23 красавiка 2024, aўторак, 14:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што падаражэе ў жніўні

3
Што падаражэе ў жніўні

Стала вядома, якія змены чакаюць нас у апошні месяц лета.

Зноў падаражэюць цыгарэты, ВНУ скончаць прыёмную кампанію, вырастуць дапамогі на дзяцей. Што яшчэ зменіцца ў апошнім месяцы лета? Пра гэта піша intex-press.by:

Падаражэюць некаторыя цыгарэты

З 1 жніўня падаражэюць некаторыя цыгарэты гарадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман», асобныя маркі цыгарэт кампаніі «Тытунь-інвест». Вырастуць кошты і некаторых імпартных цыгарэт. Напрыклад, Camel Filters і Camel Blue падаражэюць на 5 капеек.

Для некаторых людзей знізіцца мінімальны страхавы стаж

Для тых, хто выходзіць на пенсію ў 2017 годзе, мінімальны страхавы стаж, неабходны для прызначэння пенсіі згодна з узростам - 16 гадоў.

З 1 жніўня для некаторых катэгорый насельніцтва гэты стаж стане ніжэйшым. Гэта закране людзей, якія доўгі час ажыццяўлялі догляд за інвалідам першай групы або дзіцём-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, а таксама за асобамі, якія дасягнулі 80-гадовага ўзросту. Гэтыя катэгорыі людзей будуць мець права на працоўную пенсію па ўзросту пры наяўнасці не менш чым 10 гадоў страхавога стажу і агульнага стажу працы не менш за 40 гадоў у мужчын і 35 гадоў у жанчын.

Мінімальны страхавы стаж таксама паменшыцца для тых, хто не менш за 10 гадоў праходзіў вайсковую службу, але не мае права на вайсковую пенсію. Для атрымання пенсіі па ўзросту такім людзям будзе дастаткова 10 гадоў страхавога стажу і агульнага стажу працы не менш за 25 гадоў у мужчын і 20 гадоў у жанчын.

ВНУ скончаць прыём платнікаў

4 жніўня большасць беларускіх ВНУ скончаць прымаць дакументы ад абітурыентаў на платную форму навучання.

Таксама ў жніўні сканчаюць прыём дакументаў прафесійныя ліцэі, каледжы - на платную і бюджэтную формы навучання.

Прыціснуць безбілетнікаў

З 1 жніўня аўтапаркі ўзмоцняць кантроль за аплатай праезду ў вячэрні час - рэйды кантралёраў з 16.00 гадзін да 00.30 гадзін стануць штодзённымі. Акрамя таго, цяпер разам з кантралёрамі на лінію будуць выходзіць добраахвотныя дружыны ў ахове грамадскага правапарадку і міліцыянты.

Павялічацца дзіцячыя дапамогі

З 1 жніўня стануць вышэйшымі дапамогі ў доглядзе дзяцей да трох гадоў. Сума дапамогі на першае дзіця складзе 278,88 рубля на месяц (павялічыцца на 17,5 рублёў), на другое і наступных дзяцей - 318,72 рубля (вырасце на 20 рублёў), на дзіця-інваліда - 358,56 рубля (павялічыцца на 22,5 рублёў).

Увядуць адрасныя субсідыі на жыллёвае будаўніцтва

З 6 жніўня ўвойдзе ў дзеянне ўказ №240, які ўводзіць адраснае субсідаванне жыллёвага будаўніцтва. Выдаваць субсідыі будуць ільготнікам, і строга па чарзе. Нягледзячы на прыгожае гучанне, навіна гэтая, хутчэй, дрэнная. Справа ў тым, што ўказ №240 аўтаматычна касуе дзейны ўказ №585, у якім прапісаныя нормы надання дзярждапамогі сем'ям, якія будуюць жыллё. Тыя, хто ўжо пачаў будаўніцтва, могуць апынуцца без сур'ёзнай дзяржпадтрымкі. Праўда, пазней Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва падрыхтавала зварот да прэзідэнта з просьбай падоўжыць дзеянне ўказу №585. Аднак 6 жніўня ўжо блізка, а навінаў пра гэта пакуль няма.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках