19 красавiка 2024, Пятніца, 18:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Вёска навукоўцаў» узбунтавалася супраць чыноўнікаў

5
«Вёска навукоўцаў» узбунтавалася супраць чыноўнікаў
Фота: tut.by

Жыхары мікрараёна Лошыца просяць суд скасаваць пастанову Менскага гарвыканкама аб руйнаванні.

Уладальнікі прыватнага сэктара ў Лошыцы, які ў народзе называюць «вёскай навукоўцаў», падалі ў суд скаргу на Менскі гарвыканкам. У ёй яны просяць скасаваць пастанову аб канфіскацыі іхніх надзелаў і руйнаванні дамоў «для дзяржаўных патрэб», піша tut.by.

- Паведамленне аб тым, што нас будуць руйнаваць, мы атрымалі ў траўні ад УКБ Ленінскага раёна. Яна спасылалася на пастанову Менскага гарвыканкама ад 6 красавіка 2017 года № 1130 «Аб будучым адабранні зямельных надзелаў для дзяржаўных патрэб і руйнаванні размешчаных на іх аб'ектах нерухомай маёмасці». Мы мяркуем, што гэтая пастанова не адпавядае нормам дзейнага заканадаўства і парушае нашы законныя правы і інтарэсы, - кажуць жыхары прыватнага сэктара.

Пад скаргай, якую падалі ў суд, падпісалася 12 уладальнікаў дамоў. Яшчэ 15 уладальнікаў плануюць далучыцца да скаргі найбліжэйшым часам.

«Вёска навукоўцаў» - кавалак прыватнага сэктара ў межах вуліцы Чыжэўскіх, завулка і праезду Лошыцкага, дзе жыве ўжо трэцяе пакаленне навукоўцаў-біёлагаў, кандыдаты навук у галіне хіміі, фізікі, эканомікі, галоўныя інжынеры-праграмісты вялікіх кампаній, выкладчыкі вядучых ВНУ Менска і г.д.

Паводле першага з распрацаваных праектаў прыватны сэктар у Лошыцы мелі «прарэдзіць» пад забудову мікрараёна Лошыца-5 шматкватэрным жыллём. «Вёску навукоўцаў», а гэта некалькі дзесяткаў дамоў, абяцалі захаваць. Але два гады таму, калі на грамадскае абмеркаванне выставілі праект забудовы мікрараёна, архітэктары абвясцілі, што «вёска», якая паводле пастановы Мінкульта мела гістарычную каштоўнасць, страціла гэтую каштоўнасць і таксама пойдзе пад бульдозер.

«На сённяшні дзень гэтыя дамы страцілі сваю каштоўнасць у плане гісторыі, бо кожны з гэтых дамоў зазнаў змены: былі выкананыя надбудовы, прыбудовы, і гістарычны характар гэтай вуліцы быў страчаны, - казала архітэктарка праекта Галіна Перліна. - Таму і Мінкульт падтрымаў, гэтая вуліца ўжо не мае гістарычнай каштоўнасці і ідзе пад руйнаванне».

Адразу пасля прэзэнтацыі актывісты раёна сабралі амаль 2 тысячы подпісаў супраць руйнавання і накіравалі іх у адміністрацыю. Але некалькі гадоў барацьбы не прынеслі выніку, і ў красавіку гэтага года Менскага гарвыканкам прыняў пастанову аб руйнаванні прыватнага сэктара ў Лошыцы, у тым ліку і «вёскі навукоўцаў».

У сваёй скарзе ўладальнікі дамоў пазначылі некалькі пунктаў, паводле якіх яны не згодныя з пастановай горада аб руйнаванні. Напрыклад, людзі мяркуюць, што ў пастанове няма належнага абгрунтавання канфіскацыі зямельных надзелаў для дзяржаўных патрэб.

- У выпадку, калі зямельны надзел адбіраецца для дзяржаўных патрэб, у пастановы аб яго адабранні павінна быць пазначаныя падставы (адна або некалькі) з дадаткам копій дакументаў (альбо выпісак з іх), якія пацвярджаюць гэтыя падставы. У пастанове аб нашых дамах пазначана, «прынятая з мэтай рэалізацыі генеральнага плана Менска ў сувязі з патрэбай рэалізацыі праекта будаўніцтве аб'екта «Забудова мікрараёна Лошыца-5» у горадзе Менску». Але ні генплан, ні дакументы аб будаўніцтве названага аб'екта, ні якія-небудзь іншыя дакументы або выпіскі з іх, якія пацвярджаюць правамернасць і абгрунтаванасць канфіскацыі ў нас зямельных надзелаў, да пастановы дададзеныя не былі. Больш за тое, у пастанове няма ніякай інфармацыі пра магчымасць азнаямлення з такімі дакументамі, - кажуць мясцовыя жыхары. - Адабранне зямельнага надзела для дзяржаўных патрэб у законнага праваўладальніка можа быць абгрунтаваным, толькі калі рэалізацыя ўзніклай патрэбы дзяржавы немагчымая іншым шляхам, акрамя пазбаўлення нас законнага права на зямельны надзел. З пастановы Менскага гарвыканкама не вынікае, што рэалізацыя генеральнага плана і будаўніцтва аб'екта «Забудова мікрараёна Лошыца-5» у горадзе Менску з'яўляецца патрэбай дзяржавы і немагчымая без руйнавання нашых дамоў.

Тыя, чые дамы хочуць пабурыць, таксама зазначаюць, што паводле генплану і дзяржаўнай праграмы «Будаўніцтва жылля на 2016-2020 гады», мэтай горадабудаўнічага развіцця Менска з'яўляецца «стварэнне спрыяльнага асяроддзя жыццядзейнасці і забеспячэнне ўстойлівага развіцця места ў інтарэсах цяперашняга і будучага пакаленняў» і «варункаў для задавальнення грамадзянамі патрэбы ў даступным і выгодным жыллі згодна з іхнім індывідуальным запытам і фінансавымі магчымасцямі».

Ні ў гэтай дзяржаўнай праграме, ні ў генеральным плане не ідзе гаворка пра стварэнне спрыяльнага асяроддзя для адных грамадзян за кошт пагаршэння варункаў жыцця іншых і вымушаным іх перасяленні ў значна менш выгодныя і звыклыя для іх умовы, - кажуць уладальнікі прыватных дамоў. - Зямельныя дзялянкі выдаваліся нам у бестэрміновае карыстанне пад будаўніцтва жылых дамоў на законных падставах, і абмежаванне тэрміну карыстання зямельным надзелам супрацьзаконнае.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках