25 красавiка 2024, Чацвер, 18:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія метэаролагі перагледзелі тэмпературныя нормы

2
Беларускія метэаролагі перагледзелі тэмпературныя нормы

За апошнія трыццаць гадоў сярэднегадавыя тэмпературы ў Беларусі выраслі на 1,3 градуса.

У нашай краіне сталі вырошчваць больш цеплалюбныя сельскагаспадарчыя культуры і плануюць скараціць выкід цяплічных газаў у атмасфэру, піша tut.by.

- Клімат мяняецца, гэта ўжо бясспрэчна, - распавёў Віктар Мельнік, начальнік службы навукова-метадычнага забеспячэння гідраметэаралагічнага і радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу і фондаў звестак Рэспубліканскага цэнтра гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.

Паводле слоў спецыяліста, Белгідрамет мае звесткі аб назіраннях пачынаючы з XVII стагоддзя. У 1989 году пачаўся безупынны рост тэмпературы паветра: за выняткам аднаго года, кожны наступны год быў цяплейшы за папярэдні.

- На тэрыторыі Беларусі сярэдняя шматгадовая тэмпература паветра ў параўнанні з кліматычнай нормай вырасла на 1,3 градуса, гэта даволі значнае павелічэнне, - адзначыў спецыяліст.

Праз змену клімату панятак нормы давялося перагледзець.

- З 1 ліпеня гэтага года Белгідрамет перайшоў на новыя кліматычныя нормы, - распавёў Віктар Мельнік. - Мы разлічылі гэтыя нормы за перыяд пацяплення з 1981 да 2010 года. На гэты конт былі рэкамендацыі Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі. Для нашага часу цёплыя зімы становяцца нормай. Калі раней мы казалі, што ўзімку тэмпература на 2-3 градусы вышэйшая за норму, то цяпер, калі зіма будзе цёплай, мы будзем казаць што яна цяплейшая за норму на 1 градус.

На поўдні Палесся вылучылі новыя агракліматычныя абшары, у паўднёвых раёнах краіны пачалі вырошчваць новыя сельскагаспадарчыя культуры. Больш распаўсюджаныя сталі вінаград, бахчавыя і кукуруза.

- Павелічэнне працягласці вегетацыйнага перыяду амаль на месяц, большая колькасць цяпла - гэта дадатковы чыннік, які пры правільным вядзенні сельскай гаспадаркі дасць дадатковую прадукцыю, - разважае спецыяліст Белгідрамета. - Можна падаць прыклад: цяпер Беларусь перайшла на самаакупнасць ў апрацоўцы кукурузы на зерне. Пры тых тэмпературах, якія былі да пацяплення, гэта было практычна немагчыма.

Экспэрт мяркуе, што працэс пацяплення працягваецца, аднак рабіць дакладныя доўгатэрміновыя прагнозы нельга. Паводле ягоных слоў, выкід цяплічных газаў, які часта звязваюць з глабальным пацяпленнем, можа быць не адзінай прычынай змены клімату.

У красавіку мінулага года Беларусь далучылася да Парыжскага пагаднення аб барацьбе са зменай клімату. Наша краіна абавязалася знізіць выкіды цяплічных газаў у атмасфэру на 28% у параўнанні з узроўнем 1990 года.

- Я практычна ўпэўнены, што мы выканаем гэтае абавязанне, - мяркуе Іван Наркевіч, галоўны навуковы супрацоўнік аддзела міжнародных праектаў РУП БелНДЦ «Экалогія». - Цяпер мы распрацоўваем стратэгію нізкавугляроднага развіцця Беларусі. Зніжэнне выкідаў адбудзецца за кошт таго, што мы больш будзем выкарыстоўваць аднаўляльныя крыніцы энэргіі - вецер, ваду, цяпло, гідратэрмальную энэргію. Але пакуль мы знаходзімся на пачатку гэтага шляху.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках