20 красавiка 2024, Субота, 4:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лёс беларуса: Слуцкі паўстанец, афіцэр і святар

1
Лёс беларуса: Слуцкі паўстанец, афіцэр і святар

Сёння спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння Хведара Данілюка

12 жніўня спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння рэлігійнага і грамадскага дзеяча, праваслаўнага святара, удзельніка Слуцкага паўстання 1920 года Хведара Данілюка (1887-1960), перадае «Радыё Рацыя».

Хведар Данілюк быў родам з вёскі Сурынка Слонімскага павета. Удзельнік Першай сусветнай вайны. У 1919–1920 гадах служыў у войску Літоўскай рэспублікі, Беларускай вайсковай камісіі.

Па загаду гэтай камісіі Хведар Данілюк выехаў у канцы лістапада 1920 года разам з Андрэем Якубецкім і Уладзімірам Падгурскім на дапамогу ўдзельнікам антыбальшавіцкага паўстання. Едучы фурманкамі, афіцэры Беларускай вайсковай камісіі не паспелі даехаць да Слуцка, калі там арганізавалася Слуцкая брыгада, а прыехалі ў Семежава, куды ў той час яна адышла.

Малады Хведар Данілюк

Малады Хведар Данілюк быў прызначаны начальнікам вучэбнай каманды, асобнай адзінкі ад Слуцкага і Грозаўскага палкоў брыгады. А яго памочнікам быў падпаручнік Уладзімір Падгурскі. Па ўспамінах сына Хведара Данілюка Барыса Данілюка (1923-2011), «цэлая брыгада ці паасобныя палкі цалком у баёх удзелу не бралі, а толькі іхныя патрулі ці аддзелы мелі сутычкі з бальшавікамі, у якіх былі забітыя з боку случчакоў, што былі пахаваныя каля Семежаўскае царквы. Што ўсёй сілай не ўвязаліліся ў баі, няма дзіва, бо на гэта не хапала ні зброі, ані амуніцыі і іншае вайновае патрэбы, дык заставалася толькі весці абаронныя дзеі і пакрысе адыходзіць на захад праз Піліпавічы, Грыцавічы ды ўрэшце ў Цапро.

Пасля пераходу праз раку Лань, што была ў той час раздзельнай лініяй паміж палякамі і бальшавікамі аж да падпісання імі Рыжскае дамовы ў 1921 годзе, Слуцкая брыгада была палякамі разброеная і інтэрнаваная. Частка ейных афіцэраў і жаўнераў, аднак, была накіравана ў Першы Беларускі батальён польскага войска ў Лодзі. Бацька і Падгурскі з вучэбнай камандай былі пасланыя ў той батальён таксама…».

Служба ў Слуцкай брыгадзе для Хведара Данілюка скончылася 17 студзеня 1921 года. Аб удзеле Хведара Данілюка ў Слуцкім змаганні ён атрымаў пасведчанне, на якім была пячатка «Беларуская Народная Рэспубліка, Слуцкая брыгада, Грозаўскі полк». У жніўні 1950 года Хведар Данілюк пераехаў у ЗША, быў настаяцелем прыходу БАПЦ у Брукліне, а пазней настаяцелем кафедральнага сабора Святога Кірылы Тураўскага ў Брукліне.

Хведар Данілюк з сынам Барысам
Хведар Данілюк з сям’ёй, 1957 г.
Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках