19 красавiка 2024, Пятніца, 16:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Начальнік навагодняга стрэлка з МУС: На выклік паслаў дваіх, а дайшоў чамусьці адзін

60
Начальнік навагодняга стрэлка з МУС: На выклік паслаў дваіх, а дайшоў чамусьці адзін
Андрэй Гаўрош
ФОТА: TUT.BY

На судзе ўсплылі новыя падрабязнасці гучнай справы аб навагодняй страляніне ў Менску.

У судзе Маскоўскага раёна Менска працягваецца працэс у гучнай справе. Сёння ўжо даў сведчанні абвінавачаны Андрэй Гаўрош. Маладзёна судзяць паводле ч.2 арт.363 КК «Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў». Калі віна будзе даведзеная, то яму пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі. У судзе дапытваюць калегу пацярпелага міліцыянта, паведамляе tut.by.

Старшы дзяжурны інспектар Канстанцін Лядніцкі распавёў, што ў навагоднюю ноч з паўночы да 6 раніцы да іх у аддзяленне паступіла блізу 60 паведамленняў. Сярод іх - з праспекта Любімава. Маладая сям'я скардзілася на тлумных суседзяў знізу. На выклік выехаў Руслан Салаўёў, праз некаторы час ён затэлефанаваў Лядніцкаму і паведаміў, што стрэліў у чалавека.

- Калі я пазней яго ўбачыў, у яго быў неахайны выгляд, валасы ўскудлачаныя, мабыць, была барацьба, на плячах меліся пацёртасці, на шыі таксама чырвоная пацёртасць. Ён сказаў, што яго хацелі задушыць, у выніку барацьбы адбыўся стрэл, - распавядае падчас допыту міліцыянт Канстанціна Лядніцкі.

Асобна з'явілася пытанне: дык ці мог супрацоўнік міліцыі выбываць на візіт адзін? Падчас допыту сам пацярпелы распавядаў, што напярэдадні змены падчас інструктажу кіраўніцтва дало загад - адзінцом на выклік не хадзіць. Але ў Лядніцкага іншая версія.

- Можна было аднаму, у залежнасці ад сітуацыі, - адказвае сведка.

- Хіба вам не паведамлялася ў той вечар, што выязджаць трэба толькі ўдваіх? - цікавіцца адвакатка абвінавачанага Алена Станкевіч.

- Не, гэта было больш у якасці рэкамендацыі.

На пытанне пракурора, як старшы дзяжурны інспектар можа ахарактарызаваць свайго калегу Руслана Салаўёва, той адказаў, што ён «ураўнаважаны, фізічна развіты, паспяхова прайшоў адпаведную падрыхтоўку».

Аднак яшчэ падчас першага дня судовага пасяджэння высветлілася: ў 2016 годзе Салаўёў не здаў іспыт у страляніне па мішэні сілуэту.

Падчас допыту міліцыянта Лядніцкага суддзя Святлана Бандарэнка зрабіла яму заўвагу: сведка ўнікае шчырых адказаў, спасылаецца на дакументы для службовага карыстання, унікаючы канкрэтыкі, блытаецца ў сведчаннях.

РУСЛАН САЛАЎЁЎ

Пасля шматлікіх пытанняў адвакаткі і суддзі Канстанцін Лядніцкі ўсё ж такі распавёў, што на выклік на праспект Любімава ён накіраваў двух супрацоўнікаў міліцыі. Дайшоў толькі адзін Салаўёў.

- Як Вы мяркуеце, яны выканалі Вашу просьбу? - пытаецца суддзя

- Так, толькі другі супрацоўнік дайшоў на выклік пасля тэлефанавання Салаўёва, калі на яго ўжо напалі.

- Дык Вы ж казалі, што на візіт можна выбываць аднаму. Дык навошта накіроўвалі тады дваіх супрацоўнікаў? - удакладняе суддзя.

- Мабыць, яны меліся ўдваіх рухацца ў бок візіту, каб у аднаго міліцыянта не ўзнік канфлікт з якой-небудзь грамадой, - кажа Лядніцкі.

Сам пацярпелы сяржант на пытанне, чаму ён не меў пры сабе гумавай дубінкі, растлумачыў, што дубінка адна на дзяжурную частку. Ягоны начальнік Лядніцкі на гэтае ж пытанне адмовіўся адказваць, бо «колькасць спецыяльных сродкаў - гэта службовая інфармацыя».

- Я не мог даць гумовую дубінку Салаўёву, бо ў мяне знаходзіліся адміністрацыйныя затрыманыя, і я не выключаў таго, што сам магу ёй скарыстацца, - адказаў міліцыянт Канстанцін Лядніцкі.

Нагадаем, што яшчэ ў першы дзень судовага працэсу Андрэй Гаўрош заявіў, што віну не прызнае.

Абвінавачанаму 29 гадоў, жанаты, мае вышэйшую адукацыю, да затрымання працаваў на «Кераміне». Паводле версіі следства, у навагоднюю ноч п'яны Гаўрош напаў на супрацоўніка міліцыі, спрабаваў завалодаць ягонай табельнай зброяй, таму 23-гадовы сяржант Руслан Салаўёў быў вымушаны страляць. Агулам прагучалі тры стрэлы: Гаўроша паранілі ў ногі і спіну.

Адразу пасля трагедыі міліцыянт казаў пра тое, што было два стрэлы. Першы пайшоў у бок паштовых скрынь. Але ўжо праз некалькі дзён пацярпелы прыгадаў: ён усё-ткі стрэліў тройчы.

- Папераджальнага стрэлу не было. Першы раз стрэліў у нагу, каб прычыніць меншую шкоду абвінавачанаму, - распавядаў у судзе Руслан Салаўёў.

Астатнія два стрэлы прагучалі падчас бойкі.

- Я цягнуў пісталет да сябе, а ён да сябе. Увесь час трымаў мяне за руку, не адпускаў, таму яна рухалася ўгору-дадолу, - тлумачыў у судзе сяржант міліцыі.

Ён адразу сказаў: маральную шкоду з абвінавачанага спаганяць не будзе, але просіць аплаціць 87 рублёў за сапсаваную ўніформу.

Напісаць каментар 60

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках