20 красавiка 2024, Субота, 4:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы паслалі Кабякова... у Польшчу

30
Беларусы паслалі Кабякова... у Польшчу
АНДРЭЙ КАБЯКОЎ
ФОТА: ТАСС

Прэм'ер-міністр закрануў балючую для народа тэму – кошты на медпрэпараты.

Наведваючы Барысаўскі завод медпрэпаратаў у аўторак, Андрэй Кабякоў заявіў, што кошты на лекі ў Беларусі павінны заставацца на прымальным узроўні.

– Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю цяпер працуе над аналізам рынку коштаў, у тым ліку на імпартныя тавары. Людзі не павінны пераплачваць за лекі – ні за айчынныя, ні за імпартныя, – заявіў прэм'ер-міністр.

Андрэй Кабякоў адзначыў, што на рынку павінны прысутнічаць усе неабходныя прэпараты – і айчыннай вытворчасці, і імпартныя.

На дыскусійнай пляцоўцы talks.by некалькі фарумчанаў паслалі прэм'ер-міністра ў Польшчу – вывучаць кошты на лекі.

«Хай таварыш Кабякоў разбярэцца, чаму цяпер лекі вязуць плынню з Расеі, з Польшчы, ды адкуль заўгодна – толькі не набываюць іх тут. Што такога цудоўнага з імі адбываецца ў самай сацыяльнай дзяржаве, што кошт так рэзка павялічваецца?» – задаецца пытаннем адзін з карыстальнікаў.

«Наш урад манапалізаваў рынак лекаў і самым бессаромным чынам папаўняе казну за кошт самых маламаёмасных і безабаронных пластоў насельніцтва – пенсіянераў і простых людзей, якія не маюць магчымасць куды-небудзь ездзіць, – выказаўся іншы ўдзельнік дыскусіі. – У суседняй Польшчы многія лекі амаль удвая таннейшыя, і многія іхнія аптэкі прадаюць лекі на нашы рэцэпты. Асабіста выконваў заказы сяброў і знаёмых, калі ездзіў!»

Загадчыца адной са сталічных аптэк у размове з карэспандэнтам «Салідарнасці» адзначыла, што для яе загадка, чаму імпартныя прэпараты ў нас каштуюць так дорага. Як прыклад яна прывяла прэпарат для сардэчнікаў «Плавэкс», які ў Польшчы каштуе нашмат танней.

Фармацэўт прызнаецца: ёй таксама прывозяць з-за мяжы імпартныя прэпараты, у тым ліку і бады. Напрыклад, рыбін тлушч з Літвы. Паводле ейных словаў, на біялагічна актыўныя дабаўкі ў нашых аптэках вызначаюць максімальныя нацэнкі. Эксперт не выключае, што гэта звязана з тым, што бады не з'яўляюцца лекамі.

– Пенсіянеры ў 90% выпадкаў набываюць беларускія прэпараты, – распавядае працаўніца аптэкі і адзначае, што некаторыя беларускія лекі каштуюць на ўзроўні імпартных ці нават даражэй.

У якасці прыкладу яна прывяла максанідзін (вытворца Лекфарм) і стопкрыз «Салютас Фарма» (Нямеччына). Інгаліпт украінскага або расейскага вытворцы таксама каштуе танней, чым беларускі.

– Гэта лёгка праверыць на сайце tabletka.by, – прапаноўвае фармацэўт. – Пажылыя людзі часта аддаюць перавагу валідолу (у таблетках) украінскай або расейскай вытворчасці. Белмедпрэпараты выпускаюць валідол у капсулах. Упакоўка нашага прэпарата каштуе даражэй. Беларусы набываюць імпартны карвалол, таму што выбіраюць флакон аб'ёмам 25 мл за 59 капеек, а не айчынны прэпарат (50 мл) за 1,76 рубля.

Эксперт падвяла вынік: пераплачваюць за лекі тыя, хто не можа выязджаць за мяжу і не хоча лячыцца беларускімі аналагамі.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках