19 красавiка 2024, Пятніца, 20:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

7 ліпеня ў Менску адбудзецца акцыя супраць вучэнняў «Захад-2017»

21
7 ліпеня ў Менску адбудзецца акцыя супраць вучэнняў «Захад-2017»
ФОТА: @PR0TEZ

У гэты дзень у Менску будзе праходзіць пасяджэнне Парламенцкай асамблеі АБСЕ.

7 ліпеня на Кастрычніцкай плошчы Менска пройдзе акцыя з патрабаваннем вызваліць палітвязняў і скасаваць вучэнні «Захад-2017».

Пра гэта гаворыцца ў звароце каардынатара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максіма Вінярскага.

Заява зроблена ад імя грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і размешчана на сайце europeanbelarus.org. Прыводзім тэкст цалкам:

- Грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» дзякуе ўсім удзельнікам акцыі, якая прайшла ў цэнтры Менска 3 ліпеня, і была арганізаваная Беларускім Нацыянальным Кангрэсам.

На працягу апошніх месяцаў мы настойліва патрабавалі ад уладаў вызваліць палітычных вязняў, праводзячы акцыі салідарнасці і падымаючы пытанне аб парушэнні правоў чалавека ў Беларусі на міжнародным узроўні.

Некалькі дзён таму былі вызваленыя з-пад варты апошнія ўдзельнікі «Справы патрыётаў». Такім чынам улады выканалі частку нашых патрабаванняў. Тым не менш, за кратамі па ранейшаму знаходзяцца палітвязні Зміцер Паліенка і Міхаіл Жамчужны. Абсурдныя абвінавачванні супраць патрыётаў не знятыя, а вязні, якія выйшлі на свабоду, застаюцца закладнікамі рэжыму і ў любы час могуць вярнуцца за краты. Акрамя таго, улады адмаўляюцца рэабілітаваць былых палітвязняў.

Важную ролю ў вызваленні ўдзельнікаў «Справы патрыётаў» згуляў ціск на рэжым як унутры Беларусі, так і звонку. Улада вымушаная ісці на саступкі ў тым ліку праз правядзенне ў сталіцы Беларусі важных міжнародных форумаў, якія рэжым імкнецца выкарыстоўваць для сваёй легітымізацыі. Адзін з іх - сесія Парламенцкай Асамблеі АБСЕ - пройдзе ў Менску з 5 да 9 ліпеня. Мы патрабуем, каб падчас яе правядзення было ўзнятае пытанне аб парушэннях правоў чалавека ў нашай краіне, а таксама пра тое, што дыктатура ўяўляе сабой небяспеку не толькі для беларусаў, але і для ўсяго рэгіёну.

Увосень пройдуць сумесныя з Расеяй маштабныя вайсковыя вучэнні «Захад-2017». Ужо цяпер на тэрыторыю Беларусі перакідваюць расейскія войскі. Сумесныя вайсковыя вучэнні з дзяржавай-агрэсарам нясуць пагрозу для ўсёй Усходняй Еўропы. Многія экспэрты і палітыкі папярэджваюць аб тым, што падчас іх правядзення можа адбыцца акупацыя Беларусі, а самі манеўры могуць стаць падрыхтоўкай да наступальнай аперацыі на суседнія краіны.

Заклікаем грамадзянаў 7 ліпеня а 18:00 зноў выйсці на Кастрычніцкую плошчу Менску для таго, каб запатрабаваць неадкладнага вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітвязняў, а таксама выказаць пратэст супраць правядзення сумесных з Расеяй вайсковых вучэнняў.

Вайсковым гульням Лукашэнкі і Пуціна - годзе!

За мірную Беларусь!

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках