29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Слуцкі камбайнер: На айчынным камбайне рэкордаў не паставіш

25
Слуцкі камбайнер: На айчынным камбайне рэкордаў не паставіш

Чаму жніво ў нас называюць бітвай?

Камбайнер Юрый Андрэенка першы на Случчыне намалаціў тысячу тон збожжа. «Прыемна быць перадавіком, - кажа ён. - Але ўсё-такі вялікая заслуга ў гэтай справе належыць тэхніцы. На айчынным камбайне рэкордаў не паставіш».

Чаму жніво ў нас называюць бітвай, колькі выпадае паспаць удзельнікам жніва і якую заплату яны бяруць за сваю працу? Пра гэта і шмат што іншае карэспандэнту «Кур'ера» распавёў Юры Андрэенка, камбайнер з 20-гадовым стажам.

Цяпер Юрый працуе на нямецкім камбайне Lexion 580. «Параўноўваць беларускі і нямецкі камбайн - гэта як параўноўваць «Жыгулі» і «Аўдзі». Хоць майму «немцу» ўжо 12 гадоў, ён малоціць лепш за ўсіх айчынных», - кажа камбайнер.

На сон паўчварта гадзіны

Рэжым працы падчас жніва збожжавых, якое доўжыцца прыкладна тры тыдні, у Юрыя з дня ў дзень аднолькавы:

04.30 – абуджэнне, сняданак, праца ў гаспадарцы;

05.00 - выезд на працу, падрыхтоўка камбайна да працы: прадзьмуць, вышмараваць;

08.00 - выезд на палетак, праца з перапынкамі на абед і вячэру;

23.00-23.30 - вяртанне дадому, праца ў хаце і гаспадарцы;

01.00 - сон.

Падчас жніва аграрыі працуюць без выхадных.

За змену Юрый абмалочвае 30 гектараў, за ўсё жніво - блізу 600 га.

Працуюць і ў цемры. У Lexion 580 галагенавыя фары. «Едзеш і свецішся як калядная ялінка. Усё вакол відаць. Як удзень», - кажа камбайнер.

Харчаванне: плачу траціну

Абед і вячэру за дзень каштуе 12 рублёў, з іх 8 рублёў аплачвае гаспадарка, 4 рублі - вылічваюць з камбайнера. У абед кормяць супам і гарачай стравай, на вячэру даюць сухі рацыён, напрыклад, агурок, хлеб, каўбасу. Часцей за ўсё гэта харч Юрый нясе дадому, бо есці ў спякоту не хочацца. Падчас працы ён захоўвае яе ў лядоўні пад крэслам.

«Лягчэй за ўсё працуецца з раніцы пасля адпачынку. Спаўдня становіцца цяжэй, а ўвечары - зусім дрэнна, - адзначае Юры. - За стырном думаю пра ўсё: пра сям'ю, як дома што зрабіць, аб працы, калі кіроўца прыедзе зерне забраць».

Прыймальнік у камбайне наладжаны на «Юмор-FМ», часам Юрый слухае навіны. «Але часцей за ўсё інфармацыя ідзе фонам, бо трэба слухаць машыну: што грукае, што за гук, якая памылка», - кажа ён.

Юрый усталёўвае ў кабіне +22, але калі хоча узбадзёрыцца - зніжае да +15. «Аднойчы клімат-кантроль зламаўся, у кабіне было +60 градусаў, - успамінае Юрый. - душыўся, але працаваў. Інакш ніяк».

Зараблю і выкуплю дом

На жніве Юрый плануе зарабіць не менш за 2000 рублёў. Тарыфы такія: за намалочаную тону плацяць 70 капеек. Ён ужо намалаціў больш за 2000 тон, то бок зарабіў 1400 рублёў.

Заробленыя грошы Юрый хоча выдаткаваць на выкуп дома ў аграфірмы «Лучнікі».

Пасля жніва Юрый плануе ўзяць тры дні, каб упарадкаваць гаспадарку: выкапаць бульбу, пакасіць бур'ян, які вырас за час жніва. І вядома ж, выспацца.

Пасля адпачынку яго чакае жніво кукурузы, пасеў азімых, рамонт тэхнікі. Тарыфы за гэтую працу будуць зусім іншыя - блізу 800 рублёў на месяц.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках