20 красавiка 2024, Субота, 4:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Ажароўскі: БелАЭС - гэта палітычны праект для Беларусі ды Расатама

1
Андрэй Ажароўскі: БелАЭС - гэта палітычны праект для Беларусі ды Расатама
Андрэй Ажароўскі

Фізік-ядзершчык расшыфроўвае словы Далі Грыбаўскайтэ аб беларускай АЭС у размове з Дональдам Трампам.

У размове з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ згадвае будаўніцтва ў Беларусі Астравецкай АЭС.

«Небяспечная Беларуская АЭС і газаправод «Паўночная плынь-2» могуць быць выкарыстаны Расеяй у якасці прылады неканвенцыйнага шантажу. Беларускую АЭС ля Астраўца будуе карпарацыя «Расатам», у выпадку аварыі на станцыі ад радыеактыўнага забруджвання могуць пацярпець 16 сталіц Еўропы», - заявіла прэзідэнт Літвы.

Што мела на ўвазе Даля Грыбаўскайтэ, «Еўрарадыё» абмеркавала з фізікам-ядзершчыкам Андрэем Ажароўскім.

«Неканвенцыйная зброя для шантажу»

«Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра нестандартныя, нязвыклыя пагрозы. Менавіта такія пагрозы могуць быць звязаныя з будаўніцтвам АЭС, бо аб'ект будуецца побач са сталіцай Літвы. Шантаж у тым, як будуецца АЭС. Таму што для Беларусі і для Расатама гэта палітычны праект. На гэта паказвае пляцоўка, якую выбралі, бо яна далёка ад індустрыяльных раёнаў Беларусі. Шантаж у тым, што хочуць стварыць такую стрэмку, пасварыць Літву і Беларусь. Як раз сёння адбываецца рэалізацыя такіх пагроз. Само будаўніцтва побач з Вільняй стварае палітычную напружанасць. У сябе Літва правяла рэферэндум, і пасля заняла антыядзерную пазіцыю. У Беларусі гэты праект выгадны толькі «Расатаму», у людзей не спыталі».

Што за 16 сталіц, якім пагражае небяспека

«Гэта найгоршы сцэнар. Перш за ўсё пад пагрозай Вільня, потым - Менск, бо калі глядзець на ружу вятроў, вецер будзе ісці ў бок Менска. Далей пад выкіды трапляюць Рыга і Талін, Варшава, Хельсінкі, Стакгольм, Кіеў. У рэдкіх выпадках, калі вецер дзьме на поўдзень, пад выкіды трапляюць Сафія, Будапешт, Бухарэст, Кішынёў. У прынцыпе, можа даляцець да Прагі, Браціславы, Вены і нават да Берліна. Гэта даследаванне Flex Risk, якое рабілася ў Аўстрыі, Венскім універсітэтам, там ёсць мапы магчымага забруджвання пры самых цяжкіх аварыях на АЭС, у тым ліку і Астравецкай АЭС».

Навошта гэтая інфармацыя Трампу і чым ён дапаможа

«Трамп далёка, выкіды туды не даляцяць. Яму наважылі паскардзіцца, як старэйшаму партнёру па NATO. Гэтая праблема можа быць развязаная толькі на перамовах паміж Літвой і Беларуссю. Хутчэй за ўсё, Беларусі давядзецца адмовіцца ад будаўніцтва станцыі, як у свой час адмовілася Расея ад будаўніцтва АЭС у Калінінградскай вобласці. Я не веру, што на сустрэчы з Пуціным Трапм будзе ўздымаць гэтае пытанне».

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках