25 красавiка 2024, Чацвер, 10:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як прайшла самая грандыёзная «ноч выканання жаданняў» у Беларусі

2
Як прайшла самая грандыёзная «ноч выканання жаданняў» у Беларусі

Журналісты распавялі, як лавілі «знічкі» пад Чэрвенем.

«Учора нам паабяцалі «да 150 метэораў за гадзіну» і «самы гожы зарапад года». Мы не маглі прапусціць такую падзею і, сеўшы ў аўтамабіль а 10-й вечара, паехалі "лавіць" Пэрсэіды», - піша журналіст tut.by Дзмітрый Смірноў.

Метэорны струмень - гэта астранамічная з'ява, выкліканая ўварваннем у атмасфэру нашай планеты вялікай колькасці метэорных целаў, спароджаных выкідамі рэчыва з ядраў камет або астэроідаў. Яны трапляюць у атмасфэру Зямлі і згараюць у ёй, выклікаючы яскравыя выбліскі, якія мы называем «знічкамі».

Метэорны струмень Пэрсэіды народжаны часцінкамі рэчыва, пакінутымі пасля пралёту каметы Свіфта-Тутля. Максімум гэтага метэорнага струменю прыпадае на 12 жніўня, падчас якога назіраецца блізу 80-100 знічак на гадзіну.

«Над Менскам (ды і над кожным іншым вялікім местам) сфатаграфаваць знічкі праблематычна праз вялікую колькасць «лішняга» святла. Таму лепш ад'ехаць кіламэтраў на 30-40 ад паселішча, а яшчэ лепш - зладзіць фотапаляванне каля якой-небудзь прыгожай мясціны. Што мы і зрабілі, паехаўшы ў Чэрвеньскі раён, за 100 км ад сталіцы», - працягваюць аповед журналісты.

Стары бровар, Валадута

«Першым месцам, дзе мы наважылі паспрабаваць «злавіць» Пэрсэіды, стаў стары, разбураны бровар у вёсцы Валадуце. Яго пабудавалі яшчэ да рэвалюцыі, на пачатку мінулага стагоддзя. Бровар і вінакурня знаходзіліся крыху наводдаль ад панскага дома, ля ручая.

Цяпер ад старых каменных будынкаў засталіся толькі руіны. Дабраўшыся да іх па зарослай прасёлкавай дарозе мы быццам трапілі ў стары закінуты пескавы кар'ер.

Насыпы і грудкі пяску са слядамі вусеняў, скрозь якія ўжо паспела прарасці пустазелле, ціхі гоман вады за броварам і процьма камароў, узрадаваных нечаканым з'яўленнем смачнай позняй вячэры, - вось што мы ўбачылі тут апоўначы.

Нягледзячы на абяцаныя «да 150 метэораў на гадзіну», асаблівай чыннасці на небе мы не заўважылі. Толькі раз на 3-4 хвіліны цемру разрывала зыркае святло знічкі, але ж яе трэба было яшчэ злавіць!

Падчас чакання мы ледзь было не пазнаёміліся з тутэйшым жыхаром, мабыць, пабуджаным тлумам і святлом аўтамабіля. «Хто тут?» - крыкнуў дзесьці непадалёк хрыплы мужчынскі голас. Цішыня ў адказ прымусіла незнаёмца знікнуць, а мы перайшлі на шэпт, каб больш не нэрваваць тубыльцаў.

Праз паўгадзіны мы ўсё ж такі здолелі злавіць у аб'ектыў метэор.

Ужо вяртаючыся па пескавых узгорках назад да самахода, мы ўбачылі яшчэ адзін, гэтым разам вельмі моцны выбліск проста над галовамі. Гэта была самая зыркая знічка на нашай памяці, якая, на жаль, і застанецца толькі ў памяці», - сцвярджае журналіст.

Палац Слотвінскіх, Раванічы

«Да гадзіны ночы мы дабраліся да другога пункту - сядзібы Слотвінскіх у вёсцы Раванічах. Штатыў з фотаапаратам мы ўсталявалі ля «Белага дома» - некалі палаца ў цэнтры маёнтка, пабудаванага яшчэ ў 1859 годзе.

Цяпер былы палац знаходзіцца ў жаласным стане і абгароджаны дзіравым плотам. Тут нам давялося крыху пачакаць - у суседнім аднапавярховым будынку падыходзіла да канца вясковая дыскатэка, і па адзінай дарозе адтуль, якая праходзіць акурат каля нас, пачалі раз'язджацца старэнькія «фальксвагены» і «рэно», што развозяць моладзь па хатах.

Выслухаўшы напрыканцы разам з далучаным да нас вожыкам гіт Linkin Park «In the End» і паназіраўшы хітрую схему таемнага ўжывання моладдзю нейкага хмельнага напою з схаванай пад акном дыскатэкі 1,5-літровай пластыкавай ёмістасці, мы нарэшце былі гатовыя да другога кола фотапалявання.

Але, здаецца, пік зарападу ўжо прамінуў. З прыкрасцю прапусціўшы вельмі зыркую бліскавіцу проста над дахам палаца падчас пераналадкі фотаапарата, нам давялося задаволіцца невялікай знічкай. Вось яна - справа ад будынка.

Паглядзеўшы на прыгожае зорнае неба яшчэ паўгадзіны, мы наважылі вяртацца ў Менск - было ўжо амаль 3 гадзіны ночы.

Хай у кадр мы злавілі толькі два метэоры, затое жаданняў за ноч загадалі на год наперад. Акурат да наступных Пэрсэід у жніўні 2018», - заканчвае аповед аб чароўнай ночы журналіст.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках