25 красавiка 2024, Чацвер, 8:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літоўскі экспэрт: АЭС у Беларусі пачне дзейнасць не блізка

8
Літоўскі экспэрт: АЭС у Беларусі пачне дзейнасць не блізка

Расатам каторы раз абвясціў аб тым, што ўвядзенне ў эксплуатацыю атамнай станцыі ў Астраўцы адкладаецца.

Цяпер станцыю плануецца ўвесці ў эксплуатацыю не ў 2018-м ці 2019 годзе, а ў 2020-м. Пра тое, чаму спазняецца ўвядзенне станцыі ў эксплуатацыю, ці можа гэта абярнуцца канфліктам на лініі Масква - Менск, на гэтыя ды іншыя пытанні Charter97.org адказаў Марцінас Нагявічус, прэзідэнт Літоўскай канфедэрацыі аднаўляльных крыніц энэргіі.

- Чаму спазняецца ўвядзенне станцыі ў эксплуатацыю?

- Давайце пачнём з таго, што ўвядзенне ядзерных станцый у эксплуатацыю са спазненнем - у атамнай энэргетыцы штодзённасць. Фактычна атамныя станцыі, будаўніцтва якіх закончылася ў тэрмін, можна пералічыць на пальцах. Адным з такіх прыкладаў з'яўляецца будаўніцтва рэактара, які ставяць карэйцы, але гэта болей вынятак з правілаў.

Асноўная прычына, чаму адкладаецца ўвод у эксплуатацыю практычна кожнай АЭС у свеце, на маю думку, наступная: складаная тэхналогія, якая патрабуе выключнай ахайнасці і педантычнасці, не даруе памылак. Кожнаму інжынеру выдатна вядома, што складаная тэхналогія, разам з патрабаваннем бясхібнасці - небяспечная «мешанка», асабліва калі трэба ўкласціся ў бюджэт і зададзеныя тэрміны.

Лабісты, якія праштурхоўваюць праекты атамнай энэргетыкі, зазвычай дэманструюць занадта вялікі аптымізм, прычым робяць так цалкам свядома, каб пераканаць кліентаў прыняць станоўчыя пастановы. І нарэшце, падчас доўгага будаўніцтва часта мяняюцца патрабаванні, узмацняецца кантроль, у выніку даводзіцца зноў перарабляць ужо зробленае.

Хоць дакладная прычына, праз якую гэтым разам давялося адкласці ўвод у эксплуатацыю АЭС, мне невядомая. Я больш чым упэўнены, што гэта далёка не апошні раз.

- Гэта значыць, будаўніцтва АЭС у Астраўцы каштавацьме значна даражэй, чым гэта сцвярджае Расатам і Менск?

- Атамная энэргетыка - дарагая забаўка, таму апошні час ядзерныя станцыі будуюцца толькі ў тых краінах, дзе іх можна будаваць не на рынкавых умовах, хаваючы іх кошт і не затлумляючыся з нагоды таго, наколькі канкурэнтнай з'яўляецца энэргія, якую яны вырабляюць.

- Дапусцім, кошт будаўніцтва будзе расці. Ці можа гэта паслужыць падставай для канфлікту паміж Масквой і Менскам?

- Складанае пытанне. Канфлікт можа набыць такую форму, як, напрыклад, у Фінляндыі - паміж кліентам і прадаўцом ядзерных тэхналогій карпарацыяй Арэва. З іншага боку, канфлікты, калі яны з'явяцца, могуць абладжвацца ціхачом, у кабінетах дыпламатычных устаноў, без патрэбы аддаць іх публічнасці.

- Літва робіць процьму намаганняў для таго, каб спыніць імпарт на еўрапейскі рынак электрычнай энэргіі, якую мае вырабляць АЭС у Астраўцы.

- Напраўду сітуацыя такая, што самой Беларусі спатрэбіцца ў будучыні абмежаваць экспарт таннай энэргіі з аднаўляльных крыніц энэргіі ў Скандынавіі. У адваротным выпадку будзе вельмі цяжка хаваць тое, што АЭС у Астраўцы не канкурэнтаздольная.

Груба кажучы, калі беларускія заводы атрымаюць магчымасць купляць танную энэргію, якая трапляе ў Беларусь праз літоўскія сеткі са Скандынавіі (у будучыні і з самой Літвы, калі нарэшце ў нас скончыцца праграма развіцця альтэрнатыўных крыніц энэргіі), іх будзе вельмі нялёгка прымусіць негвалтоўнымі метадамі набываць энэргію з АЭС тым коштам, які дасць станцыі магчымасць выйсці на самаакупнасць.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках