24 красавiка 2024, Серада, 4:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады прадаўжаюць «хітраваць» з дзяржзакупкамі

1
Улады прадаўжаюць «хітраваць» з дзяржзакупкамі

Новы антыманапольны закон пакідае шмат шчылінаў.

Прадстаўнікі нядаўна створанага антыманапольнага міністэрства (МАРГ) на днях абвесцілі, што ў абноўленым законе «Аб супрацьдзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі», які, як чакаецца, будзе прыняты ў канцы гэтага года і ўступіць у сілу ў сярэдзіне наступнага, будуць утрымлівацца палажэнні, якія адносяцца да сферы дзяржзакупак, піша Паліна Макарава для сайта «Наша думка».

Любая дзяржава набывае значную колькасць тавараў і паслуг за бюджэтныя грошы. Для таго каб грошы падаткаплацельнікаў былі выдаткаваныя з розумам, закупкі павінны быць добра арганізаваныя. Добрай практыкай мяркуецца, калі дзяржаўныя набыткі заахвочваюць канкурэнцыю сярод прыватных прадпрыемстваў, незалежна ад іх досведу працы з дзяржавай або, што яшчэ больш важна, асабістых сувязяў з арганізатарамі закупак.

Паводле ацэнак міжнароднай арганізацыі Transparency International, страты бюджэту ад недасканаласці заканадаўства пры дзяржзакупках складаюць 20–25% – тут ідзе гаворка і пра набыццё паводле завышаных коштаў, і пра набыццё тавараў невысокай якасці.

Беручы пад увагу, што на закупкі беларуская дзяржава траціць немалыя грошы (недзе дзясятую частку ВУП), страты таксама атрымліваюцца немалыя. Прычым не заўсёды можна весці гаворку пра карупцыю, часам няякасны або занадта дарагі тавар набываецца дзяржаўнымі арганізацыямі з найлепшых матывацыяў – дапамагчы змізарнеламу дзяржаўнаму заводу або горадаўтваральнаму прадпрыемству, напрыклад. У выніку, вядома ж, пакутуюць усе.

Новая версія антыманапольнага закона з'явілася, у першую чаргу, таму, што Беларусь увайшла ў Еўразійскі эканамічны звяз. Адно з палажэнняў дамовы пра ЕАЭЗ – гэта роўны доступ кампаніяў кожнай з краінаў-удзельніцаў да дзяржзакупак на тэрыторыі ўсяго эканамічнага звяза. Гэта значыць, на паперы доступ можа быць і роўны, а вось на справе дзяржаўныя арганізацыі могуць трохі хітраваць, каб забяспечыць перамогу ў конкурсе айчынным кампаніям. Менавіта для стварэння роўных умоваў кожная краіна-ўдзельніца і павінна абнавіць сваё антыманапольнае заканадаўства.

Яшчэ адны прыхільнікі антыманапольнага рэгулявання дзяржзакупак – міжнародныя фінансавыя арганізацыі на чале з МВФ. На іхнюю думку, сумленныя дзяржзакупкі дапамагаюць развіццю малога і сярэдняга бізнэсу. Ва ўсім свеце невялікі бізнэс любіць дзяржаўныя кантракты – яны мяркуюцца надзейнымі, атрымаць такі заказ – вялікі поспех. Таму ў праграмах эканамічных рэформаў, якія Беларусь абмяркоўвае з міжнароднымі арганізацыямі, ідзе гаворка і пра антыманапольнае рэгуляванне дзяржзакупак.

У праекце закона, пра які кажа прадстаўнік МАРГ, ёсць два істотныя новаўвядзенні. Па-першае, пасля аб'явы пра закупку заказчык не можа даваць парады «набліжаным» пастаўшчыкам з нагоды таго, як найлепш аформіць заяўку для таго, каб гарантавана перамагчы ў конкурсе.

Па-другое, аб'ява павінна ўтрымліваць толькі істотныя характарыстыкі набыванага тавару, гэта значыць тыя, якія ўплываюць на яго якасць. Напрыклад, калі вы хочаце набыць нататнікі для канферэнцыі, у аб'яве можна паказаць такія характарыстыкі, як памер, якасць паперы, тып змацавання лістоў. Калі ж вы пры гэтым напішаце, што на вокладцы павінен быць намаляваны ружовы коцік – толькі таму, што ваш знаёмы прадпрымальнік гандлюе нататнікамі з ружовымі каткамі, – вы парушыце антыманапольны закон.

Беларускія ўлады, аднак, валодаюць немалым досведам нядопуску замежных кампаніяў да дзяржзакупак – гэта не пераставала быць прадметам сур'ёзнай дыскусіі на найвышэйшым узроўні, напрыклад, у рамках Саюзнай дзяржавы. Застаецца толькі назіраць, ці зменіцца сітуацыя з прыняццем новай рэдакцыі закона.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках