18 красавiка 2024, Чацвер, 20:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як беларускі апазіцыянер скарае еўрапейскія стадыёны

Як беларускі апазіцыянер скарае еўрапейскія стадыёны

Лявон Анацка цягам двух гадоў бегае 24-гадзінныя марафоны.

Як адзіны беларус ён прэзентаваў краіну на апошнім міжнародным чэмпіянаце ў Белфасце. «Белсат» распытаў Лявона, як пераадолець сябе, дасягнуць мэты і застацца маладым.

Некалькі дзён таму Лявон Анацка вярнуўся з двухдзённага марафону ў Празе з вынікам 256 км. Перад гэтым беларус прывёз нядрэнны вынік з Англіі, пераадолеўшы 165 км за суткі ў забегу на чэмпіянаце свету ў Белфасце. Сярод 400 удзельнікаў Лявон адзіны прэзентаваў Беларусь і ў сваёй узроставай катэгорыі заняў 4-е месца.

«Многія пабаяліся, таму што, вядома, трапіць у Англію з Беларусі дастаткова цяжка. Шэнген там не дзейнічае, давялося візу рабіць, а гэта вельмі складана. Прычым пры маім заробку будаўніка на абутковай фабрыцы, як высветлілася, 105 фунтаў – гэта дзённы заробак таго ангельца, які будзе мяне ў Англію пускаць. Давялося папацець, каб сабраць нейкія там дывідэнды рэальныя, якія я атрымліваю. Затое цяпер у мяне ёсць віза. Планую на Каляды ў Лондан паляцець, а перад гэтым будзе забег у Барселоне, а пасля гэтага 31 снежня хачу ўдзельнічаць у забегу ў Капенгагене і там жа сустрэць Новы год», – распавядае пра свае планы беларускі бягун.

Лявон з гонарам паказвае нам сваю спартовую форму:

«Усё ў бел-чырвона-белым. Гэта мая футболка была, я вам пакажу. Дзе лацінкай пачынаецца, я стартаваў, а вось з кірыліцай я ўжо фінішаваў. Я хацеў, каб Беларусь было відаць. Апрануў на ангельскай мове майку, стаў самы апошні, пабег і паволі стаў усіх абганяць, каб усё ж такі яны прачыталі. Страціў хвілінку, але мне было прыемна. У выніку прабег роўна 100 колаў. Усе да сотні ці больш за сотню, а ў мяне такі круглы вынік атрымаўся».

На апошнім чэмпіянаце ў Белфасце ўдзельнічала блізу 400 чалавек з 40 краінаў свету, прычым сярод жанчынаў прадстаўніца Польшчы Патрыцыя Беразноўска пабіла новы сусветны рэкорд – 258 км за суткі! Сярод мужчынаў наперад выйшаў японец, пераадолеўшы 267 км.

«Галоўнае – любіць жыццё!»

Лявон даў некалькі парадаў ахвотным пераадолець такую дыстанцыю:

«Па-першае, патрэбны добры абутак! Бо я як патрыёт і прадстаўнік Лідскай абутковай фабрыкі набыў сабе нейкія красоўкі нашага вырабу. У выніку такія мазалі нацёр, што цалкам ад ступні адыходзілі. Цяпер перайшоў на больш салідны абутак. Не буду казаць, каб не рабіць рэкламы. А па-другое: любіць жыццё, быць шчаслівым і ведаць, і верыць, што дойдзеш да раніцы. Быць цярплівым і самае галоўнае – хутка не стартаваць. Усё як у жыцці: у 18 гадоў можна так загуляць, што потым у 25 ні здароўя, ні сілаў, ні жадання. А я вось хачу паказаць, што можна быць шчаслівым і здаровым і ў другой палове жыцця.

Як распавядае Лявон, у дзяцінстве ён 12 разоў перахварэў на запаленне лёгкіх, а на першым курсе інстытута пастаянна пакутаваў ад павышанага ціску. Але гэта не перашкодзіла яму адчуваць сябе здаровым і шчаслівым.

Што тычыцца харчавання, то 55-гадовы спартовец імкнецца прытрымлівацца вегетарыянскай ежы. Галоўнае – каб хутка засвойвалася.

«Перад Белфастам я ўвогуле два месяцы нічога мяснога не еў. Пры бегу і ўвогуле такой цяжкай працы трэба есці ежу, якая хутка засвойваецца. Я вельмі люблю кефір, нейкую іншую гародніну, ягады, магу яблыкаў шмат з'есці. І яно адразу ў кроў ідзе, і гэта дапамагае. Бо калі твае ныркі дзесьці не спрацоўваюць на 12 гадзіне, і пачынае ўся ежа ад стомленасці не засвойвацца. А ў мяне апетыт зверскі. Я калі іду, ем усё запар, звычайна іду і ем на хаду. Ну і з вадой. Я з дзяцінства ў лесе суткі без вады мог абыходзіцца. Ну, праводзіў эксперыменты калісьці для сябе, 68 гадзінаў сухой галадоўкі, і нармальна сябе адчуваў».

На допытах КДБ

Як узгадвае Лявон, цягавітасць і умеранае спажыванне ежы дапамагалі часам і ў іншых сітуацыях. Да прыкладу на допытах КДБ падчас мінулых прэзідэнцкіх выбараў, калі ён узначальваў назіранне за выбарамі ва ўсёй Гарадзенскай вобласці.

«Калі мяне выклікалі на допыт, то ўжо гэты кадэбіст спяшаецца дадому ісці, а я кажу: “Не... Давайце на беларускую мову перакладзем пратакол”. І мы яшчэ гадзінку перакладалі, другую, трэцюю. А цяпер давайце пытанні задаваць. А яму ўжо жонка тэлефануе. А я – есці не хачу, піць не хачу і паліць – не палю. Магу сядзець там колькі заўгодна. Не-не-не, давайце яшчэ. Я замучыў яго так, што ён ужо ўсё: ідзіце, ідзіце, ідзіце», – успамінае актывіст.

«Бегаць і бегаць!»

Лявон Анацка блізу 20 гадоў узначальвае лідскі філіял «Таварыства беларускай мовы» (ТБМ), працаваў у Беларускім Хельсінкскім камітэце, у Фондзе Льва Сапегі, блізу 8 гадоў быў дэпутатам гарадскога савета ў Лідзе. Цяпер спрабуе наладзіць супрацоўніцтва з Беларускай федэрацыяй лёгкай атлетыкі ў пытанні пашырэння беларускай мовы. Аднак ягоныя лісты ў федэрацыю пакуль вяртаюцца назад без адказу.

Наступны чэмпіянат свету ў суткавым бегу будзе праходзіць у Аўстрыі ў 2019-м годзе, Лявон хоча сабраць каманду з Беларусі. У нашай краіне 24-гадзінны бег не праводзіцца, максімальныя забегі 12 гадзінаў, але, як кажа спартовец, «бегуноў у нас хапае».

«У клубе “Рэгіён”, хачу адзначыць, што на марафоне мяне даганяюць некаторыя сябры з 39-га і 36-га года, і даводзіцца з імі змагацца! Так што, думаю, мне яшчэ бегаць і бегаць!» – кажа ён.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках