24 красавiка 2024, Серада, 23:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Якія расейскія войскі запаўняюць Беларусь?

11
Якія расейскія войскі запаўняюць Беларусь?

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці пра вучэнні «Захад-2017».

Паводле афіцыйных звестак, у вучэннях «Захад-2017» возьмуць удзел блізу 10200 жаўнераў і афіцэраў беларускага і расейскага войска, з іх блізу 3000 - ад узброеных сіл Расеі. Самі вучэнні пройдуць з 14 да 20 верасня.

Супольныя беларуска-расейскія вучэнні выклікалі вялікі рэзананс у нашым рэгіёне і ў сродках масавай інфармацыі - былі агучаныя падазрэнні аб магчымай расейскай агрэсіі супраць Украіны праз украінска-беларускую мяжу, «крымскі сцэнар» супраць самой Беларусі, з'яўлення расейскіх вайсковых баз на тэрыторыі нашай краіны, гаворыцца у рэпартажы «Белсату».

Афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі і Масквы зняпраўджваюць магчымасць такога развіцця падзей.

Усяго патроху

Пра тое, якім можа быць расейскі кантынгент у Беларусі ў верасні, журналісты тэлеканала пагаварылі з вайсковым аналітык Аляксандрам Алесіным. Асноўную частку расейскіх вайскоўцаў могуць скласці механізаваныя і танкавыя часткі расейскага 1-га гвардзейскага танкавага войска, мяркуе спецыяліст.

«З расейскага боку з вялікай імавернасцю будуць перакінутыя часткі 1 танкавага войска з пад Масквы і Ельні», - сказаў Алесін.

У склад 1-га танкавага войска, якое было адроджанае ў лістападзе 2014 года, уваходзяць 4-я танкавая Кантэміраўскай дывізіі і 2-я мотастралковая Таманская дывізія, 27-я асобная мотастралковая брыгада, 6-я асобная танкавая брыгада, 96-я асобная выведвальная брыгада, артылерыйскія брыгады і часткі забеспячэння.

Таксама будуць удзельнічаць расейскія часткі паветрана-дэсантных войскаў. Усё гэта - частка шматгадовай адпрацоўкі сцэнару перакідкі расейскіх войскаў у Беларусь у выпадку вайсковай пагрозы.

«Гэта адпавядае дакументам аб супольнай абароне РБ і РФ. У адпаведнасці з імі ў пачатку пагражальнага перыяду беларускія войскі будуць стрымліваць патэнцыйнага агрэсара, чакаючы дапамогу расейскіх войскаў», - кажа экспэрт.

Шляхам дэсантавання з паветра або пасадачным спосабам на аэрадромах будуць прыбываць найбольш мабільныя - паветрана-дэсантныя часткі, а потым чыгункай або шасэйнымі дарогамі будуць ісці «цяжкія» механізаваныя і танкавыя дывізіі і брыгады з Заходняй вайсковай акругі Расеі.

З беларускага боку ўдзельнічае ўдвая больш войскаў. На думку экспэрта, гэта будуць у сукупнасці 1-2 механізаваныя брыгады асобнымі найбольш баяздольнымі падраздзяленнямі, Вайскова-паветраныя сілы і войскі супрацьпаветранай абароны, Сілы спецыяльных аперацый.

Усяго ў вучэннях будзе задзейнічана да 680 адзінак баявой тэхнікі, распавёў раней міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў.

З расейскага боку будуць прысутнічаць блізу 280 адзінак тэхнікі, у тым ліку да 25 самалётаў і верталётаў.

Сцэнар вайны

У выніку гэтыя войскі створаць агульную групоўку, якая павінна весці бой на тэрыторыі Беларусі.

«Канкрэтныя дакументы сакрэтныя, але элементы адпрацоўваюцца кожны год не толькі на вучэннях «Захад». Гэта адпрацоўваецца на супольных вучэннях дробнага маштабу, у тым ліку пантонныя, авіяцыйныя, СПА. Не толькі на тэрыторыі Беларусі - напрыклад, на палігоне Ашулук, дзе сцэнар вучэнняў напраўду аб тэрыторыі Беларусі», - распавёў Алесін.

Раней на вучэннях беларуска-расейская групоўка звычайна «змагалася з незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі».

«Легенда была аб пранікненні груп баевікоў, тэрарыстаў і да таго падобнае, думаю, цяпер яна можа змяніцца на больш «рэгулярнага» праціўніка. Краіны NATO са свайго боку ўжо празрыста намякаюць на тое, каго бачаць праціўнікам», - сказаў Алесін.

Падчас вучэнняў агульнай групоўкай будзе камандаваць начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Алег Белаконеў, які перад гэтым амаль тры з паловай гады кіраваў беларускімі камандас - Сіламі спецаперацый.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках