначасова Мінфін анансаваў змены ў Падатковы кодэкс, якія толькі ўскладняць жыццё беларускім ІП.

Ці можна казаць пра тое, што чыноўнікі лабіруюць інтарэсы гандляроў з Сярэдняй Азіі, ці зможа беларускі бізнэс заставацца на плыву пасля чарговых «сюрпрызаў» ад падаткавікоў, ці выйдуць прадпрымальнікі на Плошчу ўслед за «дармаедамі» – пра ўсё гэта cайт Charter97.org пацікавіўся ў баранавіцкага актывіста і прадпрымальніка Мікалая Чарнавуса:

– Пачалося сапраўднае нашэсце гандляроў з Сярэдняй Азіі. Для вялікіх гарадоў гэта пакуль не так актуальна. Яшчэ не дабраліся да нас. У Баранавічах адчыніліся чатыры гандлёвыя кропкі, а горад вялікі і гэта не так прыкметна. Зусім іншая сітуацыя ў маленькіх гарадах – для іх гэта сапраўдная бяда. У мяне ёсць знаёмы прадпрымальнік з Крупак, так ён кажа, што гэтыя «гастралёры» загасілі ўвесь бізнэс у горадзе.

Не дзіўна, што людзі купіліся на таннасць. Працоўныя на заводах і прадпрыемствах атрымліваюць 200 рублёў. Трэба ж людзям неяк выжываць. Беларусы вельмі дрыгатліва сталі ставяцца да коштаў. Кожную капейчыну берагуць. Пойдзе на базар – няма 5 рублёў, а за 2 рублі набудзе кофту.

А як нашым прадпрымальнікам канкураваць: заплаціш за арэнду, падаткі, зборы – застаешся ні з чым. А ў «гастралёраў» – ільготы і поўны карт-бланш. Супрацоўнікаў не рэгіструюць, касавымі апаратамі не карыстаюцца, сертыфікатаў на прадукцыю няма.

І якая тут канкурэнцыя? Для маленькіх гарадоў гэта моцны ўдар.

– Чаму ўлады выкарыстоўваюць падвойныя стандарты: падымаюць патрабаванні для ІП і заплюшчваюць вочы на шматлікія парушэнні з боку гандляроў з Сярэдняй Азіі? Ці можна сказаць, што іх нехта «страхуе»?

– Тут усё праплачана. Я вам скажу як прадпрымальнік: каб мне адкрыць гандлёвую кропку, трэба абіваць парогі райвыканкама, трэба сабраць стос подпісаў ад усіх гэтых «чынушаў». А яны праплацілі ўсё. Ім такія плошчы вылучаюцца, каб мне нешта падобнае ўзяць у арэнду трэба атрымаць тэндар. А для гэтых людзей – зялёнае святло.

Можна cказаць, што існуе адзіны цэнтр кіравання гэтым бізнэсам. У іх вельмі падобныя метады працы, гандляры сыходзяць ад праверак. Тавар падвозяць фурамі. Відаць, што нядрэнную капеечку яны ў Менску заплацілі. А беларускія прадпрымальнікі зачыняюцца.

А калі казаць пра якасць, то ў іх яна проста жудасная. Я не спецыяліст, але паглядзіце самі: пару раз апрануў такі швэдар і ён разыходзіцца ў розныя бакі. Наша прадукцыя больш якасная, але дарагая.

Трэба дамагацца таго, каб прыкрылі гэтую лавачку, працаваць людзям не даюць.

– Мінфін анансаваў змены ў Падатковы кодэкc. Ці атрымаецца выходзіць у плюс пасля падобных падатковых навінаў?

– Cітуацыя ў беларускім бізнэсе пагаршаецца не з кожным месяцам, а з кожным днём.

Таваразварот пастаянна падае, у людзей кішэні пустыя, ходзяць па рынку, ходзяць – а набыць нічога не могуць. Улетку яшчэ больш-менш ідзе гандаль, людзі ідуць у адпачынкі, нешта набыць хочуць, расейцы прыязджаюць. Яшчэ атрымліваецца неяк выжываць. Але людзі з жахам чакаюць наступлення восені, гэта будзе сапраўдны «голы сезон».

Баранавіцкія прадпрымальнікі самі да мяне падыходзяць і кажуць: давайце мы ў верасні разам з «дармаедамі» выйдзем і заявім пра свае правы, выйдзем з плакатамі, каб арэнду панізілі, падаткі. Паборы непад'ёмнымі сталі.

Будзем пратэставаць, а што нам застаецца?! Рыхтуем акцыі, восень будзе гарачай.

Напісаць каментар 41

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках