25 красавiка 2024, Чацвер, 13:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Станкевіч: Абараняць Беларусь сёння ёсць каму

15
Алесь Станкевіч: Абараняць Беларусь сёння ёсць каму

Тыя, хто сёння выходзіць на вулічныя акцыі, заўтра будуць абараняць незалежнасць краіны.

Маёр беларускага войска ў адстаўцы Алесь Станкевіч у інтэрв'ю сайту Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу распавёў пра прысягу «Беларускага згуртавання вайскоўцаў» (БЗВ) і пра пагрозы, якія нясуць вучэнні «Захад-2017».

- Сёлета спаўняецца 25 гадоў знакамітай прысягі на вернасць Беларусі, якая прайшла 8 верасня 1992 года. Вы памятаеце гэты дзень?

- 8 верасня - Дзень беларускай вайсковай славы, гадавіна перамогі войска Вялікага княства Літоўскага над маскоўскімі захопнікамі пад Воршай у 1514 годзе. Таму менавіта ў гэты дзень было арганізавана прыняцце прысягі на вернасць незалежнай Беларусі. Гэта падзея адбылася ў 1992 годзе. Навабранцы на той момант ужо прымалі прысягу, тэкст якой быў зацверджаны Вярхоўным Саветам. Афіцэры ж заставаліся пад прысягай Савецкаму Саюзу, бо ішлі ў войска яшчэ да яго знікнення. Гэта выклікала сур'ёзную занепакоенасць у тых людзей, якія разумелі, што такое вайсковая служба.

Спачатку пытанне аб прыняцці прысягі ўздымалася ў друку. Мы тлумачылі, навошта і наколькі гэта неабходна. Была прынятая пастанова, што менавіта 8 верасня, у Дзень беларускай вайсковай славы, будзе арганізаваная грамадская прысяга на вернасць Беларусі. На плошчы Незалежнасці сабраліся тысячы людзей. Было шмат афіцэраў, сяржантаў, радавых, вайскоўцаў запасу. Шмат хто ў параднай форме. Былі людзі з іншых гарадоў Беларусі. Пасля на плошчу выйшлі 12 афіцэраў на чале з Мікалаем Статкевічам. Выступілі Зянон Пазняк, Міхась Ткачоў, Васіль Быкаў. Адбылося ўрачыстае прыняцце прысягі - спачатку яе тэкст зачытаў Мікалай Статкевіч перад строем афіцэраў - чальцоў БЗВ, пасля пад тэкстам паставілі подпісы вайскоўцы, што былі на плошчы.

- Нават па фатаграфіях і відэакадрах зразумела, што гэта было захапляльнае відовішча...

- Гэта была сімвалічная, але вельмі важная акцыя. Людзі, якія прыйшлі на плошчу, засведчылі сваю вернасць Беларусі і гатоўнасць абараняць яе незалежнасць.

Для мяне тая акцыя - галоўная, вышэйшая падзея ў маім афіцэрскай лёсе. Я прымаў прысягу СССР яшчэ курсантам, а цяпер даваў клятву роднай Беларусі. Гэта было вельмі важна і для мяне, і для маіх сяброў, якія былі тады побач. Я памятаю 8 верасня 1992 года як мерапрыемства, якое дало падставу для гонару ўсім яго ўдзельнікам. Яшчэ раз падкрэслю, тая прысяга застаецца для мяне самой знакавай.

- Цяпер многія беларусы занепакоеныя праз расейскую агрэсію ва Украіне і будучых супольных вучэннях у Беларусі. Наколькі небяспечнае правядзенне манеўраў «Захад-2017» для нашай краіны?

- Прысутнасць чужога войска ў незалежнай краіне заўсёды нясе пагрозу. Гэта зразумела нават школьніку. А калі ўлічыць, наколькі неадэкватнае і хлуслівае кіраўніцтва суседняй дзяржавы, усё можа павярнуцца ў небяспечны бок. Трэба быць гатовым да рознага развіцця падзей. Небяспека ёсць і небяспека сур'ёзная. Колькасць расейскіх войскаў, якія будуць браць удзел у вучэннях, занадта вялікая. Яны могуць пакінуць іх тут пасля, спаслаўшыся на саюзніцкія дамовы, напрыклад для аховы мяжы або нейкіх аб'ектаў.

- Тады, у 1992 годзе, вам было зразумела, як абараняць незалежнасць краіны. Што рабіць сёння? Ці ёсць каму абараніць краіну ў выпадку агрэсіі?

- Мне ўжо 70 гадоў, у найлепшым выпадку магу быць кансультантам, дарадцам. Важна, што справа, якая была зробленая тады, дала свае парасткі. Я гляджу на сённяшнюю моладзь, на тых, хто выходзіць на вулічныя акцыі, хто будзе на плошчы 8 верасня. Я бачу іх погляды і рашучасць і разумею, што сёння абараняць краіну ёсць каму.

Сёння ёсць тыя людзі, якім неабыякавы лёс краіны, якія разумеюць небяспеку, што перад ёй стаіць. Ёсць з каго браць прыклад - з тых, хто перамагаў пад Воршай, хто спыняў захопнікаў і да гэтага, і пасля. Упэўнены, што сярод сённяшняй моладзі, якая ведае гісторыю, якой неабыякавы лёс краіны, дастаткова людзей, якія будуць абараняць Беларусь - такім жа чынам, як абаранялі ад Івана Жахлівага або ад Гітлера. Змагацца за свабоду і незалежнасць усім грамадствам. Адзінае, чаго хацелася б ім пажадаць - здароўя і ўпэўненасці. Не здавайцеся і не складайце крылы!

Нагадаем, 8 верасня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску а 19.00 пачнецца Акцыя папярэджання з патрабаваннем скасавання вучэнняў «Захад-2017».

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках