28 сакавiка 2024, Чацвер, 12:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навошта Google набыў беларускі стартап, які перафарбоўвае валасы на фота

15
Навошта Google набыў беларускі стартап, які перафарбоўвае валасы на фота

Напраўду беларускія распрацоўшчыкі здзейснілі тэхналагічны прарыў.

Карпарацыя Google набыла невялікую беларускую IT-кампанію AIMatter. Стартап, заснаваны ў Менску, быў вядомы перш за ўсё праграмай для смартфонаў Fabby, якая ўмее перафарбоўваць валасы на фота.

Журналісты euroradio.fm паспрабавалі разабрацца, навошта Google купіў беларускі стартап, які перафарбоўвае валасы на фота. Перш за ўсё, трэба адзначыць, што для пошукавага і Android-гіганта Fabby - гэта толькі дэманстрацыя тэхналогій, якія распрацоўвае AIMatter. Пры дапамозе гэтай праграмы беларусы давялі, што могуць навучыць штучны інтэлект «разумець», што знаходзіцца на фота.

Гэта называецца «кампутарны зрок» - сфера штучнага інтэлекту, якая дазваляе кампутарам распазнаваць аб'екты на фота і апрацоўваць іх. Нейронавыя сеткі імкнуцца «глядзець» на здымкі чалавечымі вачыма, а вышэйшы пілатаж - навучыць іх ацэньваць і апрацоўваць выявы хутчэй і больш старанна, чым гэта робяць людзі. Сайт TechCrunch сцвярджае, што Google зацікаўлены ў развіцці гэтага кірунку, і набывае AIMatter, каб з яго дапамогай прадаўжаць уласныя распрацоўкі.

«Прыкладна год назад я распавядаў у інтэрв'ю, што мы хочам зрабіць так, каб можна было запускаць нейронавыя сеткі наўпрост на мабільным тэлефоне, - кажа пра AIMatter Tut.by адзін з заснавальнікаў праекта Юрый Мельнічак. - І хай у такіх сетак абмежаваная магутнасць (яны не больш «разумныя», чым мозг мурашкі), але магчымыя вельмі розныя выкарыстанні. Мы выпусцілі некалькі забаўляльных праграм, якія дэманструюць незвычайныя выкарыстанні, напрыклад, выразанне фону і перафарбоўванне валасоў».

«Мы стварылі вельмі эфектную тэхналогію сегментацыі валасоў на струменевым відэа, - дадае CEА праекта Андрэй Кулік. - Яна таксама працуе непасрэдна на мабільнай прыладзе. Мы прадэманстравалі яе на прыкладзе падбору колеру прычоскі ў праграме Fabby Look. Таксама AIMatter атрымала поспех у галіне паляпшэння якасці выяваў пры дапамозе штучнага інтэлекту».

Як Google будзе выкарыстоўваць тэхналогіі AIMatter, пакуль незразумела. Супрацоўнікі беларускай кампаніі адказаў на гэтае пытанне не даюць. Дарэчы, TechCrunch мяркуе, што большасць супрацоўнікаў AIMatter пяройдзе працаваць у Google. Дзе яны пры гэтым будуць знаходзіцца геаграфічна, таксама не вызначана, аднак выданне адзначае, што сёння ў AIMatter працуюць спецыялісты з Менска, Сан-Францыска і Цюрыха.

Чуткі пра ўгоду хадзілі яшчэ ў траўні, але афіцыйнае пацверджанне з'явілася толькі сёння. Умовы, на якіх Google набыў беларускую кампанію, не паведамляюцца. Вядома, што праграма Fabby, у якой на гэты момант ужо ёсць больш за 2 млн запамповак, будзе прадаўжаць працаваць.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках