29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Перад путчам: турбулентнасць па-беларуску

1
Перад путчам: турбулентнасць па-беларуску

Як жнівень 1991-га даў надзею на сапраўдныя дэмакратычныя пераўтварэнні ў грамадстве.

У першай палове жніўня 1991 года ў галоўнай камуністычнай газеце «Советская Белоруссия» высокапастаўлены чыноўнік з ЦК КПБ Расціслаў Бузук апублікаваў артыкул пад назвай «Лето страстей политических…»

Зыходзячы з гэтага артыкула, кіруючай эліце БССР за тыдзень да жнівеньскага путчу было аб чым прызадумацца.

У два папярэднія летнія месяцы 1991 года ў рэспубліцы маглі ўвесці надзвычайнае становішча, абрынуць СССР, забараніць кампартыю, абраць уласнага прэзідэнта і ліквідаваць прывілеі чыноўнікам.

Мітынг ля Дома Ураду ў Мінску супраць падпісання Саюзнага дагавора, лета 1991 года. Крыніца: http://vytoki.net

Пачатак канца?

Прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў 19 сакавіка 1991 года падпісаў указ, які тычыўся істотнага падвышэння цэнаў для насельніцтва. Праз тры дні адпаведную пастанову ўхваліў Савет Міністраў Беларускай ССР. Новыя падвышаныя цэны ўводзіліся ў Беларусі з 2 красавіка 1991 года. Нягледзячы на тое, што гэтае падвышэнне павінна было суправаджацца шэрагам кампенсацыйных захадаў, у грамадстве, якое дзясяцігоддзямі жыло ў адноснай стабільнасці, яно выклікала выбуховы эфект. На вуліцы выйшлі тысячы людзей.

Беларусь, за якой трывала замацаваўся імідж «Вандэі перабудовы» (знакаміты выраз Алеся Адамовіча), нечакана для ўсіх апынулася ў авангардзе: на працягу першай паловы красавіка 1991 года страйкавая хваля ахапіла не толькі Мінск, але больш-менш буйныя гарады і важныя чыгуначныя вузлы. Для ўладаў асабліва небяспечным было тое, што разам з эканамічнымі патрабаваннямі працоўныя агучвалі і палітычныя лозунгі: свабодныя выбары, роспуск Вярхоўнага Савета, стварэнне кааліцыйнага ўраду народнага даверу і іншае.

Кіраўніцтва рэспублікі ліхаманкава шукала выйсце. Савет Міністраў ухваліў новую пастанову аб умацаванні сацыяльнай абароны насельніцтва, а Прэзідыум Вярхоўнага Савета распаўсюдзіў некалькі зваротаў да грамадзянаў, у якіх запэўніваў, што робіцца ўсё магчымае, каб мінімізаваць наступствы падвышэння цэнаў.

Ёсць моц, розуму не трэба

Аднак на самім версе ўзнікалі і іншыя ідэі. Адну з іх 24 красавіка 1991 года на сумесным пленуме ЦК і Цэнтральнай кантрольнай камісіі КПСС агучыў першы сакратар ЦК КПБ Анатоль Малафееў. Партыйны кіраўнік Беларусі заявіў, што выратаваць краіну ад развалу і адрадзіць канстытуцыйную законнасць магчыма толькі ўвядзеннем надзвычайнага становішча ў СССР.

У маі 1991 года, напярэдадні адкрыцця чацвёртай сесіі Вярхоўнага Савета 12-га склікання, Анатоль Малафееў у інтэрв’ю газеце «Звязда» зноў выказаўся за надзвычайнае становішча, дадаўшы, што законапаслухмяных грамадзян яно палохаць не павінна.

Супраць ініцыятывы Малафеева выступіў першы намеснік старшыні Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч, назваўшы яе «выпадковым учынкам». Больш рашучым быў дэпутат Аляксандр Лукашэнка, які ў артыкуле ў «Народнай газеце» пад назвай «Диктатура: белорусский вариант?» абрынуўся на Малафеева з жорсткай крытыкай. Лукашэнка сцвярджаў, што надзвычайнае становішча дапаможа «бездарным руководителям» толькі часова пратрымацца ва ўладзе.

Праект закона «Аб прававым рэжыме надзвычайнага становішча» паступіў на разгляд парламентарыяў 6 чэрвеня 1991 года. Гэты праект, распрацаваны Міністэрствам юстыцыі, шмат у чым паўтараў асноўныя палажэнні адпаведнага агульнасаюзнага закона ад 3 красавіка 1990 года. Ён быў фактычна накіраваны на тое, каб максімальна ўскладніць арганізацыю і правядзенне масавых вулічных акцый. Так, артыкул 10 прадугледжваў пакаранне грамадзянаў за распаўсюд правакацыйных чутак, а артыкул 17 даваў права Прэзідыуму ВС уводзіць уласную форму кіравання пры надзвычайным становішчы ў рэспубліцы ў цэлым, альбо ў асобных яе частках.

Злева направа: Расцілаў Бузук, Міхаіл Дубянецкі і Васіль Быкаў пры абмеркаванні пытання аб стварэнні Аргкамітэта БНФ, 30 кастрычніка 1988 года. Крыніца: http://www.zautra.by

Законапраект раскрытыкавала парламенцкая апазіцыя БНФ. Валянцін Голубеў заявіў, што ўхваленне такога дакументу — паварот да сталіншчыны. Іншыя вядомыя дэпутаты таксама негатыўна ўспрынялі праект. Па словах таго ж Лукашэнкі (за гады кіравання якога правядзенне вулічных акцый стала амаль немагчымым), паводле такога закона «человека завтра посадят в тюрьму». Лётчык-касаманаўт Уладзімір Кавалёнак лічыў, што закон «направлен против человека, а не на его спасение».

Тым не менш, адыёзны законапраект падтрымалі ажно 158 дэпутатаў. Мінімальны кворум для прыняцця рашэння складаў 177 галасоў. Прадстаўнік дэпутацкай групы БНФ Сяргей Навумчык праз шмат гадоў сцвярджаў, што гэта перамога была дасягнутая дзякуючы апазіцыі.

Тады кіруючыя колы пайшлі іншым шляхам. 26 чэрвеня 1991 года першы намеснік Старшыні Савета Міністраў Міхаіл Мясніковіч агучыў дэпутатам праект закона «Аб размеркаванні паўнамоцтваў паміж вышэйшымі дзяржаўнымі органамі Беларускай ССР для забеспячэння стабілізацыі пры пераходзе да рынкавай эканомікі». Законапраект выводзіў на першыя ролі Савет Міністраў, які атрымоўваў велізарныя эканамічныя (кантроль над цэнаўтварэннем, вызначэнне ставак за карыстанне банкаўскімі крэдытамі і інш.) і палітыка-юрыдычныя (адхіленне ад пасады чальцоў урада, службовых асоб выканаўчых органаў мясцовай улады, тлумачэнне законаў, унясенне ў іх змяненняў і дапаўненняў, права адмены рашэнняў мясцовых Саветаў і г.д.) паўнамоцтвы.

І хаця гэты законапраект быў прыняты за аснову («за» выказаліся 177 дэпутатаў пры кворуме ў 173 галасы), далей справа не пайшла. Многія дэпутаты (Зянон Пазьняк, Пётр Садоўскі, Аляксандр Лукашэнка) выказвалі сумнеў у яго мэтазгоднасці. Дэпутат, дырэктар аўтамабільнага гіганта «БелАЗ» Дзмітрый Сыракваш назваў законапраект «ералашным». На думку прадстаўніка парламенцкай апазіцыі БНФ Барыса Гюнтэра, у выніку зацвярджэння дакумента Вярхоўны Савет «становится мальчиком на побегушках у Совета Министров».

У выніку 27 чэрвеня 1991 года Вярхоўны Савет прыняў кампрамісны закон «Аб наданні Савету Міністраў Беларускай ССР дадатковых паўнамоцтваў у 1991–1992 гадах». Саўмін так і не атрымаў права на тлумачэнне законаў, аднак старшыня меў права прызначаць і ахіляць чальцоў урада па ўзгадненні з Прэзідыумам ВС з улікам заключэнняў адпаведных парламенцкіх камісій. У цэлым Вярхоўны Савет адстаяў свае пазіцыі і не дапусціў крытычнага ўзмацнення выканаўчай улады.

Еднасць па-халопску?

Адным з вострых пытанняў для суверэннай Беларусі ажно да жнівенькіх падзей 1991 года было заключэнне новага Саюзнага дагавора. Беларусь, паводле 12-га артыкула Дэкларацыі аб дзяржаўнай незалежнасці, была гатова ўдзельнічаць у падпісанні такога акта, у выніку якога, на думку Міхаіла Гарбачова, паўстаў бы абноўлены і дэмакратычны Саюз.

Зацятым праціўнікам падпісання дагавору з боку Беларусі ў Вярхоўным Савеце была, зразумела, апазіцыя БНФ. Пры абмеркаванні гэтага пытання 11–12 чэрвеня 1991 года прадстаўнікі апазіцыі даводзілі, што гэта чарговае палітыканства Крамля ў яго памкненнях захаваць уплыў і ўладу на абшарах паміраючага СССР. Галіна Сямдзянава заклікала ісці па шляху Украіны, якая вырашыла спачатку прыняць уласную Канстытуцыю. Вольга Галубовіч прапанавала паставіць пытанне на галасаванне аб падпісанні толькі пасля таго, як Беларусь запатрабуе ад Масквы кампенсацыі за Чарнобыль, прыме закон аб грамадзянстве і вырашыць, колькі будзе даваць у Цэнтр і колькі пакідаць сябе.

Але ж ВС 12-га склікання ў большасці быў наколькі пракамуністычным, настолькі ж і прасаюзным. 12 чэрвеня 1991 года дэпутаты 216 галасамі ўхвалілі асноўныя палажэнні Саюзнага дагавора, які неўзабаве быў апублікаваны ў рэспубліканскай прэсе. У адпаведнай пастанове ад імя Беларускай ССР падпісаць дагавор даручалася (па словах аднаго з дэпутатаў, «нашаму бацьку») Мікалаю Дземянцею.

Але ў сувязі са жнівеньскімі падзеямі пытанне аб Саюзным дагаворы было канчаткова знятае з парадку дня.

Не «руководящая и направляющая»

Нягледзячы на тое, што 28 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет БССР унёс змены ў шосты артыкул Канстытуцыі 1978 года (удзел у грамадска-палітычным жыцці разам з камуністамі дазваляўся і іншым партыям і рухам), пазіцыі КПБ былі моцныя. Яе ячэйкі кантралявалі ўсе дзяржаўныя прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы. Да таго ж партыя валодала велізарнымі сродкамі. Падчас выступу ў Вярхоўным Савеце 18 чэрвеня 1991 года партыйны кіраўнік (па сумяшчальніцтве — народны дэпутат СССР) Анатоль Малафееў агучыў, што ўласнасць КПБ складае каля 250 мільёнаў рублёў, больш за палову з якіх — датацыі з Масквы за апошнія 50 гадоў.

Аднак непрыемныя хвіліны давялося спазнаць і КПБ. Напалоханыя страйкамі, беларускія бальшавікі вырашылі абараніцца і з юрыдычнага пункту погляду. 4 чэрвеня 1991 года КПБ была афіцыйна зарэгістраваная Мінюстам.

У Вярхоўным Савеце праціўнікі КПБ не заклікалі да яе забароны непасрэдна. Яны прапанавалі ажыццявіць нацыяналізацыю партыйнай маёмасці і забараніць у дзяржсектары любыя партыі, арганізацыі і рухі. Пры прыняцці пазітыўных рашэнняў па гэтых пытаннях дзейнасць КПБ як кіруючай сілы губляла сэнс. І пракамуністычны ў большасці Вярхоўны Савет рашуча стаў на абарону партыі.

18 чэрвеня 1991 года 190 дэпутатаў прызналі «требования национализации собственности КПСС-КПБ противоречащими Конституции и законам БССР». Толькі 62 дэпутаты падтрымалі пры галасаванні прапанову прадстаўніка парламенцкай апазіцыі БНФ Ігара Герменчука аб забароне стварэння і дзейнасці ў дзяржаўных установах суполак любых палітычных партый і арганізацый. У штыкі была сустрэтая прапанова Мікалая Крыжаноўскага аб вынясенні пытанняў аб дэпартызацыі прадпрыемстваў і праваахоўных органаў, нацыяналізацыі партыйнай маёмасці на ўсеагульны рэферэндум. За гэта прагаласавалі 82 дэпутаты.

Іншая небяспека для КПБ была ў спробах раскалоць яе ўнутры. 19 чэрвеня 1991 года «Народная газета» распаўсюдзіла заяву дэпутацкай групы «Камуністы Беларусі — за дэмакратыю», якая складалася з 33 дэпутатаў. Фармальным кіраўніком групы лічыўся Аляксандр Лукашэнка, які днём раней зрабіў адмысловую заяву. У групу ўвайшлі Аляксандр Сасноў, Інэса Драбышэўская і іншыя. «Камуністы Беларусі — за дэмакратыю» заклікалі да пераўтварэння КПБ у партыю парламенцкага кшталту, за развіццё ўсіх форм уласнасці і г.д. Чальцы групы закідалі партыі тое, што яна, нібыта, даўно адышла ад установак XIX Усесаюзнай партыйнай канферэнцыі, умешваецца ў дзяржаўныя і гаспадарчыя справы і іншае.

Уладзімір Кавалёнак на адной з сесій Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання, 1991 год. Злева: Інэса Драбышэўкая. Крыніца: http://vytoki.net

Артадаксальныя камуністы сустрэлі ініцыятыву негатыўна. 18 чэрвеня 1991 года Малафееў абвінаваціў Лукашэнку ў «глумленні» з КПБ. Партыйны кіраўнік выказаў упэўненасць, што ніхто з чальцоў БНФ не зрабіў бы так у адносінах да Фронту, як гэта робіць камуніст Лукашэнка ў дачыненні да КПБ.

Аднак з’яўленне «Камуністы Беларусі — за дэмакратыю» была бурай у шклянцы. Яна знікла гэтаксама хутка, як і паўстала, а яе чальцы абмежаваліся толькі гучнымі заявамі і інтэрв’ю.

Нягледзячы на тое, што КПБ у чэрвені 1991 года абараніла свае пазіцыі, яе лёс у СССР быў вырашаны. Абраны 12 чэрвеня 1991 года на пасаду прэзідэнта Расіі Барыс Ельцын ужо 20 ліпеня 1991 года падпісаў указ аб забароне ў дзяржаўным сектары РСФСР дзейнасці арганізацыйных структур палітычных партый і рухаў.

Пасля жнівеньскага путчу КПБ усё ж прыйшлося зазнаць хоць і часовую, але забарону дзейнасці. Заканадаўча гэта было аформлена ў адмысловай пастанове ад 25 жніўня 1991 года, якую Вярхоўны Савет адмяніў 3 лютага 1993 года.

«Уся прэзідэнцкая раць»

Пры абмеркаванні парадку дня чацвёртай сесіі ВС Беларусі 12-га склікання 21 мая 1991 года старшыня камісіі па пытаннях працы Саветаў народных дэпутатаў і мясцовым самакіраванні (з 1992 года — камісія па дзяржаўным будаўніцтве) Уладзімір Леўчык агучыў сапраўдны панегірык прэзідэнцкай уладзе: «Надо усилить исполнительную власть, если будет парламент — это прозябание, а президент — решительный шаг навстречу возрождению духовных сил нации, президент — это достойное будущее; пост президента — не дань моде, а общественная необходмость».

Наконт увядзення прэзідэнцтва парламентары падчас працы чацвёртай сесіі падзяліліся на тры плыні. Адны лічылі, што трэба абраць прэзідэнта з ліку дэпутатаў Вярхоўнага Савета на парламенцкай сесіі. У такім выпадку тэрмін паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы працягваўся б да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў парламента. Такую ідэю настойліва лабіраваў будучы выканаўчы сакратар СНД Іван Каратчэня.

Другая частка была ўпэўнена, што прэзідэнт павінен быць абраны ўсенародна. У пачатку чэрвеня 1991 года ў «Народнай газеце» выступілі ажно адзінаццаць дэпутатаў, сярод якіх найбольш вядомымі былі Васіль Далгалёў і Анатоль Лябедзька. Падпісанты катэгарычна заявілі, што абранне прэзідэнта на сесіі ВС — палітычная авантура і дзяржаўны пераварот.

Астатнія народныя абраннікі рашуча выступілі супраць прэзідэнцкай пасады наогул. Гэта была парламенцкая апазіцыя БНФ і іншыя найбольш вядомыя дэпутаты, напрыклад, Віктар Ганчар, які ў будучым, наадварот, стане палымяным прыхільнікам прэзідэнцтва. 21 мая 1991 года праціўнікі прэзідэнцкай пасады заклікалі зняць гэта пытанне з парадку дня. Аднак іх ініцыятыву падтрымалі толькі 118 парламентарыяў пры кворуме ў 173.

У артыкуле «Чаму наменклатура за прэзідэнта», апублікаваным у чэрвені 1991 года ў «Народнай газеце», Зянон Пазьняк імкнуўся давесці, што ў рэспубліцы глеба для ўвядзення прэзідэнцкай пасады не падрыхтаваная. На думку кіраўніка БНФ, трэба было спачатку карэнным чынам рэфармаваць парламент, сістэму мясцовага кіравання і самакіравання і іншае.

19 чэрвеня 1991 года за прыняцце праекта закона «Аб прэзідэнце Беларускай ССР» за аснову прагаласавалі ажно 203 дэпутаты. Пры далейшым галасаванні перамагла групоўка тых, хто выступаў за ўсенароднае абранне прэзідэнта. За гэта прагаласавалі 189 парламентарыяў. А вось прэзідэнта «з парламенту» падтрымаў 141 дэпутат.

У сувязі з падзеямі жніўня 1991 года актуальнасць прэзідэнцтва ў Беларусі адышла на другі план, а ў далейшым пытанні, звязаныя з увядзеннем гэтага інстытута, вырашаліся ў Канстытуцыйнай камісіі ВС.

Мітынг ля Дома Ураду ў Мінску супраць падпісання Саюзнага дагавора, лета 1991 года. Крыніца: http://vytoki.net

Чыё ем, таго і слухаю

Бадай, адным з самых раздражняльных момантаў у савецкім грамадстве з’яўляліся шматлікія прывілеі дзяржаўным чыноўнікам і партапаратчыкам. Адчуваючы настроі ў грамадстве, ВС 12-га склікання наважыўся на такі крок, як стварэнне 22 чэрвеня 1990 года часовай камісіі па прывілеях, якую ўзначаліў вядомы журналіст Іван Герасюк. Камісія зазнала шматлікія перашкоды ў працэсе дзейнасці, а Вярхоўны Савет упарта не жадаў скасоўваць наменклатурныя прывілеі.

Таму, па выніках справаздачы Івана Герасюка 27 лютага 1991 года, які прапанаваў рэальны механізм ліквідацыі прывілеяў, ВС прыняў даволі аморфную пастанову: даклад часовай камісіі прымаўся да ведама, Савету Міністраў даручалася прааналізаваць дзеючае заканадаўства і г.д.

Але на страйкавай хвалі дэмакратычным дэпутатам удалося зноў падняць пытанне пра прывілеі. 21 чэрвеня 1991 года адпаведная пастанова Вярхоўнага Савета была больш канкрэтнай: упарадкавалася выкарыстанне ўрадавых лецішчаў і ўрадавай сувязі.

Зянон Пазьняк, маючы на ўвазе кампартыю і камсамол, унёс прапанову, якая забараняла карыстанне ўрадавай сувяззю грамадска-палітычным арганізацыям. Гэту прапанову падтрымалі толькі 74 дэпутаты.

Прадстаўнік парламенцкай апазіцыі БНФ Сяргей Антончык 21 чэрвеня 1991 года прапанаваў прыняць пастанову, паводле якой мясцовыя выканаўчыя органы ўлады павінны былі на працягу 1991 года праверыць правамернасць выдзялення жытла дзяржаўным і партыйным асобам за апошнія тры гады. У адрозненні ад Зянона Пазьняка, Сяргей Антончык набраў 71 голас у сваю падтрымку.

«Лето страстей политических» 1991 года, здавалася, павінна было скончыцца перамогай партнаменклатуры. Аднак жнівеньская спроба дзяржаўнага перавароту паставіла крыж на яе перспектывах і адначасова дала надзею на сапраўдныя дэмакратычныя пераўтварэнні ў грамадстве. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя...

Аляксандр Кур’яновіч, «Новы Час»

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках