25 красавiка 2024, Чацвер, 14:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Бацюшка са свастыкай» расплакаўся ў судзе

17
«Бацюшка са свастыкай» расплакаўся ў судзе

Пракурорка запрасіла для абвінавачанага тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.

У судзе святар Бурыкін казаў, што раскаяўся і зразумеў сваю бестурботнасць, паведамляе kp.by.

- У маіх дзеяннях не знойдзена злога намеру і карысці. Я прызнаў сваю віну і раскаяўся. Седзячы амаль 8 месяцаў у турме (Бурыкін быў затрыманы і знаходзіўся пад вартай з лістапада 2016 года. - Заўвага.) удалечыні ад сям'і, я зразумеў сваю бестурботнасць і легкадумнасць. У мяне чацвёра дзяцей - трое ад першага шлюбу. Мой сын бяжыць да дзвярэй, калі тэлефануюць у дамафон - думае, што гэта тата. Першы час ён думаў, што я памёр. Я прасіў спаткання з сям'ёй, каб дзеці ведалі, што тата жывы. Прашу не пазбаўляць маіх дзяцей камунікацыі са мной, - абвінавачаны, святар з пасёлка Гатава Канстанцін Бурыкін перапыняецца, каб стрымаць слёзы. - Наколькі гэта магчыма, прашу выкарыстаць да мяне мінімальнае пакаранне. Я не з'яўляюся ні фашыстам, ні нацыстам, як пішуць у інтэрнэце. Ідзе суд не над фашыстам, а над звычайным чалавекам. Прашу ва ўсіх прабачэння, - казаў у судзе Бурыкін.

Падчас апошняга слова мужчына не вытрымаў і заплакаў, а пасля папрасіў прабачэння за эмацыйны зрыў.

ПАД ВАРТАЙ ЁН ЗНАХОДЗІЦЦА З ЛІСТАПАДА 2016
ФОТА: СВЯТАСЛАЎ ЗОРКІ

Нагадаем, справу Кастуся Бурыкіна, вядомага як «бацюшка са свастыкай», пачалі разглядаць у судзе Заводскага раёна Менска на мінулым тыдні.

Паводле слоў дзяржабвінаваўцы, Бурыкін незаконна набыў і захоўваў дома патроны, рэвальвер і пісталет. Іх і знайшлі падчас ператрусу.

У судзе дапыталі экспэрта, які разглядаў зброю і патроны. Паводле ягоных слоў, баяздольнымі з'яўляюцца два з дзесяці знойдзеных у хаце ў Бурыкіна патронаў. Рэвальвер і пісталет таксама небаяздольныя, але складовыя часткі зброі прыдатныя для выкарыстання паводле прызначэння. Падчас экспэртызы высветлілася, што зброя мела патрэбу ў замене дэталяў - толькі ў гэтым выпадку з яе можна было б страляць.

- Я шчыра думаў, што гэтыя два няшчасныя пісталеты не супрацьзаконныя. Аднаму 122 гады, другому 110, - патлумачыў Бурыкін.

На мінулых судовых пасяджэннях ён тлумачыў, што зброю яму падарылі сябры РНЕ (незарэгістраванай ультраправай нацыяналістычнай арганізацыі. - Заўвага.).

- Я праводзіў там духоўныя гутаркі, абрады - хрышчэнне, шлюб. І на адной з такіх сустрэч мне ўручылі гэтыя пісталеты, - распавядаў Канстанцін Бурыкін. - Дома яны захоўваліся як памяць аб гэтых сустрэчах. Нейкага намеру іх выкарыстоўваць не было.

Праваахоўнікі знайшлі ў кватэры святара кнігі пра гісторыю фашысцкай Нямеччыны і кампакт-дыскі. Таксама ў доме абвінавачанага выявілі свяцільню, выкананую ў форме свастыкі. Канстанцін Бурыкін сказаў, што для яго свастыка была хрысціянскім сімвалам, а не сімвалам нацызму.

- Абсалютна не разглядаю сябе як вінаватага ў экстрэмізме і прапагандзе фашызму. Беларусь я люблю і ўважаю за сваю радзіму (абвінавачаны нарадзіўся ў Расеі і мае расейскае грамадзянства. - Заўвага.). У маім доме больш за 700 кніг, у тым ліку і пра танкі Нямеччыны. Частка купіў у кнігарні каля ГУМа, частку на ВДНХ. Цікаўлюся вайсковай гісторыяй, гісторыяй розных краін свету. У мяне 500 дыскаў - і на спартыўную тэматыку, і на ваенную. А канфіскавалі толькі тое, што тычыцца Нямеччыны, - растлумачыў абвінавачаны.

Скаргі на Канстанціна Бурыкіна сталі паступаць у канцылярыю Менскай епархіяльнай управы ў 2014 годзе: нібыта Бурыкін неправамерна выкарыстаў выдадзеныя дзяржавай грошы ў сферы спорту - святар узначальваў федэрацыю паўэрліфтынгу. Аднак Бурыкін быў не згодны з абвінавачваннямі і называў гэта інтрыгамі зайздроснікаў.

Абаронца святара звярнуў увагу на тое, што пратакол, складзены падчас ператрусу, быў зроблены з грубымі парушэннямі, і прасіў для свайго падабароннага мінімальнага пакарання. - Сёння мы не звернем увагі на выпраўленні ў пратаколе (дакумента, які ляжыць у аснове абвінавачвання), заўтра - на адсутнасць панятых. Так можна і да абсурду дайсці, - адзначыў адвакат.

Пракурорка запрасіла для Бурыкіна тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Прысуд абвесцяць у панядзелак, 10 ліпеня.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках