20 красавiка 2024, Субота, 4:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

632 гады таму была падпісаная Крэўская унія

1
632 гады таму была падпісаная Крэўская унія

Саюз Польшчы і ВКЛ дапамог абодвум народам справіцца з агрэсіяй Тэўтонскага ордэна і стварыць самую моцную дзяржаву Еўропы.

Пасля смерці Альгерда трон ВКЛ заняў ягоны малодшы сын Ягайла. Баючыся суперніцтва свайго дзядзькі - князя Кейстута, ён затачыў яго ў вежы Крэўскага замка, а потым загадаў задушыць. Ягайла захаваў уладу, але яе не прызналі ні сын Кейстута Вітаўт, ні полацкі князь Андрэй Альгердавіч.

У гэты час суседняе з нашай дзяржавай Польскае каралеўства (Карона) перажывала надта цяжкі перыяд сваёй гісторыі. Краіна засталася без кіраўніка, а каралеве Ядзвізе было ўсяго трынаццаць гадоў. Польшчы пагражала заваёва немцамі і страта незалежнасці.

У такіх варунках многія з буйных польскіх феадалаў бачылі выхад у альянсе сваёй дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім. Тым больш што гэты хаўрус забяспечыў бы палякам спакой і на межах з Княствам, войска якога толькі за адзін пераможны паход у 1376 годзе вывела з Польшчы 23 тысячы палонных. Паводле акта уніі, падпісанай 14 жніўня 1385 года ў Крэўскім замку, Ягайла атрымаў права ажаніцца з польскай каралевай Ядзвігай і стаць каралём Польшчы.

Крэва. Руіны знакамітага замка. Мастак Напалеон Орда.

Дзеля гэтага ён абавязваўся прыняць каталіцтва і ахрысціць у яго братоў, сваякоў і іншых падданых, якія вызнавалі паганства, заплаціць велізарную суму грошай (200 тысяч фларынаў) за зрыў пагаднення аб шлюбе Ядзвігі з Вільгельмам Габсбургам, а таксама вызваліць палонных хрысціян-палякаў.

Але галоўнае тое, што Ягайла павінен быў аб'яднаць землі Вялікага Княства Літоўскага і Кароны Польскай.

У наступным, 1386 годзе, Ягайла хрысціўся ў Кракаве паводле каталіцкага абраду, ажаніўся на Ядзвізе і быў каранаваны пад імем Уладзіслава II, паклаўшы пачатак каралеўскай дынастыі Ягелонаў. Яшчэ праз год у каталіцтва было ахрышчана паганскае насельніцтва Вялікага Княства. Ягайла выдаў указ, які даваў шляхце (баярству) дадатковыя вольнасці і правы пры ўмове прыняцця каталіцкай веры.

Нягледзячы на розныя ацэнкі Крэўскай уніі гісторыкамі, яна не прывяла да страты незалежнасці ВКЛ, якое было аб'яднанае з Каронай персанальнымі (дынастычным) дамовамі, што маюць патрэбу ў пацверджанні кожны раз пры заняцці прастола новым манархам. Затое унія дазволіла аб'яднаць вайсковы і эканамічны патэнцыял дзвюх краін у барацьбе з нямецкай агрэсіяй, што ў выніку прывяло да вялікай перамогі 15 ліпеня 1410 года над Тэўтонскім ордэнам пад Грунвальдам.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках