19 красавiка 2024, Пятніца, 8:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Гішпаніі абясшкодзілі групоўку, якая ўчыніла тэракты

У Гішпаніі абясшкодзілі групоўку, якая ўчыніла тэракты

Тэрарыстычная групоўка ў Барселоне складалася з 12 чалавек.

Падчас расследавання тэрактаў у Барселоне і Камбрыльсе знішчаная тэрарыстычная групоўка, адказная за гэтыя напады, заявіў у суботу, 19 жніўня, міністр унутраных спраў Гішпаніі на прэс-канферэнцыі ў Барселоне Хуан Ігнасія Саіда. Паліцыя мяркуе, што тэрарыстычная сетка складалася з 12 чалавек, пяцёра з якіх былі забітыя пасля нападу ў Камбрыльсе, чацвёра былі затрыманыя. Вядуцца пошукі яшчэ трох меркаваных тэрарыстаў, паведамляе «Нямецкая хваля».

Пасля тэрактаў у Каталоніі Мадрыд не мае намеру павышаць узровень тэрарыстычнай пагрозы да максімальнага. Яшчэ два гады таму ў краіне быў абвешчаны чацвёрты ўзровень тэрарыстычнай пагрозы з пяці магчымых, што азначае «істотная рызыка тэракту». Разам з тым, паводле слоў кіраўніка МУС Гішпаніі, пасля тэрактаў 17 жніўня ўзмоцненыя захады бяспекі ва ўсёй краіне. Пра якія менавіта захады ідзе гаворка, Саіда не паведаміў.

Між тым тэрарыстычная арганізацыя «Ісламская дзяржава» ўзяла на сябе адказнасць за тэракты ў Барселоне і Камбрыльсе. «Жаўнеры халіфата» ўчынілі напады на хрысціян і габрэяў, параніўшы і забіўшы агулам больш за 120 чалавек, заявіла групоўка 19 жніўня ў Telegram. Раней тэрарысты ўжо заявілі пра сваю адказнасць за напад у Барселоне.

Следства сумняваецца ў віне галоўнага падазраванага

Тым часам каталонскае следства сумняваецца ў тым, што за стырном аўтафургона, які заехаў у натоўп людзей на вуліцы Рамбла, сапраўды знаходзіўся 17-гадовы Муса Укабір, застрэлены пазней паліцыяй у Камбрыльсе. Дагэтуль ён уважаўся за галоўнага падазраванага ў непасрэдным выкананні тэракту.

«Гэта адна з магчымасцяў, але да гэтага моманту яна губляе сваю вагу», - заявіў кіраўнік каталонскай паліцыі Жазеп Луіс Трапера. З ягоных слоў, цяпер няма дастатковых довадаў таго, што Укабір знаходзіўся за стырном аўтафургона. У гэты момант паліцыя вядзе пошук 22-гадовага мараканца, брата аднаго з забітых у Камбрыльсе.

Яшчэ 54 пацярпелых у шпіталях

Праз два дні пасля тэрактаў у Каталоніі ў лякарнях застаюцца 54 чалавекі, з іх 50 у Барселоне і чатыры ў Камбрыльсе, паведаміла каталонская служба неадкладнай дапамогі. Дванаццаць пацыентаў знаходзяцца ў крытычным стане, яшчэ 25 атрымалі цяжкія раненні. Сярод параненых шмат замежнікаў. Напрыклад, паводле звестак МЗС ФРГ, у выніку тэрактаў пацярпелі 13 немцаў.

Нагадаем, 17 жніўня аўтафургон заехаў у людзей на пешаходнай вуліцы Рамбла ў цэнтры Барселоны. У выніку загінулі не менш за 13 чалавек, яшчэ 130 былі параненыя. Праз некалькі гадзін пасля гэтага ў Камбрыльсе ў 100 кіламетрах на поўдзень ад сталіцы Каталоніі група зламыснікаў спрабавала прарвацца на аўтамабілі да пешаходнай зоны. Але аўтамабіль перавярнуўся, а ў перастрэлцы з паліцыяй тэрарысты былі забітыя. Пазней у лякарні памерла жанчына, якую збіў аўтамабіль зламыснікаў. Увечары 18 жніўня стала вядома, што сярод іх быў і кіроўца аўтафургона, які заехаў у натоўп пешаходаў у Барселоне.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках