23 красавiка 2024, aўторак, 12:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гомельскія чыноўнікі таемна «гандлююць» Сожам

8
Гомельскія чыноўнікі таемна «гандлююць» Сожам

Нягледзячы на ўказ Лукашэнкі, гомельскі райвыканкам правёў аўкцыён за права арэнды Сожа.

Нягледзячы на падпісанне Лукашэнкам указа, які забараняе здачу ў арэнду вадаёмаў - рэк, ручаёў і каналаў - Гомельскі райвыканкам ўсё ж правёў аўкцыён па здачы адрэзкаў ракі Сож, піша gomel.today.

Вынікам грамадскай кампаніі, якая разгарнулася ў Мазыры пасля спробы мясцовых уладаў здаць у арэнду 91 кіламетр ракі Прыпяць і больш за 300 гектараў пойменных вадаёмаў, стала падпісанне кіраўніком указа №247. Дакумент забараніў арэнду вадаёмаў - рэк, ручаёў, каналаў. Аднак, дзе-нідзе мясцовыя ўлады ўсё яшчэ спрабуюць паспець здаць у арэнду прыродныя аб'екты да ўваходжання ўказа ў дзеянне.

24 ліпеня ў Гомелі быў праведзены чарговы аўкцыён па здачы ў арэнду адрэзка ракі Сож. Ва ўправе сельскай гаспадаркі і харчавання Гомельскага райвыканкама сказалі, што ўказ пакуль у дзеянне не ўвайшоў, а аўкцыён быў запланаваны да яго падпісання, таму і быў праведзены ў прызначаны тэрмін.

Ад больш падрабязных каментароў супрацоўнікі райвыканкама адмовіліся, адзначыўшы, што далей пытанне арэнды будзе разглядацца ў Гомельскім аблвыканкаме, які згодна з цяпер дзейнымі нормамі ўпаўнаважаны складаць дамовы арэнды рыбалоўных угоддзяў.

У аблвыканкаме ж, пакуль, да пытання толькі падступаюцца. Падчас праведзенага там абмеркавання праблемы кіраўніцтва вобласці рэкамендавала арандатарам адмовіцца ад збірання платы за рыбалку.

Хоць Мінсельгасхарч у сваіх адказах мазырскім актывістам абяцаў, што дамовы на арэнду рэк да падпісання адпаведнага нарматыўнага дакумента ўзгадняцца не будуць. У гэтай сувязі не зусім зразумела, як гомельскім уладам удалося атрымаць «усе неабходныя ўзгадненні».

Гомельскія праціўнікі арэнды Сожа таксама звярталіся ў розныя інстанцыі, сабралі больш за 5000 подпісаў супраць арэнды ракі. Аднак, як і ў Мазыры, раённыя ўлады вызначылі не звяртаць увагі на патрабаванні сваіх землякоў і аўкцыён правялі.

У аддзеле рыбалоўнай гаспадаркі і індустрыяльнага рыбаводства аб'яднання «Белвадгас», якое курыруе пытанні развіцця галіны ў рэспубліцы, у сувязі з правядзеннем аўкцыёну ў Гомелі сказалі:

«Мы неаднаразова, у тым ліку, пісьмова выказваліся, што супраць такіх дзеянняў мясцовых органаў улады, але яны распарадчыкі прыродных рэсурсаў, у нас толькі ўзгадняльная кампетэнцыя».

Ці будзе ўзгодненая арэнда Сожа падчас апошняга аўкцыёну, пакуль сказаць складана. Але, як адзначылі ў «Белвадгасе», праводзіць конкурс на два тыпы дзейнасці - зусім няма сэнсу, бо да 14 студзеня 2018 года арганізацыі платнага аматарскага рыбалоўства неабходна будзе выключыць з усіх дамоваў арэнды рэк.

Што ж будзе з арэндай Сожа, ці ўдасца раённым уладам Гомельскага раёна ўскочыць у апошні вагон і здаць Сож у арэнду да ўваходжання ў дзеянне ўказа №247, пакажа час.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках