28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы ўшанавалі памяць герояў нацыянальнага адраджэння

1
Беларусы ўшанавалі памяць герояў нацыянальнага адраджэння

У Беларусі адзначаюць гадавіну прыняцця дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце.

На ініцыятыву руху салідарнасці «Разам» на Усходніх і Кальварыйскіх могілках Менска актывісты ўсклалі кветкі да помнікаў вядомых беларускіх дзеячаў, паведамляе «Радыё Рацыя».

«У гэты дзень неабходна ўспомніць усіх тых, хто так ці інакш датычны да аднаўлення незалежнасці Беларусі», - кажа заснавальнік руху салідарнасці «Разам» Вячаслаў Сіўчык:

Справа ў тым, што сёння Дзень незалежнасці, які абсалютна незаконна скасаваў Лукашэнка. На жаль, частка нашага насельніцтва на гэта забылася. Праз гэта Дзень незалежнасці не можа быць скасаваны, і мы сёння хочам ушанаваць памяць беларускіх дзеячаў, бо незалежнасць кожнаму народу дастаецца вельмі цяжка, і беларускі народ не выключэнне.

Для таго, каб мы былі незалежнай краінай, і, напрыклад, нашы людзі масава не гінулі ў тых войнах, якія цяпер ва ўсім свеце, людзі і працавалі, і жылі, і гінулі.

Алесь Станкевіч, чалец «Беларускага згуртавання вайскоўцаў», чалец сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада»:

- Мы мяркуем, што гэта - страчаны Дзень незалежнасці, і тое, што мы прыйшлі сюды, гэта даніна павагі тым людзям, якія гэтую незалежнасць здабывалі. Мая думка, што мы прыйшлі сюды збольшага, каб пакаяцца перад імі, стаць перад імі на калені, і папрасіць прабачэння за тое, што таго, што яны не змаглі зрабіць, мы і да гэтай пары не зрабілі. Іх ужо некалькі гадоў няма, а мы ўсё блукаем і не тое, што не маем таго, што было пры іх, але і страцілі тое, што было.

Можа гэта дасць нам нейкі штуршок, можа аб'яднае нас да далейшых дзеянняў. А так, вядома, адзначаць свята незалежнасці на могілках, - не найлепшы ўчынак. Быў час, калі мы хадзілі праспектам, і гэта ведалі ўсе і віталі. Але час праходзіць і стала так, што кажуць, што мы такія людзі, якія з двух ліхаў выбіраюць трэцяе, вось мы і абралі тое трэцяе і маем, што маем.

Славамір Адамовіч, паэт:

- Гэты Дзень варта памятаць, прынамсі культурна, эліце народа, ён павінен абавязкова быць паказаны ў школьнай праграме, у вышэйшых навучальных установах. Але я хацеў бы адзначыць, што ўсё ж для мяне галоўная дата - 25 сакавіка, якая дала адлік у ХХ стагоддзі існаванню сучаснай нацыі, якая яшчэ ў стане стварэння, але тым не менш. А 27-я гэта безумоўна знак, калі ў спрыяльных умовах мы змаглі выкарыстаць і аднавіць, або прадоўжыць, тую ідэю, якую заснавалі ў 1918 годзе нашы папярэднікі. Таму лагічна, што гэты Дзень трэба памятаць.

Лявон Баршчэўскі, былы Дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання:

- Гэты дзень - другі этап аднаўлення нашай незалежнасці пасля 25 сакавіка 1918 года. Пасля Трэцяй статутнай граматы, такі дакумент, які абвяшчаў намер Беларусі стаць незалежнай дзяржавай, у 1990 годзе быў прыняты ўпершыню. Гэта безумоўна гістарычная дата. Тыя ж латышы адзначаюць Дзень прыняцця такой дэкларацыі як асноўнае дзяржаўнае свята.

І, мяркую, мы таксама павінны да гэтага вярнуцца. Пэўным чынам склалася традыцыя, што ў гэты летні дзень можна ўшанаваць памяць людзей, якія так ці інакш звязаныя з аднаўленнем нашай незалежнасці, або спрыялі ёй, і паколькі ўжо прайшоў той час, калі ў гэты дзень праводзіліся шматтысячныя дэманстрацыі, то гэта адзін з такіх фарматаў, які прымальны менавіта для гэтай пары года.

Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі была прынятая Вярхоўным Саветам БССР 27 ліпеня 1990 года. А ўжо праз год, пасля правалу путчу, 25 жніўня 1991 года гэтаму дакументу быў нададзены статус канстытуцыйнага закона.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках