25 красавiка 2024, Чацвер, 17:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Барысаўскія ўспаміны пра Янку Купалу

Барысаўскія ўспаміны пра Янку Купалу

Многія жыхары Барысаўшчыны, якія сустракаліся з славутым паэтам, пакiнулi свае ўспаміны.

Любіў пясняр Барысаўшчыну, бываў там неаднаразова ў творчых камандзіроўках і проста адпачываў.

Плыве ў свет рака Бяроза,

Плыве сягоння, як і ўчора,

То паміж ніцых вербалозаў,

То між адвечных пушчаў-бораў.

Сваёй вадою поіць шчыра

Калгасы, фабрыкі, заводы

І на плячах нясе між віраў

Плыты, лайбы і параходы.

Плыве рака Бяроза плаўна,

Плыве, мінае горы, долы;

На берагах яе спраддаўна

Паўсталі гарады і сёлы.

Паўстаў Барысаў ў сотні гоняў,

Стаіць над рэчкай і сніць думы:

Якім ён быў, якія сёння

Яму пяюць Бярозы шумы.

Янка Купала з паэмы “Барысаў”

Па сведчанню жыхароў Студзёнкі і Брылей, паэт наведваў гэтыя мясціны яшчэ да 1917-га, захапіўшыся падзеямі вайны 1812 года. Пазнаёміўшыся з жыхаром Брылей Іванам Дарафеевым, Купала пры чарговай сустрэчы з ім, у 1930-я, паведаміў, што хацеў бы напісаць песню-легенду пра Беразіну, накшталт “Кургана”.

Гэта яго мара не ажыццявілася. Аднак добра вядома іншая спадчына песняра, натхнёная Барысаўскім краем - знакамітая паэма “Барысаў”, вершы “На нашым полі”, “Калгасу “Чырвоны баец”, “Я – калгасніца маладая”, “Абвілася краіна ў кветкі…”, “Песня Тані-трактарысткі”. Многія жыхары Барысаўшчыны, якія сустракаліся з славутым паэтам, аставілі свае ўспаміны.

Аляксандр Стэфановіч (у 1932-1934 гг. – намеснік рэдактара газеты “Большэвік Барысаўшчыны”).

“Ён вельмі любіў бываць у Барысаве, асабліва ў Карсакаўскім сельсавеце, дзе часта адпачываў. Кожны год разам з жонкай Уладзіславай Францаўнай Купала знаходзіў час пабываць на Барысаўшчыне. Яго прыезд быў знамянальнай падзеяй у жыцці працоўных горада і вёскі. Тут ён жыў па некалькі тыдняў. Заходзіў і ў рэдакцыю газеты. У рэдакцыі мы і пазнаёміліся з ім. Даведаўшыся, што я з Заходняй Беларусі і з’яўляюся палітэмігрантам, ён вельмі цікавіўся жыццём працоўных краю, дзе сам нарадзіўся (тым больш, што я часта бываў у Вязынцы).

Не памятаю дакладна месца, памяць захавала толькі год, – 1933.

Сакратар Барысаўскага гаркома Чарнышоў запрасіў дарагога госця на сяброўскую вячэру ў сталовую, дзе сабраліся партыйны актыў і кіруючыя работнікі мясцовага гарнізона. Я таксама быў у іх ліку. Сустрэча з паэтам атрымалася надзвычай цёплай, сяброўскай. Янка Купала расказваў аб сваёй рабоце, чытаў вершы, дзяліўся сваімі ўражаннямі аб Барысаве. Ён вельмі любіў беларускія песні і першы пачаў спяваць “А ў полі вярба”. Мы ўсе разам падхапілі... Аднойчы раніцай мы з ім паехалі ў Карсакаўскі сельсавет, дзе яго сустрэлі калгаснікі калгаса “Чырвоны баец”. Купала асабліва любіў бываць у гэтым калгасе, можа таму, што тут дружна працавалі разам беларусы, яўрэі, палякі. Ён казаў: “Глядзі, які тут інтэрнацыянал”. Мы хадзілі па палях, размаўлялі з калгаснікамі. Потым нас запрасілі снедаць у калгасны дом. Купала з задавальненнем еў тоўчаную бульбу з кіслым малаком. Еў і прыгаворваў: “Еш, рэдактар, такога малака ў цябе ў Барысаве няма”.

Настаўнік-наватар, паэт Яўген Замерфельд (у 1934 годзе - супрацоўнік газеты “Большэвік Барысаўшчыны”).

“У ліпені 1934 года прыехаў у творчую камандзіроўку ў калгасы Барысаўшчыны Янка Купала. Аб яго прыездзе рэдакцыя паведаміла ў газеце, а праз некалькі дзён пачала атрымліваць творы паэта, напісаныя пад нашым сонечным небам. Аднойчы раніцай, як і звычайна, на мой стол у рэдакцыі, над якім вісела таблічка “Аддзел культуры і школ”, была пакладзена тэхнічным сакратаром пачка рэдакцыйнай карэспандэнцыі. Уявіце радасць маю, калі на адным з лісткоў я ўбачыў верш, азаглаўлены “На нашым полі”. Кароценькія радкі імкліва расказвалі аб дружнай калгаснай працы. З правага боку подпіс: Янка Купала. Верш стаў сенсацыяй у рэдакцыі. Збегліся ўсе супрацоўнікі, панеслі паказваць рэдактару. Рэдактарам у той час быў Уладзімір Кандрацьевіч Мятла.

- Перадрукаваць і ў набор! Змясціць на першай старонцы, – радасна загадаў ён. Праз некалькі дзён Купала прыслаў сваю паэму “Барысаў”, затым вершы “Калгасу “Чырвоны баец” і “Я - калгасніца”. Усе гэтыя творы былі напісаны алоўкам, чоткім, прамым почыркам, дзе кожная літара была, як пацерка.

...Мне давялося быць на маладзёжным літаратурным ранішніку ў Нова-Барысаўскім клубе імя Горкага, які ў тыя часы называўся клубам хімікаў. Ніколі, ні да гэтага, ні пазней я не бачыў, каб так сардэчна вітала моладзь паэтаў. Навучэнцы тэхнікумаў – педагагічнага, запалкавага, сельскагаспадарчага, вучні старэйшых класаў, рабочая моладзь запалкавай фабрыкі “Пралетарская перамога”... наладзілі народнаму паэту такую авацыю, што Купала выцер спачатку рукой, а пасля хустачкай слёзы з вачэй, прыціснуў яе да вуснаў і доўга стаяў так, аблакаціўшыся на трыбуну, пазіраючы на моладзь”.

Тамаш Крупскі (калгаснік “Пралетарскай перамогі”).

“Часта мы бачылі, як ранкам, на ўсходзе сонца выходзіў Купала на нашы палі і доўга любаваўся нівамі, што абяцалі багаты ўраджай. Пабываў ён і на нашых лугах, прыгожых, багатых; ціхія воды ракі Бярозы добра пояць іх. Наведаў хаты калгаснікаў, цэлымі гадзінамі гаварыў з імі, цікавіўся нашым жыццём, нашымі думкамі і імкненнямі. Вельмі просты і сціплы ён адчуваў сябе сярод нас сваім чалавекам. Калі хтосьці з нас назваў яго госцем, ён нават пакрыўдзіўся”.

Пётр Русецкі (жыхар вёскі Скупліна Карсакавічскага сельсавета калгаса “Чырвоны баец”).

“Купала быў зусім непатрабавальны да сябе. Што гаспадыня згатуе, тое і добра. Уставаў ён вельмі рана, любіў ў вольны час парыбачыць на Бярэзіне. Неяк сплёў я з конскіх валасоў вудачкі, выразаў у арэшніку вудзільны, і мы пайшлі на раку. Парыбачылі, а потым падаліся да касцоў. Смех, жарты, размовы навокал. Запрасілі нас на абед. Людзі ўжо ведалі, што Купала на рыбалцы, нагатавалі ўсяго па-святочнаму. Купала папрасіў прабачэння і сказаў, што абедаць будзе разам з усімі і з агульнага катла. Вось такім ён быў, наш Купала!”.

Аляксандр Балябін, borlib.by

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках