29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віталь Портнікаў: Для расейскага кіраўніцтва важна не асваенне, а ўтрыманне тэрыторыі

5
Віталь Портнікаў: Для расейскага кіраўніцтва важна не асваенне, а ўтрыманне тэрыторыі
ВІТАЛІЙ ПОРТНІКАЎ
ФОТА: FACEBOOK

Урад РФ практычна ператварыў анэксаваны Крым у руіны.

Ёсць дакладная сімволіка ў тым, што менавіта ў той дзень, калі Уладзімір Пуцін і Дзмітрый Мядзведзеў знаходзіліся ў Крыме, прыйшлі новыя паведамленні пра адключэнні электраэнэргіі на анэксаваным Расеяй паўвостраве. Адна справа - ускладаць кветкі да мемарыялаў і наведваць оперныя фестывалі, і зусім іншая - дамагчыся інфраструктурных паляпшэнняў. Менавіта гэтага ў Крыме за тры з лішнім гады, якія прайшлі з часу далучэння паўвострава да Расеі, і не адбылося, - піша ўкраінскі журналіст Віталь Портнікаў для «Радыё Свабода».

Крым і за час знаходжання ў складзе Украіны адмысловымі поспехамі ў стварэнні сучаснай інфраструктуры не адрозніваўся. І таму, што гэтымі поспехамі не адрознівалася ўся астатняя Украіна, і таму, што нават на яе фоне Аўтаномная рэспубліка Крым вылучалася засіллем крымінальных кланаў, якія дзялілі паміж сабой паўвостраў да самай расейскай акупацыі, ды так і засталіся ва ўладзе і пасля. У гэтым, уласна, заўсёды палягала сутнасць няпісаных дамоўленасцей паміж Кіевам і Сімферопалем: мы не ўмешваемся ў вашы справы, а вы забяспечваеце стабільнасць на тэрыторыі «кармлення». Крымская аўтаномія ва Украіне была перш за ўсё аўтаноміяй крыміналітэту - і для таго каб дамагчыся змен да лепшага, было дастаткова ад гэтага крыміналітэту пазбавіцца.

Расейская анэксія толькі ўмацавала пазіцыі крымінальных кланаў. У той час як астатняя Украіна пасля 2014 атрымала рэальны шанец змяніцца, Крэмль у літаральным сэнсе слова закансерваваў Крым, пакінуўшы яго ў руках разнастайных Аксёнавых, Канстанцінавых і іх маскоўскіх куратараў. Як кіравалі паўвостравам разнастайныя крымскія кланы ва ўкраінскія часы, мы добра ведаем. Чаму нешта павінна змяніцца да лепшага цяпер? Ці Крым апынуўся ў складзе краіны, у якой выкараненая чыноўніцкая карупцыя, насельніцтва кантралюе ўладу, не пілуюцца бюджэтныя грошы, не надаюцца магчымасці сябрам кіраўніка дзяржавы? Чым які-небудзь Ротэнберг, які атрымаў магчымасць асвоіць грошы на крымскі мост, адрозніваецца ад Януковіча-малодшага або каманды выхадцаў з Данецкай вобласці, якія высадзілася ў Крыме пасля 2010 года? Пра якія перамены да лепшага ў Крыме ў такім выпадку можа ісці гаворка?

Анэксія змяніла не толькі межы, але і натуральныя сувязі паўвострава з мацерыком

Расея з пункту гледжання развіцця Крыма сама паклала сябе на пракрустава ложа створаных анэксіяй праблем. Вада з Украіны больш не паступае, а гэта азначае, што сельская гаспадарка Крыма, якая набыла сучасны выгляд толькі пасля перадачы паўвострава ад РСФСР УССР, фактычна загадала доўга жыць. Санкцыйныя рэжымы Украіны і краін Захаду практычна пазбавілі Крым міжнароднага авіяцыйнага шляху, круізаў, чыгункі, аўтамабільных шляхоў з мацерыка, і пры гэтым улады Расеі прадаўжаюць казаць аб поспехах у турыстычнай галіне. Усё, што Крым атрымліваў натуральным шляхам праз мацярык, цяпер спрабуюць забяспечыць з дапамогай разнастайных мастоў праз мора. Але Крым не востраў, а паўвостраў. Можна як заўгодна доўга даводзіць, што прымусовае кармленне больш карыснае за звыклы прыём ежы. Але трэба разумець, што анэксія змяніла не толькі межы, але і натуральную сувязь паўвострава з мацерыком. Крым стаў «востравам» упершыню ў сваёй гісторыі, бо ніколі раней Перакоп не быў для яго ні дзяржаўнай, ні геаграфічнай, ні інфраструктурнай мяжой.

Але ёсць яшчэ адно пытанне: а ці хоча расейскае кіраўніцтва развіваць Крым? Ці патрэбна Уладзіміру Пуціну «вітрына» ягонага поспеху? Відавочна, гэта не Пуцін, а мы думаем звыклымі стэрэатыпамі савецкіх часоў, калі з ГДР спрабавалі ўсімі праўдамі і няпраўдамі зрабіць «сацыялістычную цукерку» для Захаду. Для расейскага кіраўніцтва важна не асваенне, а ўтрыманне тэрыторыі. Менавіта таму Абхазія ці Паўднёвая Асеція ляжаць у самых сапраўдных руінах і ўжо ніяк не могуць служыць прыкладам для пераймання ці хаця б умоўнай альтэрнатывай для Грузіі. У такія ж руіны «вызваліцелі» паступова ператвораць і Крым. А Уладзімір Пуцін будзе, як і раней, спакойна ездзіць на паўвостраў - адкрываць абеліскі і наведваць канцэрты. У Абхазію ж ён ездзіць.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках