19 красавiка 2024, Пятніца, 17:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кошт свабоды

34
Кошт свабоды

Лёс краіны сёння - справа кожнага з нас.

«Памятаеце чым вышэйшы попыт, тым ніжэйшы кошт, які трэба плаціць за свабоду», - Станіслаў Ежы Лец.

Так ужо здарылася, што ва ўсяго на свеце ёсць свой «кошт». У тым ліку, і ў права на свабоду сходаў у нашай краіне.

Пакуль гэты кошт невялікі. За свабоду і незалежнасць даводзілася плаціць і большым. І чым вышэйшы на іх попыт, тым большы шанец адбараніць іх без крыві, без гвалту. Мірна. Для гэтага трэба, каб нас пачулі, убачылі, што мы не толькі здольныя страчыць у «Фэйсбуку» і «Вконтакте», але і гатовыя абараніць сваю пазіцыю на вуліцах нашых гарадоў. І нас павінна быць шмат. У вызначальны момант на вагах гісторыі можа не хапіць аднаго каменя, адной пясчынкі.

Шкада толькі - ніхто і ніколі не ведае загадзя, калі менавіта наступіць той лёсавызначальны момант для прыняцця рашэння. Зразумець гэта, як правіла, атрымліваецца пазней. Гэта тычыцца любой сітуацыі, у тым ліку незалежнасці краіны. Можа ўсё гэтым разам і абыдзецца. Можа, лысы карлік, што развязаў вайну ў Грузіі і бойню на Данбасе, цяпер абмяжуецца «паказваннем мускулаў» на вачах заходніх «партнёраў», а можа, і не. Толькі вось потым, калі пачнецца агрэсія, крычаць «сыдзіце» будзе нашмат складаней і да таго ж - недастаткова.

Летнія акцыі пратэсту супраць вучэнняў «Захад-2017» зрабілі сваю справу. Вынікам стала пільная ўвага да арганізацыі манеўраў як у Беларусі, так і за мяжой.

21 ліпеня БНК заклікаў правесці Акцыю папярэджання магчымай агрэсіі, запланаваўшы яе на 8 верасня - дзень перамогі нашых продкаў у бітве пад Воршай. Гэта наш шанец паказаць, які наш «попыт» на свабоду і незалежнасць, і сёння паўдзельнічаць у фармаванні заўтрашняга «кошту».

Дыктатар і ягоная банда таксама на свой лад пачалі падрыхтоўку да гэтых «таргоў». Завочныя суды, прэвентыўныя арышты, штрафы... Паводле дзеянняў дыктатуры яскрава бачна каго і чаго менавіта яна баіцца. Ну на самай справе, якая пагроза зыходзіць ад тых, хто просіць на «пратэст» дазвол? З імі схема адпрацаваная: «Можна мы выступім за незалежнасць краіны? Не? Ну і добранька».

Дыктатару хочацца, каб усе сталі такімі. Каб вылазілі толькі па камандзе як яго любімыя марыянеткі. Як у манапалізаваных СМІ. Як на хлуслівых «выбарах». «Цень ведай сваё месца!» - здзекліва рагоча ўлада, атрымліваючы «заяўкі на пратэст» і прапаноўваючы выцерціся паперкай з «адмовай». Яны не баяцца тых, хто гатовы прамаўчаць, баяцца толькі тых, хто здольны на ўчынкі. На салідарнасць, на выбар дзе, калі і які кошт плаціць за свабоду. Дыктатар хоча, што б у фармаванні «кошту» незалежнасці нашай краіны ўлічвалі толькі яго пазіцыю. Ён думае толькі пра сябе.

Але лёс краіны - справа кожнага. Бо тое, што адбудзецца пасля, закране ўсіх. Зараз самы час агледзецца і зразумець, хто ты. Чалавек ці цень? Калі чалавек здольны вырашаць і плаціць цану за сваё рашэнне - твой шлях зразумелы. Калі цень - застаецца моўчкі чакаць світання, якое наблізяць іншыя.

Максім Вінярскі, «Фэйсбук»

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках