29 сакавiка 2024, Пятніца, 17:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі хочуць увесці начны «сухі закон»

55
У Беларусі хочуць увесці начны «сухі закон»

Міністэрства аховы здароўя прапануе рэалізоўваць алкаголь толькі з 9 да 23 гадзін.

Міністэрства аховы здароўя прапануе абмежаваць час продажу алкаголю, у тым ліку і піва, ва ўсёй краіне і рэалізоўваць яго толькі з 9 раніцы да 23 гадзін вечара. Пасля гэтага часу яго могуць прадаваць толькі ў кавярнях і рэстарацыях. Пра гэта журналістам распавёў галоўны нарколаг Міністэрства аховы здароўя Іван Канаразаў, піша tut.by.

Паводле ягоных слоў, над праектам нарматыўна-прававога акта ў ліку іншых працуюць МУС і МАРТ. Міністэрства аховы здароўя свае прапановы ўнесла яшчэ ў красавіку гэтага года.

- Мы разам з МУС адсочвалі статыстычную інфармацыю. Ёсць выразная давадная база, што ў большай ступені злачынствы ўночы і познім вечарам звязаныя з ужываннем алкаголю. Іх учыняюць ўжо п’яныя людзі, - тлумачыць Іван Канаразаў.

Нагадаем, што ў мінулым годзе ў праекце антыалкагольнага ўказа ўжо была прапісаная забарона на продаж спіртнога з 22.00 да 9.00. Акрамя таго, у крамах плошчай больш за 400 кв м алкаголь прапаноўвалася купляць толькі ў спецыяльных аддзелах. Аднак указ пакуль не прыняты.

Улетку 2015 года ў Менску дзейнічалі часовыя абмежаванні на продаж спіртных напояў. З сярэдзіны чэрвеня да канца жніўня алкаголь прадавалі ў гандлёвых пунктах з 9.00 да 22.00. Пасля нарады, на якой Лукашэнка раскрытыкаваў урад за нясмелую абарону ўнутранага рынку алкаголю, «начны сухі закон» скасавалі.

Пры гэтым паводле звестак САЗ, у 2016-м беларусы выпілі 16,4 літра алкаголю на чалавека, і гэта другое месца ў свеце пасля Літвы. Паводле інфармацыі Белстата, у мінулым годзе ў нас прыпадала 8,8 літра на душу насельніцтва. Звесткі адрозніваюцца, бо Белстат дае паказчык продажаў алкаголю. САЗ, улічваючы ацэнкі экспэртаў, выводзіць паказчык спажывання алкаголю. Пры гэтым паказчык продажаў разлічваецца на ўсё насельніцтва, а спажыванне - з улікам груп, якія выпіваюць. Людзей ва ўзросце ад 0 да 15 гадоў тут не лічаць.

На дыспансерным уліку ў краіне на 1 жніўня 2017 года стаіць амаль 164 500 хворых алкагалізмам. Пры гэтым у Менску - блізу 35 тысяч чалавек.

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках