29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крык душы выпускніцы Магілёўскага ўніверсітэта

73
Крык душы выпускніцы Магілёўскага ўніверсітэта

У інтэрнаце ад завода на Шаркаўшчыне Ганна Дзенісюк змагла пражыць толькі чатыры дні.

У чэрвені Ганна Дзенісюк скончыла Магілёўскі ўніверсітэт харчавання. Спецыяльнасць — тэхналогія захоўвання і перапрацоўкі харчовай расліннай сыравіны. Па размеркаванні выпускніцу накіравалі ў гарадскі пасёлак Шаркаўшчыну, майстрам на кансервавы завод. Маладому спецыялісту прадпрыемства абяцала дапамагчы з жыллём, але ў пакоі, які далі Ганне, яна змагла пражыць усяго чатыры дні, піша tut.by.

24 ліпеня Ганна прыехала ў Шаркаўшчыну паводле размеркавання, 25-га прыступіла да працы.

— Я загадзя патэлефанавала галоўнаму інжынеру, ён сказаў, што яны мяне вельмі чакаюць і рыхтуюць усе ўмовы, — распавядае Ганна. — Я ехала з намерам застацца.

ПАКОЙ, ЯКІ ДАЛІ АНІ Ў ІНТЭРНАЦЕ, ВЫГЛЯДАЕ НЯДРЭННА

Малады спецыяліст расказвае, што ў заяўцы, якою даслала прадпрыемства ва ўніверсітэт, было напісана, што яны гатовыя даць месца ў інтэрнаце або дапамагчы са здымным жыллём.

— Я прыехала, мяне засялілі ў інтэрнат, — прадаўжае дзяўчына. — Калісьці тут была кухня, якую перарабілі пад жылы пакой. У ім ложак, тумбачка і ракавіна. Я купіла электрачайнік — вось і ўсё, што ў мяне было.

Пакой на другім паверсе выглядаў нядрэнна. Пазней прадпрыемства выдала электраплітку, абяцала дапамагчы з лядоўняй. Але праблема ў іншым — тут не было душа, і туалет — агульны.

— Тут, наколькі я разумею, блокавая сістэма, і іншыя жыхары жывуць у блоках, як у кватэрах з усімі выгодамі, — кажа Ганна. — Мне ж не пашанцавала. Добра з душам яшчэ можна было выкруціцца, свой ёсць на працы. А вось з туалетам зусім бяда. Дзверы ў інтэрнат для ўсіх адкрытыя, таму мясцовыя ператварылі прыбіральню на першым паверсе ў грамадскі туалет.

У ІНТЭРНАЦЕ Ў ГАННЫ НЯМА ДУША І ВОСЬ ТАКІ ТУАЛЕТ

Ганна спешна стала шукаць хоць нейкае здымнае жыллё. Шаркаўшчына — пасёлак не вялікі, таму арандаваць тут штосьці няпроста. У асноўным, распавядае дзяўчына, людзі, калі і прапануюць кватэры і дамы, то толькі купіць.

«Я не хачу браць грошы ў бацькоў. Сэнс тады быў вучыцца»

Але пакой Аня ўсё ж знайшла. Кошт — 50 рублёў на месяц плюс камунальныя. Гэта лепш, чым у інтэрнаце, але зноў жа без ванны і гарачай вады. Толькі ракавіна і маленькі напор.

— Я сама не з горада і разумею, што бываюць розныя ўмовы, але ўсё адно хацелася б чагосьці лепшага. І я прадоўжыла шукаць, — дзеліцца перажываннямі выпускніца. — Знайшла нядрэнную кватэру за 150 рублёў плюс камунальныя. І ў мінулы чацвер туды пераехала.

ПРАЗ ЧАТЫРЫ ДНІ ГАННА ПЕРАЕХАЛА Ў ПАКОЙ ЗА 50 РУБЛЁЎ

Заробак, які абяцалі Ганне на прадпрыемстве, — 350 рублёў. Кватэру дзяўчына сама не цягне, дапамагаюць мама з татам.

— Але я не хачу браць грошы ў бацькоў, — прадаўжае яна. — Сэнс тады быў вучыцца, а цяпер працаваць. Я звярнулася на прадпрыемства, папрасіла дапамагчы і кампенсаваць хоць частку аплаты. Яны сказалі, патрэбная дамова арэнды. Гаспадыня кватэры — за. Я паведаміла пра гэта дырэктару. Ён адказаў: «Будзем тэлефанаваць у Полацк, пытацца» (завод з'яўляецца філіялам Полацкай універсальнай базы — Заўв.). Амаль тыдзень прайшоў, што яны вызначылі, я не ведаю.

Цяпер Ганна шукае месца і хоча пераразмеркавацца.

— Цяпер пры ўсякай магчымасці я пытаюся, ці дадуць мне на прадпрыемстве адмову, яны кажуць — не, — прадаўжае выпускніца. — У прынцыпе, праца на прадпрыемстве мне падабаецца, але вельмі хочацца развязаць пытанне з жыллём.

З САНТЭХНІКАЙ У АРЭНДАВАНЫМ ЖЫЛЛІ ЗА 50 РУБЛЁЎ ТАКСАМА СПРАВЫ ІДУЦЬ НЕ ВЕЛЬМІ ДОБРА

— А да размеркавання вы спрабавалі шукаць працу?

— Так, але размеркаванне ў нас было ў красавіку, а працу я знайшла пазней — у Менску на прадпрыемстве, якое займаецца спецыямі, — распавядае Ганна. — Я спытала ў дэканаце, ці магу я пераразмеркавацца, бо ў Шаркаўшчыне я яшчэ не была, кантракт не ўкладала. Мне растлумачылі: падпісала дакументы на размеркаванне, таму павінна развязваць гэтае пытанне з кансервавым заводам.

«Калі чалавек адмовіўся ад нашай прапановы, гэта ўжо ягоныя складанасці, як ён будзе аплачваць»

На прадпрыемстве кажуць, што маладому спецыялісту прадставілі інтэрнат, таму аплачваць арэнду здымнага жылля ў іх няма падстаў.

— У пакоі, які мы ёй далі, мы паклеілі, пафарбавалі. Тут ёсць туалет, вада і ўмовы для жыцця, — распавядае Таццяна Казарына, спецыялістка ў кадрах філіяла «Шаркаўшчынскі кансервавы завод» ПУП «Полацкая ўніверсальная база».

— Са слоў Ганны, туалет тут, уважай, грамадскі.

— Гэта інтэрнат — тут не заўсёды можа быць асабістым туалет.

— Ці можа прадпрыемства дапамагчы Ганне і кампенсаваць частку платы за здымную кватэру?

— Калі мы далі інтэрнат, на якіх падставах мы будзем аплачваць кватэру? — прадаўжае спецыялістка ў кадрах. — Арэнда жылля аплачваецца ў тым выпадку, калі мы не даем інтэрнат. А калі чалавек адмовіўся ад нашай прапановы, гэта ўжо ягоныя складанасці, як ён будзе аплачваць.

Што тычыцца магчымага пераразмеркавання, то, кажуць на прадпрыемстве, пісьмовай заявы ад Ганны з гэтай нагоды ім не паступала.

— Ды і як мы можам пераразмеркаваць чалавека, калі нам патрэбны спецыяліст, — рэзюмуе Таццяна Казарына. — І мы яго заказвалі за два гады.

Напісаць каментар 73

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках