29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Злотнікаў: Трэба зняць тлушч з наменклатуры

19
Леанід Злотнікаў: Трэба зняць тлушч з наменклатуры
Леанід Злотнікаў
Фота: charter97.org

Улады цынічна ігнаруюць праблему беспрацоўя ў краіне.

Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў пачынае кампанію збору подпісаў за павышэнне дапамогі ў беспрацоўі, але не за кошт далейшага збяднення насельніцтва. Пра гэта belaruspartisan.org заявіў намеснік кіраўніка БКДП Сяргей Антусевіч.

Паводле ягоных словаў, беспрацоўе заўсёды было адной з самых сур'ёзных праблемаў Беларусі. Аднак да нядаўняга часу ўлады не звярталі на яго практычна ніякай увагі.

"Улады краіны доўгі час цынічна ігнаравалі праблему беспрацоўя, спасылаючыся на тое, што яно настолькі нізкае (менш за 1%), што на яго нават не варта звяртаць увагу. Аднак рэальнае беспрацоўе было і застаецца на шмат разоў вышэйшым за афіцыйнае. Але ў краіне былі створаныя такія ўмовы, што беспрацоўныя не рэгістраваліся. Па-першае, таму што дапамога ў беспрацоўі вельмі нізкая. Максімум, на што могуць спадзявацца цяпер людзі, якія засталіся без працы, – гэта 2 базавыя велічыні за месяц (46 рублёў). Але на практыцы дапамога меншая: паводле звестак Белстата, у сярэднім у краіне яна складае 21 рубель. А плацяць яе ўсяго 12 месяцаў. Па-другое, нават гэтыя капейкі большасць беспрацоўных атрымаць не могуць, бо паводле закону на дапамогу не могуць спадзявацца людзі, якія звольніліся з уласнага жадання, праз пагадненне бакоў або дыскрэдытавальныя абставіны. А часцяком менавіта так звальненні і адбываюцца. Акрамя таго, каб атрымліваць дапамогу – трэба ўдзельнічаць у грамадскіх працах", – распавядае Сяргей Антусевіч.

Аднак пасля прыняцця дэкрэта «аб дармаедах», сітуацыя змянілася.

"Пад пагрозай пакарання людзі вымушаныя былі масава пайсці рэгістравацца ў якасці беспрацоўных. Паводле звестак Белстата, беспрацоўе складае ўжо амаль 6%. Аднак у рэчаіснасці яно яшчэ нашмат вышэйшае. Людзі ўсё роўна не ідуць рэгістравацца, занадта з вялікімі цяжкасцямі гэта звязана", – кажа намеснік кіраўніка БКДП.

Пасля такога ўсплёску афіцыйнага беспрацоўя ўлады заўважылі нарэшце праблему і анансавалі ўказ, які прадугледжвае павышэнне дапамог у беспрацоўі. Аднак крыніцы гэтага павышэння выклікаюць у незалежных прафсаюзаў яшчэ больш пытанняў.

"Цяперашні ўзровень дапамогі – гэта проста здзек з людзей, якія трапілі ў цяжкія жыццёвыя абставіны. Нават у ваеннай Украіне яна складае $ 67 даляраў, а ў нас – $ 10–12. Яе ніяк нельга назваць сацыяльнай абаронай чалавека. Гэтых капеек хапае толькі на праязны, каб адзначыцца на біржы працы. Такі памер дапамог проста зневажае чалавечую годнасць. І пасля прыняцця дэкрэта №3 улады загаварылі пра павышэнне дапамог да ўзроўню пражытковага мінімуму, але не за кошт бюджэту, а за кошт новага павышэння падаткаў, якое ў праекце ўказа назвалі страхаваннем у беспрацоўі, частку якога павінны плаціць самі супрацоўнікі, а частку – прадпрыемства. Гэтага рабіць ні ў якім разе нельга – падатковая нагрузка ў Беларусі і так надзвычайная", – распавядае юрыстка БКДП Алена Яськова.

Эканаміст Леанід Злотнікаў таксама мяркуе, што сёння павышэнне падаткаў прывядзе да пагаршэння эканамічнай сітуацыі і далейшага збяднення грамадзянаў.

"Большасць прадпрыемстваў проста не вытрымаюць чарговага павышэння падаткаў. Яны і так функцыянуюць на мяжы выжывання. Новыя паборы, відавочныя або схаваныя, іх проста знішчаць. Але і падымаць дапамогі, безумоўна, трэба. І не толькі таму, што проста не па-чалавечы так ставіцца да людзей. Плаціць $ 12 за месяц – гэта проста дзікунства. Але і таму, што гэта прапісана ў міжнародных абавязальніцтвах, якія ўзяла наша краіна. Ужо быў прэцэдэнт у 2007 годзе, калі на просьбу Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) Еўракамісія пазбавіла Беларусь часткі належных ёй гандлёвых прэфэрэнцыяў. Цяпер яна можа пазбавіць нас і рэшты. Міжнародныя механізмы дзейнічаюць павольна, але прэцэдэнт ужо быў і МАП не спыніцца, пакуль Беларусь не пачне выконваць узятыя на сябе абавязальніцтвы", – распавядае эканаміст.

У той самы час крыніцы для павышэння дапамог у Беларусі ёсць, мяркуе эксперт.

"Па-першае, неабходна перайсці з плоскай шкалы падаткаабкладання на прагрэсіўную. Гэта значыць, тыя, хто зарабляе больш – павінны будуць плаціць большы адсотак падаткаў, чым тыя, хто зарабляе мала. Гэта правільна і справядліва. Так робіцца ва ўсіх развітых краінах. Па-другое, трэба зняць тлушч з наменклатуры. Цалкам незразумела, чаму яны маюць ільготы, павышаную стаўку пенсій і г. д., чым яны лепшыя за людзей, якія працуюць ля станка, напрыклад? Вызваленых у выніку грошай, паверце, з лішкам хопіць на тое, каб павысіць дапамогі ў беспрацоўі", – мяркуе Злотнікаў.

Яшчэ адной сур'ёзнай праблемай з'яўляецца няпоўная занятасць.

"Людзі, пераведзеныя на няпоўную занятасць, якія працуюць 1-2 дні на тыдзень (а гэта цяпер зусім не рэдкасць) і якія атрымліваюць $ 100 – гэта ж фактычна таксама беспрацоўныя. І яны таксама маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне", – распавядае Сяргей Антусевіч.

Зыходзячы з усяго пералічанага, незалежныя прафсаюзы прапануюць:

1. Павысіць мінімальны памер дапамогі ў беспрацоўі да ўзроўню мінімальнага спажывецкага бюджэту на душу насельніцтва за кошт дзяржбюджэту, без павелічэння падатковай нагрузкі на насельніцтва і прадпрыемствы.

2. Максімальны памер дапамогі ў беспрацоўі ўсталёўваць у адсоткавых суадносінах да сярэдняга заробку за апошнія 3 месяцы, але не ніжэй за 50% страчанага заробку.

3. Выплачваць дапамогі ў беспрацоўі грамадзянам, звольненым з любых падставаў.

4. Выплачваць дапамогу грамадзянам, занятым няпоўны працоўны час.

5. Павялічыць даўжыню перыяду выплаты дапамог да 36 месяцаў.

Петыцыя з адпаведнымі патрабаваннямі размешчаная на сайце zvarot.by і да канца верасня пад ёй можа падпісацца любы ахвотны. Потым яна патрапіць у саўмін, Мінэканомікі, Мінпрацы і адміністрацыю Лукашэнкі.

"Мы, вядома, не маем асаблівых ілюзіяў, што ўлады вось так возьмуць і пагодзяцца на ўсе нашы патрабаванні. Мы ўжо 8 гадоў спрабуем дамагчыся павышэння дапамог у беспрацоўі і кожны раз атрымліваем адмову. Але сёння сітуацыя змянілася – і міжнародная, і ўнутраная абстаноўка такія, што ўлады больш не могуць ігнараваць праблему беспрацоўя ў краіне", – распавядае Алена Яськова.

Нагадаем, паводле звестак Белстата, беспрацоўе ў Беларусі на пачатак года складала 5,8%. На думку незалежных экспертаў, у рэчаіснасці яно складае блізу 10%. Таксама ў нашай краіне мае месца высокая залішняя занятасць. Так, паводле ацэнак Міністэрства працы яна складае блізу 5%, паводле падлікаў Еўразійскага банка развіцця – больш за 20%. Такім чынам, беспрацоўным ужо з'яўляецца або ў любы момант можа стаць кожны трэці беларус.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках