28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывісткі «Руху маці - 328» выйшлі на пікет у Гомелі

25
Актывісткі «Руху маці - 328» выйшлі на пікет у Гомелі
ФОТА: SVABODA.ORG

Удзельнікі пікету хочуць звярнуць увагу ўлад на несправядлівыя прысуды.

Бацькі асуджаных маладых людзей з Менска, Гомеля, Жлобіна, Віцебска, Магілёва, Баранавічаў, якія ўваходзяць у незарэгістраваную арганізацыю «Маці-328», арганізавалі 12 жніўня ў Гомелі інфармацыйны пікет супраць жорсткага пакарання паводле артыкулу 328 КК «Незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў». Яны трымалі партрэты асуджаных з пазначэннем артыкулу і тэрміну пакарання, перадае «Радыё Свабода».

«У мяне ўнука Святаслава пасадзілі на дзесяць гадоў, - распавядае жыхарка Гомеля Таіса Спасава. - Ён быў яшчэ 15-гадовым школьнікам. Патэлефанаваў сябар, сказаў, што сапсаваны тэлефон. Святаслаў пайшоў дапамагаць і дадому больш не вярнуўся. Іх там «увабрала» міліцыя. У Святаслава нічога не было ў руках, ніякіх крымінальных кантактаў у тэлефоне, але пасадзілі на дзесяцігадовы тэрмін. Цяпер яму ўжо сямнаццаць гадоў».

У Алены Расторгуевай з Магілёва сын Багдан таксама ў турме. На просьбу дзяўчыны, якая была ў аператыўнай распрацоўцы, Багдан забраў наркатычнае рэчыва са схованкі - таксама атрымаў дзесяць гадоў пазбаўлення волі.

ФОТА: SVABODA.ORG

«Такіх гісторый шмат, - кажа кіраўніца «матчынага руху - 328» Ларыса Жыгар. - Пасля з'яўлення так званага «антынаркатычнага» дэкрэта № 6, які накіраваны на барацьбу з наркабаронамі і арганізаваным трафікам, быў значна зменены 328-ы артыкул Крымінальнага кодэкса, і ў злосныя спажыўцы і гандляры наркотыкамі трапіла найперш моладзь, падлеткі. Мы хочам сваімі акцыямі звярнуць увагу «парламентарыяў» і Лукашэнкі на празмерна жорсткую судовую практыку ў дачыненні да маладых людзей. Шмат хто асуджаны несправядліва. Сумнеўныя прысуды варта перагледзець, жорсткія нормы заканадаўства ў дачыненні да непаўналетніх скасаваць. Блізу пятнаццаці тысяч чалавек пакараныя на падставе артыкула 328 - і гэта ўсё наркабароны? Розум адмаўляецца гэта ўспрымаць».

Пасля інфармацыйнай акцыі бацькі асуджаных адправіліся ў сабор Пятра і Паўла, каб памаліцца за здароўе і маральны стан сваіх асуджаных дзяцей.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках