20 красавiка 2024, Субота, 8:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі могуць дазволіць паляванне на рэдкіх жывёлін

20
У Беларусі могуць дазволіць паляванне на рэдкіх жывёлін
АРХІЎНАЕ ФОТА WILDPORTAL.RU

Пад пагрозай — рысь і некаторыя гатункі птушак.

У Беларусі могуць дазволіць паляванне на чырвонакніжнага драпежніка — рысь. Пад пагрозай таксама некалькі гатункаў птушак з Чырвонай кнігі: драч, шылахвостка. Просяць прылічыць да паляўнічых гатункаў таксама гогаля, вялікую белую чаплю, свіязь, — яны былі ў Чырвонай кнізе кагадзе. Эколагі абураныя магчымымі зменамі ў новыя правілы палявання, піша tut.by.

РЫСЬ У НАЛІБОЦКАЙ ПУШЧЫ. КОЛЬКАСЦЬ ГЭТАЙ ЖЫВЁЛЫ Ў БЕЛАРУСІ АДНАЎЛЯЕЦЦА ПАВОЛЬНА, РЫСЬ — У ЧЫРВОНАЙ КНІЗЕ
ФОТА: ВАДЗІМ СІДАРОВІЧ

У Беларусі мерацца мяняць правілы вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання. Зялёны партал апублікаваў дакумент (абгрунтаванне змен у новыя правілы), у якім шэсць гатункаў дзікіх жывёлін прапануюць перавесці ў катэгорыю паляўнічых. Гэта рысь, чапля белая вялікая, гогаль, драч, шылахвостка і свіязь.

Гэты крок мае «павялічыць попыт на паляванне сярод насельніцтва краіны і замежжа».

У дакуменце адзначаецца, што новыя правілы распрацоўвалі прадстаўнікі Мінлясгаса, Мінпрыроды, Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, ПТУП «Военохот», паляўнічы клуб «Сафары» і БДТУ.

Прыродаахоўныя арганізацыі — «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і «Багна» — ужо пісалі ў розныя дзяржаўныя органы, што пераводзіць чырвонакніжных жывёлін у катэгорыю паляўнічых нельга. Эколагам вядома, што НАН Беларусі па-ранейшаму залічвае іх да гатункаў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення.

— Рысь, драч, шылахвостка — у Чырвонай кнізе. Такія гатункі, як гогаль, чапля белая вялікая, свіязь, надоечы былі ў Чырвонай кнізе, а цяпер яны ў так званым прафілактычным спісе, ім трэба даць час аднавіцца. З Чырвонай кнігі — адразу аддаваць паляўнічым? Гэта бязглуздзіца, — мяркуе дырэктар «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі. — Напрыклад, шылахвостка і свіязь праз Беларусь мігруюць у Расею, у нас гняздуецца толькі маленькая частка гэтых птушак. Калі пачаць на іх вясновае паляванне — мы можам цалкам вынішчыць у нас гэты гатунак птушак. Больш вам скажу: такія гатункі, як драч і дупель (сярод паляўнічых ішлі размовы і аб гэтай птушцы), наогул уключаны ў спіс асабліва ахоўных гатункаў Еўропы Бэрнскай канвенцыяй (Канвенцыя аб ахове дзікай фаўны і флоры і прыродных асяроддзяў пражывання ў Еўропе — заўвага), да якой Беларусь далучылася.

ДРАЧ НЕ ТОЛЬКІ ЗНАХОДЗІЦЦА Ў ЧЫРВОНАЙ КНІЗЕ БЕЛАРУСІ, АЛЕ ЯШЧЭ І ЎНЕСЕНЫ Ў СПІС АХОЎНЫХ ГАТУНКАЎ ЕЎРОПЫ
ФОТА: ВІКІПЕДЫЯ

Доктар біялагічных навук і прафесар Вадзім Сідаровіч, які даследуе дзікую прыроду Налібоцкай пушчы, мяркуе, што колькасць рысяў дагэтуль пагрозліва малая.

Між тым, паляванне на рысяў камусьці і праўда можа здавацца прывабным.

Аляксандр Вінчэўскі з «АПБ» адзначае, што паляўнічыя просяць змяніць тэрміны правядзення вясновага палявання — з 28 дзён да трох месяцаў вясны.

— Вясновае паляванне забаронена ва ўсёй Еўропе, а ў нас дзейныя правілы дазваляюць паляваць 28 дзён вясны на некалькі гатункаў птушак. Да нас масава едуць замежнікі ўвесну, — кажа дырэктар «АПБ». — Гэтай вясной італійцаў аштрафавалі за незаконнае паляванне на качак на 70 тысяч еўраў. Ведаем, што былі і іншыя штрафы, прычым замежнікі парушаюць правілы нават на тэрыторыі Нацыянальнага парка «Прыпяцкі». Калі ў нас усю вясну птушак можна будзе страляць — уся Еўропа тут адзначыцца. А за кожную забітую качку ці іншую птушку арганізатар палявання атрымлівае з замежнікаў грошы, гэта вялікі даход. Чым больш дазволеных да паляванні гатункаў, тым больш выгадна.

Раней на сайце Мінлясгаса выклалі аб'яву, што можна ўносіць прапановы ў новыя правілы палявання.

— Мы накіроўвалі свае прапановы, але нам ніхто не адказаў, — распавядае Аляксандр Вінчэўскі. — У іх мы грунтаваліся на міжнародным заканадаўстве, на расейскім. Нават у Расеі яно больш літасцівае да прыроды, чым у нас, хоць там і тэрыторыя большая, і паляўнічых болей. Мы думалі: правілы мяняюцца, бо мы рухаемся наперад. А выйшла наадварот: даводзіцца змагацца з такімі рэтраградскімі поглядамі.

Са свайго боку, Канстанцін Чыкалёў, намеснік старшыні грамадскай арганізацыі «Багна», заўважае, што ў Беларусі ідзе практыка разглядаць і прымаць нарматыўныя прававыя акты, якія датычацца біялагічнай разнастайнасці без грамадскіх абмеркаванняў.

— А гэта, паводле Орхускай канвенцыі, ратыфікаванай Беларуссю, парушае законныя правы і інтарэсы грамадзян і экалагічнай грамадскасці. Выпадак з распрацоўкай новага ўказа прэзідэнта аб правілах палявання — яскравы прыклад таго, як некаторыя дзяржаўныя органы ігнаруюць удзел экспэртаў з боку экалагічных арганізацый, — кажа ён.

Начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Мінлясгаса Сяргей Шастакоў пракаментаваў, што «праект указа яшчэ абмяркоўваецца».

— Мы працуем з дзяржаўнымі органамі, ідуць нарады. Абмяркоўваем у тым ліку і гэтыя гатункі жывёлы, але пакуль пытанне адкрытае. Ёсць прапановы аб уключэнні іх у паляўнічыя гатункі, але такога, каб у нас ужо былі ўзгаднення з усіх бакоў, — няма. Але мы павінны перш за ўсё грунтавацца на інтарэсах нашай дзяржавы, эканомікі, а не на якіх-небудзь эмоцыях.

Атрымаць хуткі каментар аб правілах палявання ў Мінпрыроды пакуль не выпала.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках